У дзясятым лісце да мамы з Лондана Ганна Комар распавядае пра працу над раздзелам сваёй дысертацыі, у якім тлумачыць сабе і будучым чытачкам, чаму сімптомы посттраўматычнага разладу як наступствы хатняга гвалту раскрыліся ў яе значна пазней, калі іх стрыгерылі дзяржаўны гвалт і асабліва зняволенне. Ганна прыводзіць розныя крыніцы, якія могуць дапамагчы ёй зразумець сваіх сяброў і сябровак, якія не могуць зразумець яе: чаму яна «такая траўмаваная і чаму захрасла ў посттраўматычным разладзе».
Ганна Комар
Слухайце «Ліст № 10» на платформах для падкастаў Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro, Telegram.
Прывітанне, мамка...
Напісала вітанне і доўга гляджу ў акно, вялікае акно — ад падлогі да столі, за акном — цёмныя, вострыя абрысы дрэваў на блакітна-залатым фоне. Разам са мной у акно глядзіць сабака — Купер. Днём мы з ім бегалі па траве, гуляліся ў даганялкі, пасля ён бегаў па полі, а цяпер мы глядзім у акно. Купер — шчаслівы сабака, радасны. Я хачу быць Куперам. Шукаць у лесе фазанаў, абнюхваць барсучыныя норы, назіраць за птушкамі з цёплага лежака і нікуды не спяшацца, не мець доўгага спісу справаў. Я вяду гэтыя спісы ў адмысловым нататніку для спісаў, дадаючы і выкрэсліваючы справы каляровымі ручкамі.
Я думаю пра тое, што неба ніколі не будзе такога ж дакладна колеру, і птушкі ніколі не будуць ляцець па ім такім самым арнаментам.
Раней я ўвесь час хацела пісаць, а цяпер хачу глядзець на неба, дрэвы і птушак. Цяпер яны дапамагаюць мне больш за пісьменніцтва... Але пісьмовы тэкст застаецца найбольш уцямным спосабам, якім я магу камунікаваць з людзьмі навокал. І з табой.
Апошнія некалькі тыдняў я працавала над раздзелам сваёй дысертацыі, у якім тлумачыла, чаму сімптомы посттраўматычнага разладу як наступствы хатняга гвалту раскрыліся ў мяне значна пазней, калі іх стрыгерыў дзяржаўны гвалт, асабліва зняволенне, якім бы кароткім яно ні было. Тлумачу сабе і будучым чытачкам. Нядаўна бачыла статыстыку, згодна з якой жанчыны звычайна чытаюць кнігі, напісаныя як мужчынамі, так і жанчынамі, а мужчыны збольшага чытаюць мужчын. Таму ілюзій датычна аўдыторыі сваёй дысертацыі альбо кнігі, якая, спадзяюся, з яе народзіцца, я не маю. Але не пра гэта.
У тым раздзеле я цытую свайго сябра з Ірландыі і сяброўку з Паўднёвай Карэі. Сябар неяк на мае аповеды пра тое, як у дзяцінстве тата мяне караў увесь час за любую дробязь, біў па галаве, крычаў, ставіў у кут, адказаў: «Мяне тата таксама пару разоў ударыў, і нічога, я ж у парадку».
А сяброўка, якая шмат чытае і глядзіць матэрыялаў пра псіхічнае здароўе, якая таксама дзіцём перажыла хатні гвалт, неяк падзялілася: «Я прачытала, што ў сярэднім людзі ачомваюцца ад траўматычнай падзеі за тры месяцы...»
У выпадках, як гэтыя, я страчваю навык тлумачыць досвед словамі. У такія моманты я адчуваю прорву паміж сабой як беларускай, якая 18 гадоў пражыла ва ўмовах тэрору ў сям’і — там, дзе людзі мусяць знаходзіць бяспеку і падтрымку, ад таты — чалавека, які мусіць абараняць і дапамагаць выбудоўваць здаровыя межы. Якая 32 гады жыла ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, дзе за любы промах можна было атрымаць пакаранне. Якая ўдзельнічала ў пратэстах, што жорстка разганяліся, якая трапіла ў турму, хоць і (усяго) на дзевяць сутак. А турма — гэта ўвогуле асобная катэгорыя траўмы.
У сваёй дысертацыі я прыводжу розныя крыніцы, якія тлумачаць і падмацоўваюць фактамі і надзейнымі дадзенымі мой досвед. У навуковых тэкстах у прынцыпе такія патрабаванні: падмацоўваць напісанае табой тым, што напісалі іншыя. Спачатку я абуралася, што мой асабісты досвед і ўсё, што я назірала, жывучы ў Беларусі, — недастатковыя аргументы самі па сабе. Пасля мне спадабалася знаходзіць іншыя цікавыя тэксты, звязаныя з пытаннямі, якія я спрабую раскрыць.
Напрыклад, у кнізе «Псіхалогія дыктатуры» (у арыгінале: The Psychology of Dictatorship) прафесар Фаталі Могаддам, які сам паходзіць з Ірана, піша:
«Масы могуць выразна ўсведамляць несправядлівы характар палітычнай сістэмы, у якой яны жывуць, і нават знайсці ў сабе смеласць прадэманстраваць імкненне да рэформаў, але апынуцца задушанымі грубай сілай дыктатарскай улады. Тым, хто не зведаў гэтага задушша, цяжка нават уявіць маштабы ціску з боку дыктатур».
Я дадаю некалькі сказаў да дысертацыі і далучаю зноску на прафесара, абавязкова пазначыўшы нумар старонкі з цытатай.
Але гэтая інфармацыя хутчэй мусіць дапамагчы мне зразумець сваіх сяброў і сябровак, якія не могуць зразумець мяне: чаму я такая траўмаваная і чаму захрасла ў посттраўматычным разладзе.
Я таксама не аднойчы задавала сабе гэтыя пытанні, і я вельмі ўдзячная, што мне трапляюцца тэксты, якія сёе-тое тлумачаць. Напрыклад, Джудзіт Герман, псіхіятарка, якая не адно дзесяцігоддзе дапамагала жанчынам, якія перажылі сэксуалізаваны і хатні гвалт, аўтарка кнігі «Траўма і вылечванне. Наступствы гвалту: ад асабістага здзеку да палітычнага тэрору» (у арыгінале: Trauma and Recovery: The Aftermath of Violence — From Domestic Abuse to Political Terror) тлумачыць, што:
Па-першае, розныя людзі рэагуюць на адныя і тыя ж траўматычныя падзеі па-рознаму.
Па-другое, гэтая рэакцыя мае мала агульнага з асабістымі чалавечымі якасцямі.
Па-трэцяе, чым большы маштаб траўмавальных падзей і чым даўжэй яны цягнуцца, тым мацнейшы ўрон ад іх.
Акрамя таго, наступствы ад гвалту, перажытага ў блізкіх стасунках, складаней пераадолець, чым, напрыклад, няшчасныя выпадкі, якімі б сур’ёзнымі яны ні былі.
І нарэшце, на тое, як развіваецца посттраўматычны разлад ад маштабных гвалтоўных падзей (а наш 2020-ты падпадае пад гэтую катэгорыю) непасрэдна ўплывае гісторыя гвалту ў дзяцінстве.
У іншай кнізе — пра ўплыў хатняга гвалту на дзяцей (Pearson et al., Making an Impact: Children and Domestic Violence: A Reader) — пішуць, што сімптомы ПТСР у дзяцей, якія перажылі ці назіралі хатні гвалт, могуць праявіцца значна пазней. Джудзіт Герман дадае, што сімптомы, якія, здавалася, сціхлі, могуць абудзіцца, калі нешта моцнае нагадае пра першапачатковую траўму.
Гвалт, які я назірала і пражыла ў 2020-м, стаў велізарным трыгерам. Я дагэтуль не жыву паўнавартасным жыццём, хоць амаль чатыры гады знаходжуся ў бяспецы.
Алана Гебрэмарыям, актывістка і былая палітзняволеная, у нядаўнім інтэрв’ю «Люстэрку» распавяла пра псіхалагічныя наступствы калоніі для сябе. Яна кажа пра тое, што ПТСР акурат і раскрываецца тады, калі мы трапляем у бяспеку, і можа цягнуцца гадамі ды дзесяцігоддзямі. Яна вучыцца з ім жыць і не спрабуе вярнуць сябе мінулую — бо гэта наўпрост немагчыма.
Для мяне адным з наступстваў зняволення (хоць і кароткага) стала тое, што пісьмо больш не даецца мне проста і не з’яўляецца лекавальным працэсам. Хутчэй калупаннем ран. Але я не даю сабе права спыніцца, пакуль не распавяду сваю/нашую праўду.
Джудзіт Герман піша, што «ўспамінаць і распавядаць праўду пра жудасныя падзеі неабходна для таго, каб змог адбыцца працэс аднаўлення сацыяльнага парадку і асабістага вылечвання ахвяраў». Можа быць, калі я дапішу гэтую гісторыю, то змагу нарэшце проста глядзець на неба і бегаць па траве са шчаслівым сабакам. А можа, у наступным жыцці нараджуся сабакам, які будзе бесклапотна ганяцца па полі, шукаць фазанаў і абнюхваць барсучыныя норы.
А кім ты хацела б быць у наступным жыцці?
Твая дачушка
Слухайце «Ліст № 10» на платформах для падкастаў Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro, Telegram.