Чыя памяць прадстаўлена ў беларускай гарадской прасторы. Вынікі даследавання

Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў даследаванне «Гарадскі мемаратыўны ландшафт: чыя памяць прадстаўлена ў беларускай гарадской прасторы» на прыкладзе помнікаў, манументаў ды іншых памятных аб’ектаў абласных цэнтраў Беларусі. Паводле вынікаў даследавання, катастрофе на Чарнобыльскай АЭС прысвечаны толькі тры аб’екты, а большасць помнікаў — савецкія.


Пад увагай даследчыкаў апынуліся мемаратыўныя аб’екты ў абласных цэнтрах Беларусі:

— Помнікі і манументы;
— Мемарыяльныя шыльды і знакі;
— Жанравыя скульптуры і кампазіцыі.

Усяго 1065, прыблізна па 200 аб’ектаў на адзін абласны цэнтр.

Паводле аўтара даследавання, гісторыка Андрэя Мастыкі, абсалютная большасць з тысячы помнікаў, шыльдаў і мемарыяльных знакаў у абласных цэнтрах Беларусі — савецкія.

І храналагічна тры чвэрці мемарыяльных аб’ектаў прысвечаныя 20 стагоддзю.

pomniki

Беларускі гістарычны наратыў заўважны сярод мемаратыўных аб’ектаў, прысвечаных перыяду ад старажытнасці да XIX стагоддзя, але такіх аб’ектаў не вельмі шмат.

pomniki

У кожным абласным цэнтры Беларусі ёсць Уладзімір Ленін, а ў Гомелі — нават пара дзясяткаў аб’ектаў, звязаных з правадыром камуністаў. Толькі Гродна з абласных гарадоў не мае помніка рускаму паэту Аляксандру Пушкіну.

pomniki

pomniki

У абласных гарадах ёсць цэлых два Янкі Купалы і адзін Уладзімір Караткевіч. Якуба Коласа ў абласных цэнтрах Беларусі не ўшанавалі, гэтак жа сама як і Францыска Скарыну.

Дзіўна, але катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, што закранула ўсю Беларусь, прысвечаныя толькі тры аб’екты ў беларускіх абласных гарадах.

pomniki

Затое ў Брэсце ёсць помнік, які Андрэй Мастыка назваў самым дзіўным сярод тых, якія патрапілі пад увагу даследчыкаў. Гэта памятны знак «У гонар і на славу ўдзельнікаў стварэння ядзернага шчыта Савецкага Саюза». Ён прысвечаны вайскоўцам з Брэсцкага гарнізона, якія ўдзельнічалі ў ядзерных выпрабаваннях пад Свярдлоўскам (Екацерынбургам) ад сярэдзіны 50-х да канца існавання СССР.

pomnik jadzerny szczyt Brest
Памятны знак у гонар удзельнікаў стварэння ядзернага шчыта ў Брэсце

Андрэй Мастыка кажа, што ў беларускім мемаратыўным ландшафце заўважны падзел па лініі Захад-Усход. Так, у Гродне і Брэсце заўважная памяць пра Заходнюю Беларусь, КПЗБ і падзеі 1939 (не толькі савецкія, але і польскія). У Гродне ёсць «польская памяць». А вось Гомель і Магілёў маюць больш саветызаваны ландшафт памяці, а таксама заўважная прысутнасц расійскага гістарычнага наратыву і ўкраінскі элемент. Пры гэтым Магілёў — пакуль адзіны беларускі горад, дзе ўшанавалі нядаўна ўведзены ўладамі Дзень народнага адзінства 17 верасня.

Калі ж казаць пра «спецыялізацыю» гарадоў на ментальнай мапе памяці, то Брэст мае «самую мілітарызаваную мемаратыўныю прастору (ад руска-японскай вайны да афганскай) і найбольшую колькасць памятных аб’ектаў Вялікай Айчыннай вайны».

Мемаратыўны ландшафт Віцебска найбольш напоўнены аб’ектамі, прысвечанымі культуры: мастацтву (Марк Шагал і віцебская школа), музыцы (хутчэй, поп-культуры, бо вялікі ўплыў аказаў «Славянскі базар»), літаратуры.

Даследчык кажа пра «нацыянальны» характар мемаратыўнай прасторы Гродна, дзе прадстаўлена старажытная гісторыя Беларусі, ушанаваныя Грунвальдская бітва, паўстанні, і ў якім, паўторым, няма Пушкіна, але ёсць Купала. Што праўда, у апошні час у Гродне знік аб’ект у гонар паўстанцаў 1863 года, і, магчыма, гэта не адзіная страта, якая чакае мемаратыўны ландшафт гэтага горада з улікам абставін.

pomnik 1863 prybrany uladami u Hrodnie
Фота зніклага памятнага аб’екта ў гонар паўстанцаў 1863 года ў Гродне

Што да саветызаванай памяці, то, як заўважыў Андрэй Мастыка, іх менш станавіцца не будзе, прынамсі, бліжэйшым часам: «Зараз ідзе разварот — дзяржава актыўна ўключае гэтыя помнікі ў сваю ідэалогію, праводзяцца розныя мерапрыемствы ля іх, піянеры, суботнікі, мітынгі, ізноў дасталі тэму рэвалюцыі і г.д.».

Андрэй Мастыка таксама паведаміў, што наступным прадметам даследавання ў сферы мемаратыўнага ландшафту Беларусі могуць стаць найменні вуліц нашых гарадоў.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org

Чытайце яшчэ:

Вынікі даследавання: толькі 16% гараджан падтрымліваюць павелічэнне колькасці беларускамоўных гадзін у школе за кошт скарачэння рускамоўных