Хто думае, што цяперашнія ўлады нашае краіны змагаюцца выключна зь беларускамоўнымі сьведамымі беларусамі, той глыбока памыляецца. Як немагчыма сядзець пасярод ракі і, у адрозьненьне ад астатніх, заставацца сухім, гэтак і тут — прылятае ўсім: і беларусам, і палякам, і беларускамоўным, і расейскамоўным, і нацыянальна арыентаваным, і прасавецкім. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік тлумачыць пасьлядоўнасьць гэткай, здавалася б, непасьлядоўнасьці сучаснага беларускага Молаху.
Калісьці, у далёкім гарадзенскім юнацтве, мы зь сябрамі зьбіралі па навакольных вёсках фальклёр і ўспаміны пра ранейшыя часы. Дыктафон спраўна круціў магнітафонную касэту, мы жавалі прапанаваныя гасьціннымі гаспадарамі прысмакі, а старыя вяскоўцы, прыхіліўшыся да плоту й закаціўшы вочы, згадвалі сваю маладосьць і сьпявалі пра сухі дуб у зялёным гаёчку і дзярэўню маю дзераўляную.
І толькі калі напрыканцы мы прасілі суразмоўцаў падзяліцца сваімі дадзенымі для пашпартызацыі сабранае інфармацыі, многія са старых, упершыню за ўсю сустрэчу, недаверліва зыркалі на нас, нейкіх незразумелых «гарацкіх», і аднекваліся: маўляў, я вось вам імя-прозьвішча сваё назаву, а заўтра — паеду на белыя мядзьведзі!
Быў яшчэ адзін складнік нашых размоваў зь вяскоўцамі, які нязьменна выклікаў у іх нэгатыўныя эмоцыі — успаміны пра тое, як у іх усталёўвалася «савецкая ўласьць». «Прышлі нас асвабаждаць, гавораць. Асвабадзілі — ад працы, ад сваёй зямлі, загналі ўсіх у калхоз, — злаваўся адзін зь дзядоў. — А хто іх, тых "асвабадзіцяляў", прасіў нас асвабаждаць?»
Бабця ж з суседняй хаты са сьлязьмі на вачох распавядала пра камсамольцаў, якія прыйшлі былі ў вёску і ўначы папілавалі ўсе крыжы, пазьдзіраўшы перад гэтым зь іх ручнікі-абярэгі.
«Нічога сьвятога», — горка ўздыхалі старыя.

Валера Руселік каля каменнага герба Рэчы Паспалітае, які доўгі час валяўся як непатрэбшчына каля Старога замка ў Горадні, 2008 г. Фота з архіву аўтара
Пры гэтым трэба разумець, што сьвятое — гэта ж ня толькі пра рэлігію, пра хрысьціянства. Але і пра шырэйшае — пра мараль. Набрыдзь з усходу і раней непрыемна ўражвала, дый цяпер працягвае ўражваць — менавіта адсутнасьцю якіх-колечы маральных асноваў. Хай ты й вораг, хай не прымаеш нашых поглядаў і нашых каштоўнасьцяў, але ж мусіш мець, урэшце, хоць нейкія ўласныя! Павінна ж у цябе быць нейкая свая сыстэма каардынатаў, каб можна было хоць неяк зразумець і патлумачыць твае дзеяньні: маўляў, робіш тое і тое, ну бо вось гэтае ўважаеш за праўду і справядлівасьць, а тое — рашуча не прымаеш.
Зрэшты, спробы сфармаваць хоць нейкую сыстэму каардынатаў за ўсходняй мяжой былі і ёсьць. Як тут не прыгадаць тойсама культ Пабеды, які дайшоў у Расеі да свайго апагею — пабедабесія. І які цяпер залівае наш Край.
Вось толькі, калі разабрацца, што сьвятога ў той Пабедзе? Можа кансэрва і кавалак мыла (чаго ж безь вяроўкі?) забытым усімі вэтэранам раз на год — на тле пампэзных парадаў і даражэзных салютаў? Альбо пераапрананьні выхаванцаў дзіцячых садкоў у савецкіх партызанаў і нацысцкіх жаўнераў і пастаноўкі расстрэлаў імі адзін аднаго? А можа эратычныя вечарыны і стрыптыз-віншаваньні з «Днём Пабеды»?

Гарадзенскія стрыптызэркі на Кургане Славы ў Горадні і афіша аднаго з гомельскіх клюбаў. Каляж аўтара
Ну ці вось вам нядаўні прыклад. У гомельскім цырку паказалі праграму да 80-годзьдзя перамогі над Нямеччынай. З канямі, мядзьведзямі і марскімі ільвамі, штурмам Райхстагу, акрабатамі і трыюмфальным парадам — усё як мае быць! Пастаноўку, прывезеную ў Беларусь расейцамі, зьбіраюцца круціць да канца лістапада.
Трэба ж убіць у галовы мясцовым, што вайна — гэта не зьнямелае ад болю і жаху «ніколі зноў», а бліскучае і радаснае «можем повторить». Вайна — гэта ж весела, аць-два! Але-оп, і ты — у акопе! Але-оп, і ты — у магіле. Ну, апошняе — гэта калі яшчэ пашчасьціць, і калі зьдзічэлыя сабакі, гэтак мала падобныя да цыркавых, не расьцягнуць цябе па безыменных палях і ярах. Трах-цібідох, і вакол цябе скачуць рознакаляровыя блазны і загарэлыя цыцухі ў пілотках набакір! Сьпявай, душа народная! Гуляй, рваніна! Усе на фронт!
Вядома ж, можам паўтарыць, ёпта! А як жа ж інакш!

Прыдарожны ўказальнік каля вёскі Пабеднае (былая Ракаедаўшчына). Фота dzr.by
Вось толькі чамусьці мне здаецца, што зь нямногіх яшчэ жывых сёньня вэтэранаў наўрад ці б хтосьці хацеў, каб тое крывадушнае мыла на «Дзень Пабеды» яму падарыла размаляваная паўголая дзяўчына ў стрынгах колераў георгіеўскай стужкі. Альбо каб перапэцканы бутафорскай крывёю праўнук з цацачным аўтаматам бегаў па хаце і крычаў «тра-та-та-та!» і цягнуў прадзядулю ў цырк: маўляў, хадзем, там сёньня Пабеду паказваюць!.
Той самы, пра які яшчэ 120 гадоў таму наш Пясьняр напісаў:І вось гэтае прыроднае разуменьне таго, што насамрэч ёсьць добрае, а што — злое, разуменьне маральнасьці як сапраўднае сьвятасьці, якое сядзіць у нас, беларусах, недзе глыбока-глыбока, глыбей нават за мову і гістарычную памяць — вось яно й падсілкоўвае маю асабістую веру ў тое, што рана ці позна ўсё ў нас зноўку будзе добра. І якое лучыць нас усіх — і беларускамоўных, і расейскамоўных — у адзін народ.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
То бок жыць нармальна, па-людзку. З павагаю да сябе і да іншых. Жыць гэтак, каб пра цябе ніхто не сказаў: «Нічога сьвятога!»
Валера Руселік, Budzma.org