У вашым доме жыве маленькі ўраган 3-6 гадоў, за якім немагчыма паспець? Ваш гарэза і тут, і там, і яшчэ ў трох месцах адначасова, няспынна балбоча, пачынае і закідвае сотню справаў, не даводзячы да завяршэння аніводную?
Мы прапануем 5 ідэй наконт таго, чым можна заняць дзетак (і не толькі), каб развіваць уседлівасць, крыху прыпыніць гэты адвечны рухавік і даць магчымасць адпачыць тым, хто навокал.
Ідэя 1. Казка ў небе
Ці гулялі вы ў дзяцінстве ў такую гульню: прыдумай казку па аблоках? Калі ў вас з’явіўся маленькі гарэза, самы час успомніць пра яе. Усё вельмі проста — глядзім на аблокі і кажам, што ці каго мы там бачым.
Спачатку гэта могуць быць самыя простыя аб’екты: рыба, шафа, гара. Але прыгледзьцеся ўважліва, яшчэ ўважлівей... І вы ўбачыце казачны палац з вялікім цмокам на ўваходзе, вясёлага дэльфінчыка і прыгажуню-русалку, асілка ці чароўнага аднарога. Самае цудоўнае — аблокі ўвесь час мяняюцца. Таму можна не проста пабачыць герояў, а і прыдумляць захапляльныя гісторыі пра іх!
Спачатку навучыце сваю малечу фантазіраваць, углядаючыся ў аблокі. Для гэтага распавядзіце, што ці каго бачыце вы, патлумачце чаму. А пасля запытвайце: «А што/каго бачыш ты?» І тут вельмі важна ўважліва выслухаць адказ, паспрабаваць таксама ўбачыць тую ж карцінку. Пачынайце з простых і знаёмых прадметаў, жывёл. А пасля пераходзьце да больш складаных персанажаў і гісторый пра іх.
Такую гульню можна выкарыстоўваць як на вуліцы, так і дома ля акна. Галоўнае — каб на небе былі аблокі. Можна гуляць удваіх, а можна і вялікай кампаніяй, ладзячы спаборніцтвы на самую цікавую гісторыю.
Ідэя 2. Вечаровы рытуал
Вельмі часта актыўных дзетак складана пакласці спаць. Зазвычай увечары ў іх прачынаецца неабходнасць пабегаць, паскакаць, пабіцца падушкамі і заняцца іншымі рухавымі справамі.
Паспрабуйце завесці такую традыцыю: перад сном 15-20 хвілін ціха пасядзець, паглядзець на агеньчык свечкі. Выключыце святло, зручна ўладкуйцеся побач з дзіцем. Можна піць гарбату (цёплае малако) пры свечках. Можна расказваць ціхім голасам чароўныя казкі. Можна дзяліцца ўражаннямі ад мінулага дня. А можна разам памарыць пра штось цудоўнае! Галоўнае — прыцемкі, жывы агонь, ціхі голас створаць спакойную і ўтульную атмасферу.
Такія «вячоркі» будуць не толькі спрыяць хуткаму засынанню, але і дапамогуць стаць бліжэйшымі адно аднаму, лепш зразумець свайго гарэзу. У такой атмасферы можна дзяліцца сакрэтамі і патаемнымі марамі, расказваць пра тое, што хвалюе, натхняе. І, вядома, на гэты чароўны час неабходна адключаць (альбо вынесці з пакоя) усе знешнія раздражняльнікі: радыё, тэлебачанне, смартфоны і да т.п.
Ідэя 3. Смаўжыная ферма
Дзеці часта просяць завесці хатняга гадаванца, шчыра абяцаючы, што ўсе клопаты пра яго возьмуць на сябе. Але жывая істота — не цацка, якую, нагуляўшыся, можна закінуць на палічку і забыцца. Смаўжыная ферма дазволіць не толькі развіць уседлівасць, але і пакажа маленькаму гаспадару, што такое клопат пра хатняга гадаванца.
Звычайны вінаградны смоўжык можа стаць цудоўным урокам клопату для малечы. Высілкаў, рэсурсаў і часу смоўжыкі шмат не патрабуюць. А калі штосьці пойдзе не так, вашых гадаванцаў заўжды можна выпусціць назад. У адрозненне ад катоў ці сабак.
Вам спатрэбіцца празрыстая скрынка (падыдзе акварыум альбо звычайны пластыкавы бокс) з накрыўкай, невялічкая ёмістасць з вадой. Знайсці гадаванца можна ў бабулі на гародзе, у садзе ці на беразе ракі. А падчас дажджу — і проста на дарозе. Карміць можна гароднінай і садавіной, салатай, бацвіннем радыскі, буракоў і да т.п. А назіраць за імі вельмі цікава, і для гэтага трэба нейкі час пасядзець спакойна.
Патлумачце дзіцяці, што гэта жывая істота, якая патрабуе яго догляду, клопату. Прычым штодзённага, а не «пад настрой». Разам пачытайце ў сеціве, як трэба даглядаць жывёліну, чым карміць. Патлумачце, што браць на рукі можна, толькі вельмі асцярожна, каб не нанесці шкоды. А таксама трэба сачыць, каб не выпаўз са сваёй скрыні і на яго ніхто не наступіў.
Такім чынам, малеча будзе прызвычайвацца да адказнасці за свайго гадаванца. А вы зможаце ацаніць, наколькі ваш гарэза гатовы да таго, каб завесці коціка ці сабачку. Смоўжык — гэта, так бы мовіць, «лайт-варыянт».
Ідэя 4. Клопат пра кніжнага героя
Калі варыянт са смаўжамі вам ніяк не пасуе, можна замяніць гадаванца на героя любімай казкі ці мультфільма. У такім выпадку не будзе рэальнай штодзённай адказнасці, як з жывым гадаванцам, але тут большая прастора для фантазіі. Героя можна не толькі карміць і выгульваць. Для яго можна ствараць адзенне, жытло, прыдумляць новыя гісторыі з ім.
Яркім прыкладам такога можа стаць падложкавы госць з кнігі Надзеі Ясмінскай «Сподачак для Цмока». Ён любіць канапкі з папяровымі трускалкамі і яблыкамі. Іх зрабіць і пакласці каля ложка (а калі малеча засне, прыбраць і пакінуць цыдулку са словам «Дзякуй!») не вельмі складана.
Дарэчы, такі нябачны сябра можа дапамагчы пазбавіцца начных жахаў. Калі дзіця кажа, што ў яго пад ложкам (у шафе) жыве нейкая «страха», прапануйце пасябраваць з ім з дапамогай намаляваных смачнюшак ці падарункаў. Сачыце, каб малюнкі своечасова «знікалі», а на іх месцы з’яўлялася якая-небудзь падзяка (ліст з гісторыяй, як было смачна, цукерачка ці яблык, пачак соку ці маленькая цацка — усё, што падкажа ваша фантазія).
Ідэя 5. Філасофскія размовы
Думаеце, нерэальна? Вядома, тут не маецца на ўвазе абмеркаванне сутнасці быцця. Але пагутарыць пра стасункі паміж людзьмі, пра прычыны тых ці іншых падзей у жыцці цалкам можна. Для вельмі актыўных дзетак ёсць некалькі хітрыкаў у вядзенні такіх размоў. Лепш за ўсё гутарыць падчас прагулкі. Так маленькаму гарэзу будзе лягчэй засяродзіцца на размове. А каб прагулка не ператварылася ў даганялкі, падскокі і іншыя рухавыя гульні, вазьміце з сабой якое-небудзь пітво. Гарачы шакалад, малочны кактэйль тут вельмі дарэчы. Бо немагчыма са шклянкай у руках ляцець і скакаць. Тут хочаш, не хочаш, а будзеш крочыць павольна і асцярожна.
Завядзіце сабе традыцыю раз на тыдзень рабіць такія прагулянкі і размаўляць «пра важнае». Стаўцеся да гутаркі сур’ёзна, уважліва выслухоўвайце ўсе аргументы дзіцяці. Ветліва тлумачце яму сваю пазіцыю. Няхай гэта будзе прастора, дзе малеча можа не пагадзіцца з вамі, выказаць сваё меркаванне. Ваша павага і ўвага да яго слоў, як слоў да дарослага, будзе добрым стымулам і паводзіць сябе адпаведна.
Вікторыя Лебедзева, budzma.by