Даўно хацелі павячэраць, як сапраўдны шляхціч? Дзелімся простым рэцэптам вячэры незаможнай шляхты! Гэтая сытная страва гатуецца проста, прадукты можна набыць у бліжэйшай краме, а падаваць яе лепш на кампанію.
Добры апетыт — павага да гаспадара
Добры апетыт госця сярод шляхты лічыўся прыкметай павагі да гаспадара. А калі хтосьці адмаўляўся ад ежы, то такія паводзіны маглі пакрыўдзіць гаспадара! Лічылася, што госць не паважае гаспадара, згодна тагачасным традыцыям, ежу не бралі толькі ў доме ворага. Адсутнасць апетыту гаспадар мог ніколі не прабачыць госцю і больш не пусціць нават на парог!
Шляхта заўсёды любіла паласавацца смачнымі і сытнымі стравамі, а яшчэ — прымаць гасцей. Гэта была справа гонару — добра прыняць гасцей, якія, дарэчы, маглі ў гаспадара заставацца па некалькі дзён, а то і тыдняў. А кожны прыём ежы, хоць то сняданак, хоць вячэра, быў застоллем.
Але калі гаспадар быў не надта заможным, то чым ён частаваў гасцей? Часта падавалі стравы з хатняй птушкай, кашу і разнасолы. Звычайна пры сядзібе шляхціча была гаспадарка, таму праблемы са здабычай птушкі не было. Даволі папулярнай кашай была грэчка і груца, яе аздаблялі морквай, цыбуляй і грыбамі. Кашу з птушкай гатавалі ў печы ў адным посудзе. На закуску маглі падаваць кіслую капусту, салёныя агуркі, бурак з часнаком, хрэн і хлеб.
Як прытагатаваць вячэру шляхціча?
Курыцу спачатку трэба заправіць прынадаю. У тыя часы выкарыстоўвалі цэлую курыцу, якую разбіралі на часткі. Мы вырашылі выкарыстоўваць курыныя голені, але вы можаце гатаваць з любых частак птушкі. Птушку трэба нацерці соллю, перцам, таркаваным часнаком і чырвоным салодкім перцам або папрыкаю, дадаць крыху алею, каб прынады раскрыліся. Мяса птушкі трэба пакінуць на дзве гадзіны, каб яно насыцілася прынадай, але калі госці галодныя і вось ужо чакаюць вячэру, то можна чакаць меней. Затым галёнкі трэба абсмажыць да заласцістага колеру з абодвух бакоў, такім чынам мяса пасля запякання застанецца сакавітым.
Для запраўкі кашы спатрэбіцца цыбуля, морква і сушаныя грыбы. Можна выкарыстоўваць і сырыя грыбы, але іх варта спачатку абсмажыць. Моркву і цыбулю парэзаць дробнымі кубікамі і абсмажыць на алеіі ці тлушчы. Сушаныя лясныя грыбы загадзя замачыць у кіпені на гадзіну. Замочаныя грыбы дробна парэзаць і дадаць да гародніны на патэльню літаральна на хвіліну, каб грыбы раскрылі свой водар.
У посуд для духавой шафы або печы выкласці запраўку з гародніны і грыбоў, усыпаць грэчку (або груцу), перамяшаць, уліць грыбны булён. Зверху выкласці курыныя галёнкі і запякаць пры тэмпературы 180 градусаў каля гадзіны. Пры патрэбе кашу можна раз перамяшаць. Калі адчуеце, што вадкасці замала — дадайце крыху кіпеню. Ні ў якім разе не дадавайце халодную ваду, калі гатуеце не ў металічным посудзе, посуд можа лопнуць!
Кашу з курынымі галёнкамі падаваць смачней з кіслай капустай або салёнымі агуркамі!
Смачна есці!
Нам спатрэбіцца:
Курыца — 1 кілаграм
Грэчка — 400 грамаў
Грыбны булён — 1 літр
Алей — 40 грамаў
Цыбуля і морква — па 100 грамаў
Грыбы сушаныя — 40 грамаў
Соль — чайная лыжка
Перац і папрыка — па смаку
Часнок — 2 зубкі.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.
Чытайце яшчэ: Зразы завіўныя, як у Ягайлы на сняданак. Гатуем разам з «Будзьма»