На першы погляд, у Беларусі і Грузіі, а, дакладней, Сакартвэла, не так шмат кропак скрыжаванняў: знаходзімся мы далёка адна ад адной, прырода і ландшафты розныя, ужо не кажучы пра мову, культурныя і традыцыйныя асаблівасці. Аднак, калі капнуць глыбей, мы даведаемся, што тут, напрыклад, ёсць літары «дж» і «дз», слова «кава» ў нас гучыць амаль аднолькава, і гэта ўжо не кажучы пра нашу агульную прагу да свабоды. «Тавісуплеба» — адна з найпершых каштоўнасцей у Сакартвэла.
Панарама Тбілісі. Фота Марыйкі Арловай
Пачынаючы з 2020 года гэтая краіна стала новым домам для тысяч беларусаў. Толькі па афіцыйных даных мясцовай Нацыянальнай статыстычнай службы ў мінулым годзе сюды прыехала больш за 13 тысяч нашых грамадзян. Хтосьці, крыху адпачыўшы і зрабіўшы першы глыток вольнага паветра і свабоды, паехаў далей, а іншыя засталіся. Сёння раскажам, якія цікавыя месцы беларусы самі стварылі для сябе ў Тбілісі. Як будуюць тут сваё жыццё, ладзяць бізнес і адпачынак. Так, у адрозненне ад Варшавы і Вільні, у Тбілісі не шмат такіх месцаў, але тым больш яны для нас каштоўныя. Пройдземся па некаторых з іх.
Пляцоўкі
Беларуская прастора «Кропка»
Пачнём з «Кропкі». Даволі часта яе апісваюць як каворкінг-офіс для актывістаў і актывістак, але гэта не зусім так.
Каворкінг «Кропка». Фота Марыйкі Арловай
«Кропка» стала для беларусаў тым месцам, дзе яны могуць адчуць сябе сярод сваіх, размаўляць на беларускай мове, знайсці паразуменне і, што асабліва каштоўна, шмат чаму навучыцца. Гэта вельмі крутая бясплатная адукацыйная прастора. Тут ладзяць нэтворкінг, арганізоўваюць кінапрагляды і кніжны клуб, прапануюць заняткі беларускай, грузінскай і ангельскай мовамі, гуляюць у настолкі і робяць шмат чаго іншага для дарослых і дзяцей.
Анонсы мерапрыемстваў, якія размяшчаюць загадзя кожны тыдзень, можна знайсці ў іх ТГ-канале. А каб даведацца пра дакладны адрас — звяртайся да адміністратараў прасторы таксама праз ТГ.
Адукацыйна-забаўляльная прастора «Буслік-Хаб»
Другая прастора — адукацыйна-забаўляльная — «Буслік-Хаб». Чым яна цікавая для беларусаў? Назва добра адлюстроўвае сутнасць галоўнага напрамку — дзеці. Тут ёсць садок пад узрост 3–6 гадоў на ўвесь працоўны тыдзень (з 9 да 17). Арганізавана падрыхтоўка да школы для дзетак 5–6 гадоў. Заняткі па ментальнай арыфметыцы, маляванні і тэатральная студыя, якую вядзе Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). А яшчэ зараз ладзіцца гарадскі дзіцячы летнік. Уся актуальная інфармацыя ёсць у Інстаграме і на сайце «Буслік-Хаба».
««Буслік-Хаб»». Крыніца: сайт пляцоўкі
Як знайсці?
Жыве «Буслік» на праспекце Давіда Агмашэнэбэлі, адным з найпрыгажэйшых праспектаў у гістарычным раёне Тбілісі. У 2016 годзе рэстаўрацыя праспекта атрымала найвышэйшую адзнаку ад адной з самых дасведчаных еўрапейскіх арганізацый ў галіне папулярызацыі і аховы культурнай спадчыны Еўропы — Europa Nostra. Таму ў дзетак ёсць добрая магчымасць і карысныя веды атрымаць, і глыбей пагрузіцца ў гісторыю і традыцыі новай краіны.
Віртуальная прастора «Там, дзе мы ёсць»
На пачатку траўня з’явіўся выдатны падкаст «Там, дзе мы ёсць».
Там, дзе мы ёсць, лагатып. Крыніца: ТГ-канал падкаста
Вядучыя падкаста — Каці і Маляваныч — расказваюць пра жыццё беларусаў за мяжой. Сабе і сваім суразмоўцам (пакуль выйшла толькі чатыры выпускі) яны задаюць невыпадковыя для эмігрантаў пытанні: «як мы спраўляемся, абжываемся і чаго чакаем ад будучыні». Падкасты можна знайсці не толькі на ўсіх платформах, але і на YouTube.
Б’юці-індустрыя
Догляд за валасамі, скурай і пазногцямі патрэбен кожнаму і кожнай, а вось знайсці свайго майстра ў іншай краіне бывае вельмі складана. Наша інфармацыя не толькі сэканоміць вам час, але і, спадзяёмся, дапаможа камусьці знайсці працу ці навучыцца новай прафесіі.
Б’юці-каворкінг «Artemida»
Аўтары ідэі і саўладальнікі першай сеткі б’юці-каворкінгаў у Сакартвэла — сямейная пара з Мінска Ігар і Яўгенія. Такая задумка з’явілася ў іх яшчэ падчас пандэміі і жыцця ў Беларусі, але рэалізаваць яе змаглі ўжо ў Тбілісі.
Б’юці-каворкінг «Artemida». Крыніца: інстаграм каворгінгу
Што ўяўляе з сябе каворкінг?
Прафесійна абсталяваная прастора для стылістаў, каларыстаў, майстроў манікюру і педыкюру, бравістаў, барбераў, касметолагаў і іншых. Ёсць усе патрэбныя расходныя матэрыялы (шампуні, бальзамы, фарбы і шмат чаго іншага). Тут можна не толькі арандаваць файную працоўную прастору па гадзінах, калі, напрыклад, у вас ужо ёсць свае кліенты, але і атрымаць новую прафесію і пачаць працаваць з нуля.
Уладальнікі «Артэміды» моцна дапамагаюць майстрам і майстрыхам, з якімі супрацоўнічаюць. Гэта і прасоўванне іх праз сацсеткі, і атрыманне дадатковай прафесійнай адукацыі. Працоўныя памяшканні, укамплектаваныя ўсім неабходным, знаходзяцца па трох адрасах, і ўсе каля метро: Shavishvili, 2 (метро Важа-Пшавела), Pekini, 39 і Budapesht, 5а (метро Медыцынскі Універсітэт). А яшчэ да беларусаў і беларусак, украінцаў і ўкраінак тут вельмі добрае стаўленне і рэальная магчымасць атрымаць падтрымку і дапамогу. Акрамя таго, калі кліенты прыходзяць у каворкінг праз беларускі сэрвіс bymapka.me, то атрымліваюць зніжку — 10%.
Каворкінг для псіхатэрапеўтаў «Godna»
Другая ініцыятыва Ігара і Яўгеніі — гэта праект «Godna». Вельмі зразумелае беларусам слова, якое азначае і сутнасць іх падыходу: справа, якая робіцца добра, якасна. Гэта сетка прастораў для псіхатэрапеўтаў у пагадзінную арэнду, для правядзення сесій па асабістай, сямейнай і групавой тэрапіі.
Вельмі важна, каб падчас сустрэч, якія могуць быць афлайн ці анлайн, тэрапеўт з кліентам адчувалі сябе камфортна і бяспечна. Анлайн-фармат дазволіць пашырыць геаграфію паслуг і зрабіць іх больш зручнымі і даступнымі для кліентаў. А калі гэта нейкі сацыяльны праект, то ўладальнікі могуць зрабіць індывідуальную прапанову нават па сабекошце, бо лічаць, што прафесійная псіхатэрапія павінна быць даступнай для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу.
Зараз такі каворкінг працуе ў Тбілісі і ва Уроцлаве, але ў хуткім часе будзе пашырацца. Па спасылцы можна даведацца пра ўсе магчымасці больш падрабязна.
Стары горад. Крыніца: фота аўтара — Марыйка Арлова
Цырульны салон «Kudzerki»
Тыя, хто ведаў яшчэ па Мінску цырульны салон «Kudzerki» і сумаваў па ім у Тбілісі, будуць прыемна здзіўлены і ўзрадаваны. Зараз ён працуе і тут, па адрасе Ana Politkovskaias, 3/26. Гэта раён Сабуртало, недалёка ад станцыі метро Дзяржаўны Універсітэт. Майстры ў цырульні з розных краін, але калі вы выберыце беларускую мову для камунікацыі, то ёсць майстрыха, якая вас падтрымае ў гэтым. Запісацца і наведаць салон можна з панядзелка па суботу з 10 да 21. Уся дакладная інфармацыя і кошты ёсць у іх Інстаграме.
Касметалагічныя паслугі
За касметалагічнымі паслугамі можна звярнуцца да Юліі. Яна мае не толькі прафесійную адукацыю ў гэтай галіне, але і сапраўдную любоў да сваёй працы. З красавіка гэтага года касметалагіня пачала сваю практыку ў Тбілісі, прымае ў кабінеце ў салоне, які знаходзіцца ў раёне Сабуртало, недалёка ад метро Тэхнічны Універсітэт. Як кажа Юлія, яе падыход заснаваны на «фізіялагічных метадах амаладжэння і здаровым падыходзе да скуры».
За якімі паслугамі можна звяртацца?
За масажам твару, пілінгам (у тым ліку для век) і глыбокай чысткай і іншымі працэдурамі па дагляду. Касметалагіня вольна валодае роднай беларускай мовай і з задавальненнем на яе пераходзіць, калі гэта камфортна для кліентак і кліентаў. На першую працэдуру яна робіць зніжку для беларусаў — 20%, і ёсць сістэма абанементаў на масаж твару, куды зніжка ўжо закладзена. А калі дазваляе час працэдуры, то яшчэ можна атрымаць у падарунак маску для твару ці парафінатэрапію рук. Юлія кажа, што беларусы заўжды для яе пазнавальныя, іх вылучае ветлівасць і шчырасць, правільнасць пабудовы гаворкі і свая асаблівая, але агульная для многіх з нас, гісторыя. Мы добра разумеем і адчуваем адно аднаго, — дадае яна.
Вандроўкі
Горы і горад. Фота Марыйкі Арловай
Калі вы ўжо добра пазнаёміліся з горадам, самы час адправіцца ў вандроўку па яго «ваколіцах», ды і ўвогуле, па ўсёй неверагодна прыгожай краіне. Гэта можна рабіць самастойна, але куды лепш заручыцца падтрымкай і дапамогай дасведчанага гіда.
Фота з Інстаграму Андрэя Дубініна
За гэтым, напрыклад, можна звярнуцца да вядомага беларускага фатографа і вандроўніка Андрэя Дубініна, які зараз жыве ў Тбілісі. Яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, Андрэй стварыў «Вжух-тур». Тады кола вандровак было шырачэзным, а невялікія туры на Палессе былі не менш прывабныя, чым у далёкую Ісландыю. Так добра і цікава было ўсё арганізавана. Сёння ён сканцэнтраваў сваю ўвагу на Сакартвэла і робіць гэта на тым жа высокім узроўні, як і раней. Тут можна паглядзець расклад паходаў, даты і апісанне праграм.
Фота з Інстаграму «Honey_trip»
За вандроўкамі можна звярнуцца і да «Honey_Trip». Гэта каманда не так даўна пачала сваю працу, але ўжо мае сваіх прыхільнікаў. Вам могуць прапанаваць як групавыя (ад 1 да 15 чалавек), так і індывідуальныя паходы з Тбілісі па ўсёй краіне. Актуальны расклад на месяц можна паглядзець у іх Інстаграме. Акрамя гэтага ёсць яшчэ дзве цікавыя опцыі: можна прыняць удзел у кулінарным майстар-класе па лепцы хінкаляў і «Дзіцячай школе па выжыванні». Калі інфармацыя вас зацікавіла — звяртайцеся! Арганізатары вельмі камунікабельныя і абавязкова падрыхтуюць для вас самы добры варыянт пад ваш запыт.
Упрыгожанні «Belaruskicry»
А калі на сэрцы ўсё роўна будзе сумна, можна нагадаць сябе пра родную краіну яшчэ адным чынам. Вельмі прыгожым. Мы ўпэўнены, што многія нашы чытачы неаднаразова бачылі гэтыя кулоны з абрысам Беларусі. Дык вось, іх стваральніца таксама жыве ў Тбілісі.
Фота з Інстаграму «Belaruskicry»
Як кажа Аляксандра Куркова, заснавальніца брэнда «Belaruskicry»: «Гэта ўпрыгожанні для беларусаў, якія, як і я, ганарацца сваім паходжаннем, памятаюць, любяць і сумуюць па сваёй краіне. Асартымент на сайце ўжо даволі вялікі, і ён пашыраецца. Таму кожны зможа знайсці тое, што менавіта для яго адлюстроўвае беларускі край».
Беларусы Тбілісі ў сеціве
Галоўная беларуская суполка па Тбілісі ў тэлеграме. У суполцы больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Там можна пабачыць абвесткі пра беларускія мерапрыемствы ў Тбілісі, знайсці майстра-беларуса, каб парамантаваць нешта ў кватэры і пры патрэбе атрымаць ад суайчыннікаў параду па многіх побытавых пытаннях уладкавання ў Тбілісі.
Таксама ёсць канал у тэлеграме — Беларусы Грузіі і чат пад такой жа назвай. Канал створаны як інфацэнтр для беларусаў, якія пераязджаюць ці ўжо пераехалі ў Грузію. Там шмат інфармацыі менавіта датычна Тбілісі.
Камерцыйныя праекты беларусаў, якія прадаюць самыя розныя тавары і паслугі, можна знайсці праз старонку bymapka.me.
Чаго яшчэ не хапае беларусам у Тбілісі?
Магчыма, большага пагружэння ў культурніцкае і мастацкае асяроддзе горада.
Музейная пляцоўка. Фота Марыйкі Арловай
Каб, напрыклад, ладзілі выставы беларускіх мастакоў і мастачак, фатографаў і фатографак, і было гэта не выпадкова і часцей, чым раз на год. Каб былі нашы гіды і экскурсаводы, якія б сталі праваднікамі для беларусаў у культурнае жыццё Тбілісі. Каб рабілася гэта на беларускай мове і, мабыць, тады нас бы менш блыталі з расейцамі ці ўкраінцамі, а мы б самі мацней адчувалі сваю годнасць.
Марыйка Арлова, budzma.org