У беларусаў шмат «сваіх» мясцін у Варшаве. Хапае таксама беларускіх ініцыятыў, якія не маюць уласных пляцовак. У віртуальным свеце беларускія жыхары польскай сталіцы таксама яднаюцца. Разказваем пра некаторыя пункты на мапе рэальнай і віртуальнай беларускай Варшавы.
Пляцоўкі
Канцэрт у дворыку Беларускага дома. Фота Алены Ляшкевіч
Беларускі дом (ul. Wiejska, 13/3, ul. Kryniczna, 6) у сваім тэлеграме пазіцыянуе сябе як незалежная амбасада Беларусі ў Варшаве. Ён працуе з беларускай дыяспарай з 2012 г. Дапамагае кансультацыямі, рэпрэсаваных беларусаў падтрымлівае матэрыяльна. На базе Беларускага дома адбываюцца інфармацыйныя сустрэчы, канцэрты, трэнінгі, культурніцкія мерапрыемствы.
Фота 3. Подпіс: Беларускі моладзевы хаб. Фота Алены Ляшкевіч
Беларускі моладзевы хаб (plac Konstytucji, 6) месціцца ў тым жа будынку, дзе ў 1989 г. быў камітэт польскага руху «Салідарнасць». Месца з вялікай гісторыяй. Хаб заснаваны як студэнцкая арганізацыя, але беларусы любога ўзросту знойдуць там мерапрыемствы на свой густ: выставы, канцэрты, заняткі для дзяцей і дарослых, прэзентацыі.
Стала на базе хаба працуюць наступныя ініцыятывы: напісанне лістоў палітвязням, школа «Інклюзіўны барыста», жаночы праект «Яёсць», танцавальныя заняткі для дзяцей Javaryna Kids, тэатральная студыя, кіна- і музычная школа, чытацкі клуб. У хабе можна купіць беларускія кнігі, сімволіку і сувеніры. Сачыць за навінамі можна ў FB. Стрымы з мерапрыемстваў часта транслююцца і захоўваюцца ў youtube арганізацыі.
Цэнтр беларускай салідарнасці. Фота Алены Ляшкевіч
Цэнтр беларускай салідарнасці (ul. Oleandrów, 6/2) займаецца кансультацыяй беларусаў па юрыдычных пытаннях, арганізуе выставы, прэзентацыі і адукацыйныя мерапрыемствы. У сваім тэлеграме Цэнтр публікуе юрыдычныя парады па розных жыццёвых сітуацыях (легалізацыя ў Польшчы, афармленне дзяцей у школу і дзіцячы садок, вядзенне бізнесу, заключэнне шлюбу і да т. п.). Можна таксама атрымаць індывідуальную кансультацыю.
Каворкінг «Руху беларускай салідарнасці». Фота з сайта руху
Прастора «Руху беларускай салідарнасці» (ul. Hoża, 41/2) часта служыць памяшканнем для культурніцкіх і сацыяльных ініцыятыў. Мэта руху — яднанне беларусаў дзеля супрацы і ўзаемнай падтрымкі на карысць дэмакратычных зменаў у грамадстве. Па пазначаным адрасе знаходзіцца каворкінг, які можна выкарыстоўваць для індывідуальнай працы ці арганізацыі мерапрыемстваў. Зарэзерваваць час у каворкінгу можна на сайце арганізацыі.
Музей вольнай Беларусі. Фота Алены Ляшкевіч
Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11) мае невялікую сталую экспазіцыю з прадметаў, звязаных з беларускімі падзеямі 2020 г. У вялікай залі выставы мяняюцца. Пра адкрыццё музея мы пісалі тут. У памяшканні адбываюцца культурніцкія імпрэзы, некалькі ініцыятыў праводзяць рэгулярныя сустрэчы. Сачыць за навінамі можна ў FB праекта. Там жа пазначаюць і актуальны час працы музея на кожны тыдзень.
Адзін з пакояў каворкінгу Free Belarus Center. Фота Алены Ляшкевіч
Free Belarus Center (ul. Mokotowska, 24, офіс 64) утварыўся ва Украіне, а цяпер мае яшчэ офіс у Варшаве. Ён прапануе юрыдычныя кансультацыі, псіхалагічную дапамогу, культурныя і грамадска-адукацыйныя мерапрыемствы. Тэматыка апошніх вельмі шырокая: ад лічбавай бяспекі да сучаснага мастацтва і жаночага лідарства. Сачыць за падзеямі, якія арганізоўвае Цэнтр, можна праз афішу.
Працуе каворкінг для рэалізацыі праектаў і арганізацыі мерапрыемстваў. Падаць заяўкі на працу ў ім могуць выпускнікі_цы праграм Цэнтра, беларускія незалежныя актывісты_кі, прадстаўнікі_цы ініцыятыў, якія з’ехалі з Украіны праз вайну, журналісты_кі.
Belarus Business Center (ul. Nowy Świat, 32) — гэта праект, які рэалізуе Польскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Дапамагае беларускім кампаніям, якія рэлакаваліся ў Польшчу ці збіраюцца гэта рабіць. Кансультуюць па юрыдычных пытаннях, аб падатках, рынку працы і камерцыйнай нерухомасці. Праводзяць семінары і трэнінгі па заканадаўстве, бухгалтарскім уліку, маркетынгу, камунікацыях. Працуе каворкінг (па папярэднім запісе). Звязацца можна праз тэлеграм.
Бары і кавярні
Канцэрт у Beer Station Centrum. Фота Алены Ляшкевіч
Beer Station мае тры кропкі ў розных раёнах Варшавы: Centrum — ul. Lwowska, 17, Praga — ul. Kępna, 15/LU1, Ursynów — Aleja Komisji Edukacji Narodowej, 47/U10. У барах вялікі выбар піва. У Beer Station Centrum адбываюцца канцэрты беларускіх выканаўцаў. Сачыць за абвесткамі можна на FB. На дзвюх астатніх пляцоўках таксама часам адбываюцца культурніцкія імпрэзы: рамесныя кірмашы, кінапаказы.
Karma (Aleja 3 Maja, 15, у вежы між пралётамі моста Панятоўскага) — бар, які спачатку працаваў у Мінску, потым — у Кіеве, а цяпер пад гэтым брэндам дзейнічаюць лакацыі ў Варшаве і Гданьску. Расклад, які дае варшаўскі бар у сваім Instagram (пн — сб 18:00—??:00; нд 16:20—??:00), найлепш адлюстроўвае канцэпцыю месца — вечарынка да ўпаду. Гаспадары не пазіцыянуюць брэнд як выключна беларускі, хутчэй «мігранцкі і вегетарыянскі». Кожнага кліента тут сустракаюць як сябра.
Кавярня Kakao. Фота Алены Ляшкевіч
Kakao (ul. Grochowska, 248) — кавярня з хатняй выпечкай, якую гатуюць і прадаюць беларусы. Працуе пераважна на вынас, на месцы можна пасядзець каля барнай стойкі. З прысмакаў, якія цяжка знайсці ў Варшаве, робяць каву раф, арэшкі са згушчанінай, булачкі з дражджавога цеста. Прадаюцца цукеркі ў абгортках з малюнкамі Вольгі Якубоўскай. З беларускамоўнымі кліентамі размаўляюць па-беларуску. У інтэр’еры — беларускія календары і кнігі, бчб-акцэнты.
Ініцыятывы
Беларуская школа ў Варшаве прапануе дадатковае навучанне для дзяцей-беларусаў, якія вучацца ў 1–10 класах польскіх і іншых школ (вучні жывуць у 14 краінах свету). Выкладаюць прадметы, якіх няма ў праграмах замежных устаноў: беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі, рускую мову, сусветную мастацкую культуру, грамадазнаўства, прадмет «Чалавек і свет» (анлайн), матэматыку і іншыя па жаданні бацькоў (афлайн). Кіраўнік школы Алесь Лозка падкрэслівае, што праграма нацыянальна-арыентаваная. Афлайн-урокі адбываюцца па адрасе ul. Skierniewicka, 21. Набор у школу працягваецца круглы год. Праграма разлічана на тое, што дзіця здасьць іспыты экстэрнам у беларускай школе, калі будзе такая патрэба.
Запісацца ці атрымаць дадатковую інфармацыю можна праз е-мэйл bel.szkola@gmail.com ці па тэлефоне +48881689297.
Школа і садок «Я дома» створаныя адмыслова для беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Як паведамляе сайт ініцыятывы, увесь час працягваецца набор. У дзіцячы садок бяруць дзетак 3–6 гадоў, а ў школу — 7–14 гадоў (1–8 класы). Для старэйшых класаў прапануюць дадатковыя заняткі. Для атрымання атэстата рэкамендуюць апошнія класы скончыць у Беларусі дыстанцыйна. Навучанне базуецца на польскай школьнай праграме. Дзеці вучацца па-беларуску і па-польску. Ёсць таксама англамоўныя настаўнікі. Заняткі па рускай мове можна ўзяць дадаткова (не ўваходзяць у асноўную праграму). Школа і садок базуюцца на сістэме Мантэсоры з выкарыстаннем фінскай сістэмы адукацыі.
Садок і 1–3 класы займаюцца па адрасе ul. Królowej Marysieńki, 94a. 4–8 класы вучацца па адрасе ul. Zgody, 5.
Заняткі ў Беларускай школцы ў Варшаве. Фота са старонкі школы ў FB
Беларуская школка ў Варшаве на сваёй FB-старонцы пазіцыянуе сябе як суботняя школка для маленькіх беларусаў. Заняткі адбываюцца па адрасе ul. Sierakowskiego, 9 (адміністрацыйны раён Прага). Навучанне праходзіць у гульнёвай форме.
Вечарына Школы беларускай традыцыйнай культуры. Фота Алены Ляшкевіч
Школа беларускай традыцыйнай культуры прапануе навучанне спевам і танцам для дарослых. Заняткі па спевах адбываюцца па аўторках у 18.00–19.30 па адрасе ul. Mokotowska, 24, офіс 64. Навучанне танцам праходзіць па серадах у 18.00–20.00 па адрасе ul. Foksal, 11. Часам Школа ладзіць майстар-класы па пашыве беларускага традыцыйнага строю і спеўна-танцавальныя вечарыны. Пра яе дзейнасць мы пісалі тут і тут. Самыя актуальныя навіны — у тэлеграме Школы.
«Мова нанова» з Варшавы пакуль што не праводзіць традыцыйных для гэтай ініцыятывы заняткаў. Засяроджваецца на больш інтэрактыўных сустрэчах: размоўны клуб «Гутарок», настольныя гульні. Сачыць за навінамі можна ў тэлеграме.
Экскурсія праекта «Тр-тр-трэвэл» на Павонзкі. Фота Алены Ляшкевіч
Беларускамоўныя экскурсіі па Варшаве прапануюць ініцыятывы WarsawŠpacyr і «Тр-тр-трэвэл». Другая ў апошні час не вельмі актыўная, але летась першага лістапада сабрала на экскурсію па магілах дзеячаў, звязаных з Беларуссю, на могілках Павонзкі тры аграмадныя групы (пра Павонзкі мы пісалі тут). Таму сочым за навінамі і спадзяемся на аднаўленне пазнавальных шпацыраў! Акрамя абвестак пра экскурсіі абедзве ініцыятывы публікуюць цікавыя факты пра Варшаву, Польшчу і Беларусь.
Рамесны кірмаш у Варшаве. Фота Алены Ляшкевіч
Супольнасць рамеснікаў Craft Hand Lab праводзіць кірмашы беларускіх арт-вырабаў, майстар-класы, сустрэчы для рамеснікаў і творчых людзей. Прапануюць таксама аб’ядноўвацца для супольнай арэнды гандлёвых месцаў на польскіх кірмашах. На сайце ініцыятывы працуе анлайн-крама.
Фота Алены Ляшкевіч
Partyzanka — група валанцёраў, якая прапануе інфармацыйную і юрыдычную дапамогу ў сваім тэлеграме: публікуюць парады, працуе інфалінія. Ініцыятыва арганізуе летнікі для дзяцей рэпрэсаваных беларусаў. Нейкі час у Варшаве працавала дармовая крама, дзе кожны мог выбраць неабходныя ў побыце рэчы (адзенне, хатнія прылады і тэкстыль). Крама часова зачыненая, плануецца аднаўленне яе працы ў новым памяшканні.
Беларуская Варшава ў сеціве
Канцэрт ля сядзібы Radio Wnet. Фота Алены Ляшкевіч
Радыё Ўнэт — беларуская рэдакцыя Radio Wnet. Эфіры па-беларуску пра палітыку, грамадства і культуру. Можна паслухаць анлайн ці на 87.8 FM (Варшава): «Світанак свабоды» 6:00–7:00 па польскім часе і 7:00–8:00 па беларускім, «Жыве Беларусь уначы» 23:00–01:00 па польскім часе і 00:00–02:00 па беларускім. А таксама ў любы час на Anchor.fm. Ёсць таксама тэкставая версія. Радыё ўдзельнічае ў арганізацыі беларускіх канцэртаў, часта запрашае на эфіры варшаўскіх беларусаў.
Б*лар*ская сл*жба п*льск*га р*д*ё прапануе міжнародныя навіны, агляд польскага друку і актуальных падзей.
Варшава 36.6 — гарадскі тэлеграм-канал, аўтары якога шукаюць у польскай сталіцы адпаведнікі месцаў, сэрвісаў і актыўнасцяў, да якіх прызвычаіліся мінчукі, і робяць кароткія дайджэсты. Каб ацаніць тэматычную шырыню аглядаў, некалькі апошніх тэм: гатэлі для жывёл, басейны, кірмашы. Публікуюць таксама абвесткі пра дармовыя (ці ўмоўна дармовыя) мерапрыемствы Варшавы, гарадскія навіны, тэматычныя падборкі выразаў па-польску (часам у т. л. слэнгавых). Сустракаюцца і практычныя парады (з апошніх — як нараджаць і рэгістраваць дзіця ў Польшчы).
Бот BelPolska — сабраныя ў тэлеграме лаканічныя дапаможнікі па побытавых пытаннях: від на жыхарства, абмен правоў, медыцына, транспарт, жытло і іншая карысная інфармацыя. Часам ладзяцца анлайн-спатканні па актуальных запытах. Нядаўна было, напрыклад, пра сплату падаткаў.
Самыя вялікія гарадскія анлайн-суполкі: чат у тэлеграме, групы ў FB — першая, другая, трэцяя. Невялікая, але карысная Tg-група «Сьметнік — рэчы задарма» (аналагічных польскіх груп — некалькі ў FB, аддаванне рэчаў у Варшаве — вельмі папулярная практыка).
Камерцыйныя праекты беларусаў, якія прадаюць самыя розныя тавары і паслугі, можна знайсці праз старонку bymapka.me.
Алена Ляшкевіч, budzma.org