Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі класіцызм

Разам з гісторыкам мастацтва Змітром Монічам «34travel» даследуе архітэктурныя стылі. У сённяшняй падборцы будзе шмат лаканічных і строга прапарцыйных палацаў, бо размова пойдзе пра класіцызм.


IMG_4829.png

Даведка: Класіцызм прыйшоў на змену эпосе Адраджэння і з XVII стагоддзя развіваўся ў краінах Старога і Новага Светаў паралельна з барока. Паноўную ролю ў мастацтве ён набыў у канцы XVIII — пачатку XIX ст. На гэты ж час прыпаў росквіт класіцызму ў Беларусі. Важны тэрміналагічны момант: у Заходняй Еўропе прынята падзяляць класіцызм (XVII — першая палова XVIII ст.) і неакласіцызм (другая палова XVIII — першая трэць XIX ст.). У Беларусі ж, куды стыль дабраўся далёка не адразу, выкарыстоўваецца адзінае паняцце «класіцызм». Класіцызм вырашаў сучасныя мастацкія праблемы, звяртаючыся да традыцый Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма. І калі архітэктары барока карысталіся антычнай спадчынай для дэкаравання, то класіцызм здабываў з яго практычны сэнс. Галоўныя характарыстыкі гэтага стылю — функцыянальнасць, лаканічнасць, строгасць, прапарцыйнасць, фундаментальнасць.

***

Свята-Міхайлаўскі сабор, Ліда

296A9812 copy.jpg

Храм будаваўся як каталіцкі, аднак, праслужыўшы людзям сямнаццаць гадоў, ён згарэў, а калі быў адбудаваны ў 1863 годзе, то арыентаваўся ўжо на праваслаўных прыхаджан. Архітэктура гэтага храма першапачаткова, як задумвалі яго стваральнікі, павінна была адсылаць да ўзораў культавага дойлідства Старажытнага Рыма. І з гэтымі мэтамі аўтары праекта выкарыстоўвалі дарычны ордар — важны для антычнасці тып кампазіцыі, які атрымаў у эпоху класіцызму другое жыццё.

У архітэктуры ордарам называюць пэўны строга вызначаны парадак выкарыстання вертыкальных і гарызантальных элементаў. У розныя эпохі архітэктары выкарыстоўвалі розныя ордары. Дарычны быў адным з найстаражытнейшых у гісторыі: яго развівалі ў Старажытнай Грэцыі і ў Старажытным Рыме. У якасці прыкладаў згадаем Парфенон і храм Гефеста ў Афінах.

IMG_4832.png
Стэрэабат

IMG_4828.png
Антаблемент

Дык вось, архітэктары эпохі класіцызму вярнулі ў будаўнічыя праекты ордарную сістэму ў яе антычным успрыманні, і беларускія гарады гэты трэнд не абмінуў. Як «у грэкаў», фасад будынкаў зноў стаў складацца са стэрэабата (аснова канструкцыі), калон (апорная частка) і антаблемента (верхнія гарызантальныя часткі будынка, якія ляжаць на калонах). Пры гэтым часта выкарыстоўваўся спрошчаны варыянт ордара: да калоны не прыдумлялі якое-небудзь рэльефнае падножжа (базу), а ўсталёўвалі яе стрыжань (фуст) непасрэдна на стылабат (паверхня стэрэабата).

***

Гандлёвыя рады, Наваградак

296A4359.jpg

Гэты гандлёва-складскі комплекс быў узведзены ў 1812 годзе па тыпавым праекце, падрыхтаваным у Санкт-Пецярбургу. Цікава, што гандлёвыя крамы тут размяшчаюцца дагэтуль. Праўда, сённяшнія пакупнікі бачаць гандлёвыя рады крыху адрознымі ад тых, якія паўставалі перад вачыма наваградчан XIX стагоддзя. У 1953 годзе комплекс перабудоўвалі пад патрэбы савецкіх «праммагазінаў»: тады змянілі ўнутраную планіроўку і прынізілі дах.

IMG_4833.png
Дарычныя калоны

На прыкладзе гандлёвых радоў адзначым, што архітэктары эпохі класіцызму вярнулі калонам іх функцыянальнае прызначэнне. Каланада, як здавён-даўно дзе-небудзь у Грэцыі, несла ў класіцыстаў інжынерную нагрузку, а не проста ўпрыгожвала будынак.

***

Дом і сядзіба Ваньковічаў, Мінск

IMG_2651.jpg

Яшчэ адну характэрную для класіцызму каланаду адзначым у сталіцы. Дом Ваньковічаў, які цяпер знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай, быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Тут жылі сваякі мастака Валенція Ваньковіча, а ён, вядома, заходзіў у госці. Апроч жывапісца ў доме бывалі такія знакамітасці, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ян Дамель, Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Соф’я Кавалеўская. Цяпер дом працуе як музей, і сюды абавязкова варта зайсці, калі табе цікавая не толькі архітэктура, але і інтэр’еры той эпохі.

Сам Валенцій Ваньковіч жыў у сядзібе, якая цяпер размяшчаецца на вуліцы Філімонава і служыць пляцоўкай для вяселляў і карпаратываў, — там даўно ўжо працуе рэстаран. Пабудова таксама выканана ў стылі класіцызму. Можаш на яе прыкладзе замацаваць тэрмін «пілястра» і асвоіць новы — «сухарык». Пілястра — гэта такая «плоская калона» прастакутнага сячэння. А сухарыкі, або дэнтыкулы, — шэраг невялікіх прастакутных зубчыкаў-выступаў, якія бягуць па карнізе, дэкаратыўны элемент, характэрны для класіцызму.

Ратуша, Мінск

296A6650.jpg

Класіцызм на беларускіх землях у XIX стагоддзі, як правіла, абазначаў сябе дарычнымі калонамі ў спалучэнні з трохкутным франтонам. Такую кампазіцыю ты можаш назіраць ля будынкаў як сакральнага, так і свецкага прызначэння. Але гэта ані не значыць, што архітэктары-класіцысты зусім не абнаўлялі свой інструментарый.

Будзеш у Верхнім горадзе сталіцы — звярні ўвагу на ўваходную групу ратушы (адноўленая ў 2004 годзе па выявах праекта Фёдара Крамера XVIII стагоддзя). Нас тут зацікавіць скляпеністы праход з трыма праёмамі, падзеленымі калонамі. Сярэдні праём шырэйшы за бакавыя, ён завяршаецца паўцыркульнай аркай. Перад табой — серліянскі матыў, або серліяна.

IMG_4826.png
Серліянскі матыў

Дэталь узнікла яшчэ ў архітэктуры Старажытнага Рыма, потым яна інтэрпрэтавалася архітэктарамі розных эпох, а назву «серліянскі матыў» атрымала пасля таго, як была праілюстраваная ў трактаце 1537 года «Сем кніг аб архітэктуры», напісаным італьянскім архітэктарам Себасцьяна Серліа.

Дарэчы, калоны мінскай ратушы не дарычныя, а іанічныя — з завітушкамі-валютамі.

***

Петрапаўлаўскі сабор, Гомель

IMG_3600.jpg

Дойліды эпохі барока таксама працавалі з канонамі антычнай архітэктуры, аднак абыходзіліся з імі досыць вольна. Класіцысты ж былі як выдатнікі ў кашулях, зашпіленых на ўсе гузікі, і не маглі сабе дазволіць ператасаваць рысы ордарных сістэм. Нават у дробных дэталях яны строга прытрымліваліся антычных узораў. Калі ордар дарычны, то ствол калоны будзе ўвенчаны круглай крывалінейнай падушкай (эхінам) і квадратнай плітой (абакам). На фрызе будынка будуць рытмічна чаргавацца трыгліфы і метопы. Трыгліф — гэта вертыкальная каменная пліта з трыма вертыкальнымі нарэзкамі, метопа — пліта амаль квадратнага фармату, якая можа быць дэкараваная рэльефам або роспісам.

IMG_4831.png
Трыгліфы і метопы

Петрапаўлаўскі сабор, які пабудаваў Джон Кларк у першай чвэрці XIX стагоддзя і які ўваходзіць у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, — крыштальны ўзор такога падыходу. Звярні ўвагу на калоны храма і верхнюю частку — антаблемент: там акурат чаргуюцца белыя трыгліфы і жоўтыя метопы.

***

Палац Румянцавых і Паскевічаў, Гомель

IMG_3661.jpg

Купалы храмаў — элемент зусім звыклы. Куды радзей купалы сустракаюцца на жылых пабудовах, але можам назіраць такую канструкцыю, напрыклад, на даху галоўнай гомельскай славутасці. Палац Румянцавых будавалі ў самым канцы XIX стагоддзя. Натхненне чэрпалі ў ідэальных лініях вілы Ратонда ў італьянскім Венета, якую спраектаваў Андрэа Паладыа — зорка позняга Адраджэння і непераўзыдзены кумір многіх неакласіцыстаў.

У эпоху класіцызму купал паступова становіцца характэрным элементам жылых і грамадскіх будынкаў. Размяшчаюць яго пры гэтым строга па цэнтры галоўнага корпуса. Стыль вельмі патрабавальны што да сіметрыі.

***

Спаса-Праабражэнская царква, Чашнікі

chashniki.png
Фота: planetabelarus.by

У архітэктуры храмаў эпохі класіцызму купалы спалучаліся з порцікам з масіўнымі калонамі і даволі шырокімі лесвіцамі. Крытая галерэя, сфармаваная калонамі, разам з антаблементам, увенчаным трохкутным франтонам, — усю гэтую канструкцыю і называюць «порцік».

Прапануем разгледзець порцік Спаса-Праабражэнскай царквы (сярэдзіна XIX стагоддзя), калі будзеш праязджаць праз Чашнікі (па дарозе ў Белую Царкву, напрыклад). А будзеш ехаць у бок возера Свір — заязджай у Вішнева зірнуць на касцёл Святога Тадэвуша 1811–1820-х гадоў пабудовы.

***

Касцёл Святога Юзафа, Валожын

kasciol-valozhyn.png
Фота: Liashuta / Wikimedia

Яшчэ адна адметная рыса класіцыстычнай пабудовы — трохкутны франтон, які вянчае фасад. Такое рашэнне нават у не надта дасведчанага ў архітэктуры чалавека выклікае асацыяцыі з антычнымі храмамі накшталт таго ж Парфенона, размешчанага на афінскім Акропалі. Парадокс у тым, што Парфенон — храм паганскі, і, здавалася б, пры будаўніцтве хрысціянскіх святыняў пераймаць яго формы варта было б у апошнюю чаргу.

IMG_4830.png
Трохкутны франтон

Першыя хрысціянскія храмы свядома праектаваліся інакш: у плане яны былі падобныя на крыж. Аднак праз паўтары тысячы гадоў гэтае візуальнае адмежаванне сцерлася. Напрыклад, у 1815 годзе ў Валожыне дабудавалі храм Святога Юзафа — і ўсім, ясная рэч, відавочна, дзе яго стваральнікі чэрпалі натхненне.

Галоўны архітэктурны акцэнт — цэнтральны ўваход з дарычным порцікам на шэсць калон. Вышэй — фрыз, на якім чаргуюцца ўжо вядомыя табе трыгліфы і метопы. Над ім — трохкутны франтон, упрыгожаны сімвалам Усёбачнага Вока.

***

Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў, Раготна

296A0695.jpg

Яшчэ адзін касцёл (1840 года пабудовы) з эфектным галоўным фасадам. Толькі зірні: тут шэсць калон нясуць і трохкутны франтон, і дзве вежы-званіцы. Сцены вежаў і паверхня франтона рытмічна ўсеяныя арачнымі нішамі і аканіцамі. У прасценках у рыфму з калонамі аформленыя пілястры.

***

Спаса-Праабражэнская царква, Чачэрск

chechersk.png
Фота: planetabelarus.by

Архітэктары класіцызму нярэдка выкарыстоўвалі любімы грэкамі перыптар — прастакутную форму, па ўсім перыметры акружаную калонамі. Аднак з’яўляліся і круглыя ў плане парадныя залы-ратонды. Ратонды маглі быць часткай аб’ёму будынка ці фармаваць усю яго форму. Апошні выпадак назіраем на прыкладзе праваслаўнага Спаса-Праабражэнскага храма ў Чачэрску.

Царква была пабудаваная ў 1783 годзе з ініцыятывы ўладальніка горада — графа Захарыя Чарнышова. Гэта адзін з першых праваслаўных храмаў, пабудаваных на беларускай зямлі пасля далучэння да Расійскай імперыі. Архітэктар відавочна хацеў надаць будынку маштабнасці — і форма двух’яруснай ратонды з паўсферычным купалам ідэальна вырашала гэтую амбітную творчую задачу. Драўляны купал царквы перакрывае пятнаццаціметровы пралёт. Прытвор-званіца таксама ўвенчаная класіцыстычным купалам.

IMG_4827.png
Ратонда

***

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Індура

296A9862.jpg

За сваю гісторыю гэты храм неаднаразова перабудоўваўся, і сённяшняе аблічча ён здабыў у 1904–1909 гадах. Па праекце гродзенскага губернскага архітэктара Вільгельма Срокі тут з’явіліся некалькі прыбудоў, а стылістычна касцёл злучыў у сабе рысы класіцызму і барока — зразумела, у неаінтэрпрэтацыях пачатку ХХ стагоддзя. З класіцыстычных маркераў перадусім вылучым дарычны антаблемент, якім сцены храма аперазаныя па ўсім перыметры, і магутны чатырохкалонны порцік з серліянскім матывам.

***

Палац Булгакаў, Жылічы

zhilichi.png
Фото: Denis Serakov

Часам серліянскі матыў называюць паладыянскім, бо яго часта выкарыстоўваў у сваёй працы ўжо згаданы намі італьянец Андрэа Паладыа. З гэтага ж матыву з’явіўся такі архітэктурны элемент, як паладыева акно. Паладыева акно складаецца з трох частак. Цэнтральны арачны праём абрамляецца двума бакавымі прастакутнымі праёмамі, аддзеленымі ад яго пілястрамі або невялікімі калонамі.

IMG_4824.png
Паладзіева акно

Праём з арачным завяршэннем — адна з асноўных аконных формаў архітэктуры класіцызму. Такі варыянт выкарыстоўвалі нароўні з прамавугольнымі вокнамі. У палацы Булгакаў у Жылічах ты можаш назіраць абодва віды вокнаў, папулярных у 1830-я, калі гэтая сядзіба праектавалася і будавалася.

***

Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, Жалудок

zhaludok2.png
Фота: Andrej Kuźniečyk

Касцёл у Жалудку быў пабудаваны ў 1853 годзе па праекце Караля Падчашынскага (які пабудаваў, дарэчы, адзіны храм у Вільні, дзе сёння можна паслухаць набажэнства па-беларуску). У крыпце жалудоцкага касцёла пахаваны гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. Храм — яркі ўзор позняга класіцызму. Тут табе і трохкутны франтон, і масіўны дарычны порцік, і паўцыркульныя арачныя вокны. Апошнія хоць і не з’яўляюцца эксклюзіўнай рысай класіцызму, архітэктары той эпохі іх вельмі шанавалі.

***

Палац Тызенгаўза, Паставы

postavy2.jpg

Каб замацаваць матэрыял, перамесцімся ў маёнтак таго самага Антонія Тызенгаўза. Будаўніцтва палаца завяршылася ў першай палове XIX стагоддзя. Праектам займаўся архітэктар Джузэпэ дэ Сака, які будаваў Тызенгаўзу і палац у Горадні, але той будынак, на жаль, не захаваўся.

Разгледзім порцік цэнтральнага паўночнага фасада. Дэ Сака абраў для гэтага праекта варыянт, які называецца тасканскім. Гэта спрошчаны дарычны ордар: яго вылучаюць гладкі фрыз, наяўнасць базы і адсутнасць у калон вертыкальных жалабкоў (якія называюцца «канелюры»). Усходні фасад палаца завяршаецца франтонамі з дарычным антаблементам. З дэкору можам адшукаць лапаткі (вертыкальныя плоскія выступы без базы і капітэлі), руст (абліцоўванне камянямі), фрыз, сандрыкі (гарызантальныя «палічкі» над вокнамі) і ляпныя гірлянды.

***

Палац Тышкевічаў, Валожын

siadziba-valozhyn.png
Фота: vetliva.ru

Манументальныя ўваходныя зоны храмаў і палацаў эпохі класіцызму афармляліся адпаведнымі канструкцыямі — порцікамі з калонамі і акцэнтавана буйнымі лесвіцамі. Так архітэктары дамагаліся эфекту велічнасці і лаканічнасці. Пабудаваны ў 1803–1806 гадах на замову Юзафа Тышкевіча палац — ідэальны аб’ект для таго, каб адчуць гэты эфект на сабе.

***

Палац Рдултоўскіх, Сноў

snov.png
Фота: planetabelarus.by

На беразе ракі Сноўкі месціцца адзін з самых буйных у Беларусі палацава-паркавых комплексаў у стылі класіцызму: пры жыцці гаспадара — шляхціца Казіміра Рдултоўскага — у сноўскім палацы было сто пакояў і залаў, у шырыню ён расцягваецца на 140 метраў. Узвялі гэты раскошны будынак у 1825–1827 гадах па праекце Браніслава Тычэцкага. Пры Саветах і да 2014 года тут функцыянаваў ваенны шпіталь.

Летась палац займеў новага гаспадара, які плануе выкарыстоўваць комплекс у турыстычна-забаўляльных мэтах. Купля, трэба сказаць, вагомая. За амаль дзвесце гадоў сцены і дах захаваліся на дзіва добра: зможаш добра разгледзець класіцыстычны порцік і тыповыя для стылю паўцыркульныя вокны.

***

Сядзіба Агінскіх, Залессе

296A3412.jpg

Радавое гняздо кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага было пабудаванае літоўскім архітэктарам Міхаілам Шульцам у першай чвэрці XIX стагоддзя. Праект быў даволі незвычайны для свайго часу: дойлід злучыў два выцягнутыя пад прамым вуглом аднапавярховыя крылы, размясціўшы на іх канцах двухпавярховыя павільёны. Галоўнае крыло з чатырохкалонным дарычным порцікам і гадзіннікавай вежай выцягнулася на 50 метраў, бакавое з аранжарэяй — на 160. Аднак сядзібу называлі «Паўночнымі Афінамі» не толькі таму, што класіцыстычны стыль адсылаў да грэчаскіх помнікаў. У Залессі гасцявалі найлепшыя галовы свайго часу, тут абмяркоўвалі палітыку і важныя грамадскія справы, ладзілі музычныя вечары і літаратурныя чытанні — увогуле грамадскае жыццё бурапеніла.

Сёння комплекс пасля маштабнай рэстаўрацыі можна наведаць і паўнавартасна даследаваць звонку і знутры. У музеі-сядзібе працуе пастаянная музейная экспазіцыя.

***

Палац Друцкіх-Любецкіх, Шчучын

scuchin2.jpeg

Яшчэ адзін нядаўна адрэстаўраваны палац важнай для Беларусі сям’і. Ён быў спраектаваны ў 1892–1895 гадах на замову князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім. «Рэферэнсамі» для гэтага праекта паслужыў французскі Трыянон. Стылістычна гэта класіцызм з элементамі эклектыкі.

Палац Друцкіх-Любецкіх стаіць на высокім цокалі, што без нейкіх дадатковых хітрасцей робіць яго больш велічным і маштабным. Кампазіцыя строгая, сіметрычная. Цэнтральны аб’ём, у адрозненне ад шматлікіх помнікаў, пра якія мы распавялі, не вынесены наперад, а наадварот — «утоплены» ўнутр, утвараючы лоджыю з дзвюма іанічнымі калонамі. Двухпавярховыя аб’ёмы па баках дэкараваныя пілястрамі.

Апроч палаца ў Шчучыне варта зірнуць на яшчэ адзін архітэктурны помнік эпохі класіцызму — касцёл Святой Тэрэзы Авільскай, пабудаваны ў 1826–1829 гадах, з вялікім купалам і чатырохкалонным порцікам дарычнага ордара.

***

Касцёл Святой Тройцы, Рось

ross.png
Фота: vetliva.ru

Касцёл Святой Тройцы быў пабудаваны ў 1807 годзе. Гэта не самы тыповы для беларускага класіцызму касцёл: ні купалаў, ні каланады. І тым не менш гэта менавіта ён — строгі, сіметрычны, зразумелы класіцызм. Звярні ўвагу на фрыз з развітым карнізам і паўцыркульную аканіцу ў верхняй частцы фасада. Бакавыя фасады ўвенчаныя прафіляваным карнізам і дэкараваныя рустоўкай.

Фота: palasatka, murmurash. Ілюстрацыі: Olga Rummo.