Публіцыст Алесь Кіркевіч у сваім фэйсбуку развенчвае фігуру шляхціча Гераніма Фларыяна Радзівіла. Звычайна пра яго пішуць толькі сухую інфармацыю пра тое, што ён быў дзяржаўным дзеячам ВКЛ, мецэнатам, але праўда была зусім не такая прыгожая.
Сярод Радзівілаў быў такі персанаж — Геранім Фларыян Радзівіл (1715-1760).
Грузны, лысы, помслівы.
«Твар у яго заўсёды быў хмуры, тужлівы, незычлівы, позірк пануры і пагрозлівы».
Жорсткі са сваімі і чужымі: тапіў у крыві Крычаўскае паўстанне, нікому не даваў спуску.
Драбнейшую шляхту ў грош не ставіў, казаў «смярдзючае гноем сяброўства».
Марыў пра варшаўскі трон.
Меў прыватную армію. Але калі хто з афіцэраў уцякаў — лавілі, вешалі, або рабілі выгляд, што вешаюць, а пасля «білі ў морду, каб цякло як з сабакі» ды — у турму. На тры гады. Але жывым мала хто выходзіў. Прыватная турма ў Слуцку была заўсёды поўная: «загадваў арыштоўваць і доўга без суда трымаў пад стражай». Таксама: «любіў слухаць у падзямеллях енкі ўяўных злачынцаў, якіх называў найлепшымі сваімі спевакамі».
Жонкі ад яго таксама збягалі. Усе тры! Бо здзекваўся, трымаў у чорным целе.
Увесь час баяўся, што яго атруцяць. Лекараў таксама саджаў. Трымаў пры сабе штат астролагаў.
Апантаны будаўнічымі праектамі. Прыдумаў пастроіць замак сярод возера (+флатылію там жа), але пасля надакучыла — закінуў. Быў акуратны ў фінансах, скупы. Любіў ладзіць у фальварках нечаканыя праверкі — каб не кралі (фурман толькі за брамай даведваўся, куды князь паедзе). Сам падлічваў рахункі.
Не піў, п’яных ненавідзеў — казаў «свінячая звычка», загадваў біць. Па смерці яго сэрца паклалі ў Фарным касцёле ў Слуцку, дзе пасля яго з’елі мышы...
А ў Вікіпедыі зараз напісана: «дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат». Гісторыя, яна такая.