«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» Пяць фактаў пра «Пагоню» — герб нашых продкаў

Гербам «Пагоня» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы Вялікага княства Літоўскага, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў». «Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы. Пра нацыянальны сімвал Беларусі — герб «Пагоня» — распавядае «Салідарнасць».


Pahonia

Першыя ўзгадкі

Першыя выявы узброенага вершніка з’явіліся на тэрыторыі Заходняй Еўропы ў 11 стагоддзі. Як правіла, гэта былі княжацкія пячаткі. Па адной з версій, упершыню «Пагоня» згадваецца ў летапісах у якасці афіцыйнага сімвала каля 1270 года — гаворка пра княжацкі і гарадскі герб Наваградка.

Piačatki vialikich kniazioŭ
Пячаткі вялікіх князёў


«А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня», — лічыцца, што гэта першая пісьмовая згадка назвы старажытнага герба, знойдзеная ў Густынскім летапісе, датаваная 1278 годам.

Праўда, навукоўцы дагэтуль спрачаюцца пра аўтэнтычнасць летапісу, ёсць здагадкі пра магчымыя маніпуляцыі з боку расейскіх даследчыкаў 17-18 стагоддзяў. Зрэшты, ягоны арыгінал не захаваўся, што дае нагоду для версій пра стварэнне копіі летапісу больш сучасным почыркам.

Чаму «Пагоня»? Тлумачаць вялікі князь Ягайла і гісторык Ткачоў

Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 года, напісанай на лацінскай мове, так тлумачыў паходжанне назвы герба: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».

Дарэчы, выява «Пагоні» ўпрыгожыла надмагілле князя Ягайлы.

Vyjava «Pahoni»

Напрыканцы 1980-х слынны беларускі гісторык Міхась Ткачоў тлумачыў, як даўняя традыцыя, што панавала на землях будучага Вялікага Княства Літоўскага, атрымала сваё геральдычнае ўвасабленне:

— Кожны адказваў за жыццё свайго супляменніка. У выпадку нечаканага нападу і захопу ў палон праціўнікам прадстаўніка дадзенага племя або жыхара паселішча, кожны мужчына, які меў права насіць зброю, абавязаны быў конна або пехатой кінуцца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палоннікаў.

Глядзіце яшчэ:



Герб дзяржавы, гарадоў і князёў

Першапачаткова «Пагоня», як сімвал, належала выключна вялікім князям, пачынаючы ад Гедзіміна. Вітаўт Вялікі надаў ёй дзяржаўны статус.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года абавязваў усе гарады і мястэчкі дзяржавы мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся велікакняжацкія позвы да абывацеляў.

Як казаў у адным з інтэрв’ю геральдыст Анатоль Цітоў, той запіс у Статуце азначае, што «мы маем ня толькі стыхійнае, летапіснае, але і юрыдычнае замацаванне «Пагоні» за беларускімі землямі».

Vyjava «Pahoni» na tytulnaj staroncy «Statuta VKŁ» 1588
Выява «Пагоні» на тытульнай старонцы «Статута ВКЛ» 1588

Герб упрыгожваў усе дзяржаўныя дакументы на землях тагачаснай Беларусі — ад «Літоўскай метрыкі», да «Cтатутаў ВКЛ».

Выява «Пагоні» прысутнічала на гербах Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Мсціслаўскага і Полацкага ваяводстваў.

У нашы дні выява ўзброеннага вершніка месціцца на гербах Віцебскай вобласці, Рэчыцы і Магілёва.

І, канечне, «Пагоня» ўпрыгожвала харугвы беларуска-літоўскага войска ў тагачасных славутых і лёсавырашальных бітвах — з тэўтонцамі пад Грунвальдам, з маскоўскай навалай — пад Воршай.

Перажыла царскую Расію, трапіла пад забарону васала Крамля

Расійская імперыя не стала змагацца да пераможнага канца з сімваламі захопленых у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ тэрыторый.

Hierb «Pahonia»

Першапачаткова выява «Пагоні» з’явілася на сцягах вайсковых фармаванняў, што складаліся з беларускіх ваяроў.

Потым яе пачалі выкарыстоўваць у гербах «беларускіх» (усходніх) і «літоўскіх» (заходніх) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.

Адзначым, што выява вершніка ў гэтых выпадках размяшчалася пад выявай двухгаловага арла, што сведчыла пра падпарадкаванасць сімвала.

У 1916-м славуты беларускі паэт Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму сімвалу верш, які стаў прадвесцем аднаўлення ягонага дзяржаўнага статуса. Спачатку ў 1918-м, калі «Пагоня» стала афіцыйным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым і ў 1991-м.


Горкая іронія лёсу — пад фактычнай забаронай «Пагоня» апынулася стараннямі сучаснага васала Крамля. Пра змаганне Аляксандра Лукашэнкі з нацыянальнымі сімваламі можна будзе прачытаць у нашых наступных публікацыях.

Супольная спадчына — погляд звонку

Напрыканцы працытуем ўкраінскага гісторыка Ігара Сюндзюкова, каб нагадаць, што ВКЛ, як і «Пагоня» — гэта супольная спадчына народаў, чые продкі жылі на землях Вялікага Княства:

— І ў Кіеўскай Русі, і ў часы Каралеўства Рускага, і падчас Вялікага Княства Літоўскага адбываўся важны для гісторыі працэс, які ў вырашальнай ступені спрыяў узнікненню і хуткаму, магутнаму сцвярджэнню «Пагоні» як агульнага, аб’яднальнага дзяржаўнага сімвала на старажытнаўкраінскіх, літоўскіх і беларускіх тэрыторыях.

Гаворка ідзе аб атаясамленні фігуры рыцара — змястоўнага і кампазіцыйнага цэнтра герба — з фігурай абаронцы Айчыны — вось дзе стрыжань гістарычнага спалучэння часоў, якія з’яўляюцца вельмі важнымі і для нас сёння!

Чытайце яшчэ:

«Мы — не яны». Пагоня і мова — беларускія абярэгі

Пяць фактаў пра нашы сімвалы

Таямніцы геральдыкі і сімволікі Мінска: сімвалы Менска Рагвалодавічаў і «Горад Панны Марыі»