«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра навукоўца-арабіста — Уладзіміра Гіргаса.
Уладзімір Фёдаравіч Гіргас (1 снежня 1835 г. — 18 сакавіка 1887 г.) Уладзімір Гіргас — арабіст.
Нарадзіўся ў Гродне ў сям’і, што належала да старадаўняга дваранскага роду. У 1854 годзе паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт за год да адкрыцця ў ім факультэта ўсходніх моў. Пасля заканчэння курса па арабска-персідска-турэцка-татарскім разрадзе першым кандыдатам У.Гіргасу было прапанавана выкладаць ва ўніверсітэце арабскую мову, але ён вырашае прадоўжыць адукацыю прыватным чынам у Францыі. Два гады, праведзеныя ў Парыжы, былі прысвечаны вывучэнню арабістыкі пад кіраўніцтвам вучняў знакамітага арыенталіста Сільвестра дэ Сазі.
Зімой 1860 года У.Гіргас вярнуўся ў Расію і быў запрошаны ва ўніверсітэт на кафедру арабскай мовы і славеснасці. З мэтай падрыхтоўкі да загадвання кафедрай у маі 1861 года ён быў камандзіраваны на два гады на арабскі Усход.
Для азнаямлення з сістэмай арабскай адукацыі У.Гіргас пад кіраўніцтвам мусульманскіх шэйхаў вывучыў дапаможнікі па асноўных галінах навукі. Прычым ён лічыў неабходным правесці паралель паміж станам адукаванасці ў мусульман і хрысціянскага насельніцтва. У гэты час мусульманская адукацыя ў арабаў была сканцэнтравана ў Егіпце ва ўніверсітэце аль-Азхар. Сюды прыязджалі жадаючыя атрымаць вышэйшую адукацыю, таму што ў іншых месцах, акрамя пачатковых школ для вывучэння Карана, не існавала ніякіх вышэйшых устаноў. З мэтай характарыстыкі ўзроўню адукаванасці ў арабскіх хрысціян У.Гіргас вывучаў не толькі школьную справу, літаратуру і перыядычны друк, але і развіццё кнігадрукавання.
Адной з задач камандзіроўкі У.Гіргаса было вывучэнне жывых арабскіх гаворак. У аснову яго даследаванняў пакладзены канкрэтны матэрыял, высновы з якога пацверджаны далейшым развіццём усходазнаўства. Пры вывучэнні гаворак вучоны збіраў народныя казкі, прыказкі і прымаўкі. Малады ўсходазнаўца ўвесь час удасканальваў сваю арабскую гутарковую мову. Менавіта істотныя адрозненні, якія існавалі ў той час паміж арабскай гутарковай і літаратурнай мовай, былі прычынай таго, што многія еўрапейцы, выдатна авалодаўшы арабскай літаратурнай мовай, былі не ў стане зразумець людзей з Усходу і вымушаны зноў пачынаць практычнае вывучэнне мовы. Даследаванні У.Гіргаса адкрылі новую старонку ў гісторыі вывучэння арабскай дыялекталогіі.
Вярнуўшыся з Усходу ў 1864 годзе, У.Гіргас прысвяціў сябе падрыхтоўцы да абароны магістарскай дысертацыі «Права хрысціян на Усходзе па мусульманскіх законах». Гэта работа, заснаваная на сапраўдных арыгінальных крыніцах, мела вялікае значэнне як звод і класіфікацыя багатага фактычнага матэрыялу. Навуковая праца Гіргаса ў далейшым была скіравана на падрыхтоўку доктарскай дысертацыі «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў», што патрабавала паездкі ў 1872 годзе за мяжу: у Аўстрыю, Германію, Францыю. У выніку быў сабраны багаты матэрыял, які не меў аналагаў у еўрапейскай літаратуры і ўпершыню ўводзіў ва ўсходазнаўства асноўныя арабскія трактаты, даваў у даступнай форме ўяўленне пра сістэму арабскай граматыкі.
З восені 1865 года У.Гіргас быў зацверджаны дацэнтам і пачаў выкладчыцкую дзейнасць, якая працягвалася ва ўніверсітэце 22 гады. Ён чытаў лекцыі па арабскай мове і гісторыі арабскай літаратуры, спецыяльны курс мусульманскага права. Значны ўклад У.Гіргас зрабіў у складанне вучэбных дапаможнікаў. Ужо праз год пасля абароны дысертацыі ён выдаў «Нарыс арабскай літаратуры», у 1874 годзе — «Кароткі агляд гісторыі арабскай літаратуры», у 1876-м — два выпускі «Арабскай хрэстаматыі», у якой акрамя артыкулаў разнастайнага літаратурнага зместу былі размешчаны матэрыялы навуковага характару. Скончыўшы працу над хрэстаматыяй, У.Гіргас прыступіў да выдання арабска-рускага слоўніка. На пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя працаваў над выданнем гісторыі Абу Ханіфы ад-Дынаверы, якая засталася ў рукапісе, удзельнічаў у міжнародным праекце — складанні ўказальнікаў да вядомай анталогіі Х стагоддзя «Кніга песняў». Ім былі складзены чатыры тамы з 21. Выхаду ў свет гэтых выданняў У.Гіргасу не наканавана было ўбачыць. Здароўе яго было моцна падарвана яшчэ ў часе знаходжання на Усходзе, дзе ён захварэў на туберкулёз, што развіўся на фоне малярыі.
Значным з’яўляецца ўклад У.Гіргаса і ў гісторыю рускай арабістыкі. Існуе думка, што ён быў першым расійскім арабістам еўрапейскага маштабу.
Памёр у Кіеве.