Пра беларускіх мастакоў, якія жылі і працавалі на памежжы 19 і 20 стагоддзя, распавядае Народная Воля.
Казімір Дамінікавіч Альхімовіч (20 снежня 1840 г. — 31 снежня 1916 г.)
Казімір Альхімовіч — мастак.
Нарадзіўся ў маёнтку Дзембрава каля Ліды (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і небагатага шляхціца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай класічнай гімназіі, дзе выкладаў жанрыст Кануцій Русецкі. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы ў Сібір. Пасля амністыі 1869 года пасяліўся ў Варшаве, дзе наведваў школу малявання Войцеха Герсана, стаўшы яго любімым вучнем. Многія карціны К. Альхімовіча напісаны па ўспамінах аб ссылцы ў Сібір — «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале», «На этапе» (1894).
У 1870-я гады вялікі ўплыў на польскае мастацтва мела Акадэмія мастацтваў у Мюнхене, дзе існавала калонія мастакоў з усёй Еўропы. К. Альхімовіч вучыўся ў Мюнхене да 1875 года, дэманструючы выдатныя поспехі, аб чым сведчаць залатыя і срэбраныя медалі, якія ён атрымліваў за свае кампазіцыі. Чатыры гады вывучаў французскі жывапіс у Парыжы і вярнуўся ў Варшаву з еўрапейскай школай адукацыі, з пасведчаннем аб арганізацыі выстаў у салонах Мюнхена і Парыжа.
Патрыятычны настрой К. Альхімовіча выявіўся ў тэматыцы гістарычных і жанравых кампазіцый, узятых з гісторыі яго радзімы — былога Вялікага Княства Літоўскага («Пахаванне Гедыміна», 1887) і традыцыйнага побыту беларусаў, літоўцаў і палякаў, які ён добра ведаў з маленства («Жніво», «Дажынкі», «Наём работнікаў»). Асаблівая старонка жывапісу К. Альхімовіча — гэта адкрыццё паганскай гісторыі краю, якой прысвечаны карціны «Паганскія жрацы», «Багіня кахання Мільда», «Смерць Маргера» і іншыя, напісаныя ў акадэмічнай манеры. На жанравыя палотны, наадварот, мела ўплыў светлая гама французскай школы, асабліва манера Жуля Басцьен-Лепажа («Вясковая дзяўчына», «У поце чала»).
К. Альхімовіч, патрыёт і ілюстратар гісторыі Польшчы («Абарона Ольштына», «Вяселле Сігізмунда Аўгуста», ілюстрацыі да Міцкевіча і Славацкага), большую частку жыцця пражыў у Варшаве, аднак не забываў сваю радзіму — «край таямнічых бароў і людзей у лапцях і палатняных світках» і любіў размаўляць па-беларуску. Большасць твораў мастака знаходзіцца ў музеях Варшавы, Кракава і Познані.
Памёр і пахаваны ў Варшаве.
Ілля Якаўлевіч Гінзбург (Гінцбург) (25 мая 1859 г. — 3 студзеня 1939 г.)
Ілля Гінзбург — скульптар
Нарадзіўся ў Гродне ў беднай яўрэйскай сям’і. Дзякуючы праслаўленаму скульптару Марку Антакольскаму, які апекаваў здольных хлопчыкаў, Ілля вырваўся з «межаў аседласці» і трапіў як вучань Антакольскага ў Пецярбург, а потым у Італію, дзе правёў тры гады. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу ў А. Бока, Н. Лавярэцкага, І.Падазёрава і адначасова ў рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў (1878–1886). У 1910 годзе зрабіў першы манументальны праект — помнік М. Гогалю ў с. Сарочыцы (месца вядомых сарочынскіх кірмашоў) Палтаўскай губерні. У 1911 годзе атрымаў званне акадэміка, у 1918 годзе — прафесара. У паслярэвалюцыйныя часы з 1921-га да 1925 года выкладаў у Петраградскіх дзяржаўных вольных майстэрнях (ВХУТЕИНе). У савецкі час займаўся пераважна манументальнай скульптурай: выканаў у Ленінградзе помнікі Г. Пляханаву (1925) і Дз. Мендзялееву (1932).
Ілля Гінзбург
Шырокую вядомасць атрымалі яго шматлікія невялікія («кабінетныя») партрэты і бюсты дзеячаў рускай культуры — пісьменніка Л. М. Талстога (1891), мастака В. В. Верашчагіна («Верашчагін за працай», 1892), дырыжора А. Р. Рубінштэйна (1891), адваката У. Д. Спасовіча (1895), крытыка У. В. Стасава (надгробак Стасава ў Пецярбургу, 1908), шматлікія партрэты і жанравыя групы — «Хлопчык, які збіраецца купацца» (1886), «Кравец». Творы І.Гінзбурга захоўваюцца ў музеях Расіі, Украіны і Беларусі.
Памёр і пахаваны ў Пецярбургу.
Казімір Стаброўскі (21 лістапада 1869 г. — 8 чэрвеня 1929 г.)
Казімір Стаброўскі — жывапісец, педагог.
Нарадзіўся ў маёнтку Крупляны Гродзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і Антонія Стаброўскага і Сафіі Пілецкай.
У 1880–1887 гадах вучыўся ў Беластоцкай рэальнай гімназіі. Пасля заканчэння паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, дзе паспяхова вучыўся, атрымліваючы медалі за малюнак і жывапіс. Аб сур’ёзнасці яго стаўлення да жывапісу сведчыць вандроўка ў Палесціну з мэтай збору матэрыялу для дыпломнай работы. Ён наведаў Турцыю, Грэцыю, Егіпет. З тых часоў «захварэў» на падарожжы ў экзатычныя краіны, накіроўваючыся туды заўсёды, калі дазвалялі сродкі. Намаганні маладога мастака далі яму Вялікі залаты медаль за карціну «Магамет у пустыні».
Па сваім жаданні яшчэ тры гады працягваў адукацыю ў майстэрні Іллі Рэпіна, потым выехаў у Парыж, дзе вучыўся ў Акадэміі Жуліяна, аднак даволі хутка вярнуўся ў Пецярбург.
На выставе сучаснага мастацтва ў Парыжы К. Стаброўскі атрымаў Вялікі срэбраны медаль за карціну «Вясковая цішыня». Яго карціны пачалі набываць Новая Пінакатэка ў Мюнхене («Белая ноч у Пецярбургу») і Галерэя сучаснага мастацтва ў Венецыі («Змярканне ў Лазенках», 1903).
У Пецярбургу Стаброўскі пачаў пісаць артыкулы па сучасным мастацтве як крытык. Нягледзячы на багатае мастацкае жыццё ў Расіі, стаў членам польскай мастацкай суполкі «Sztuka». У 1903 годзе пераехаў у Варшаву. Быў першым дырэктарам школы Прыгожых мастацтваў, адчыненай у 1904 годзе. За шэсць гадоў працы здолеў увесці сучасныя метады навучання.
Пасля К. Стаброўскі чатыры гады вандраваў па свеце: пабываў у Францыі, Германіі, Швецыі, Іспаніі, Італіі, на Канарскіх выспах. У часы Першай сусветнай вайны жыў у Пецярбургу і Маскве, дзе арганізаваў дзве свае вялікія выставы. У 1918 годзе вярнуўся ў Варшаву. Падарожнічаў па Балканах і Скандынавіі. Стварыў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda» (1922).
Цікавасць Казіміра Стаброўскага да акультных навук пад уплывам нямецкага антрапасофа Рудольфа Штэйнера і рускіх тэолагаў прывяла да змены характару жывапісу: ад краявідаў настрою і партрэтаў ён перайшоў да фантастычна-містычных карцін, якія пісаў да канца жыцця. На жаль, у часы рэвалюцыі ў Алупцы загінулі яго карціны з цыкла «Надыход навальніцы» (1907–1910), якім ён пазней даў назву «Прадбачанне будучых катастроф» — візіянерскія прароцтвы лёсаў еўрапейскіх народаў. Яны паказвалі першабытны выгляд Зямлі з затопленай морам сушай, трывожным небам, дымам пажарышчаў і знявечанымі дрэвамі. Адзінае, што звязвае неба і зямлю, — узнесеныя ўвышыню трагічныя крыжы. Сучаснікі называлі К. Стаброўскага «мастаком-паэтам».
У 1920-я гады мастак шмат выстаўляўся: кожныя два гады праходзілі яго выставы ў Варшаве, Познані, Лодзі. У Лодзі адбылася і вялікая выстава, прысвечаная 40-годдзю яго творчай дзейнасці. Нейкі час быў амаль забыты. Захавалася няшмат яго твораў. Большасць загінула падчас рэвалюцый у Расіі і паўстання 1944 года ў Варшаве.
Памёр і пахаваны ў Варшве.
Народная Воля