Гісторык Віктар Якубаў: Хопіць зацыклівацца на сваіх комплексах, трэба абапірацца на тое, што пацягне беларусаў наперад

На думку кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава, беларусы мусяць зразумець каштоўнасць сваёй нацыі самі для сябе, адчуць самадастатковасць.


Гісторык Віктар Якубаў

Гісторык Віктар Якубаў. Фота: Радыё Рацыя

Пра гэта гісторык сказаў у інтэрв’ю «Радыё Рацыя» пасля сваёй лекцыі ў Варшаве, прысвечанай у тым ліку пытанням каланіялізму ў нашым рэгіёне.

Адказваючы на пытанне пра вяртанне годнасці і гонару беларусаў, Віктар Якубаў падкрэслівае, што «казаць лепшыя мы ці не лепшыя — гэта вельмі ацэначныя катэгорыі, у нас свой лёс, у суседзяў свой лёс».

«Скажам так, мы нічым не горш, а ў шматлікіх выпадках і лепш за іншыя народы — прынамсі для нас саміх хаця б так павінна быць. Калі для нас гэта так, то, значыць, недарма жывём. А калі ўвесь час будзем глядзець на суседзяў і параўноўваць, то мы нікуды ні рушым, будзем таптацца на месцы. Калі мы будзем круціцца толькі вакол таго, што ўсё (з намі) кепска і мы ўсё згубілі, калі не будзем глядзець на свет пазітыўна і не шукаць там светлыя, удалыя моманты, то мы рызыкуем застацца на месцы і раскладацца замест таго, каб рухацца наперад», — кажа Віктар Якубаў.

На думку гісторыка, беларусам трэба «знаходзіць сябе ў гісторыі, знаходзіць людзей, якія нарадзіліся на нашай зямлі, якія служылі нашай зямлі, якія прысвяцілі жыццё нашай зямлі і свайму народу, як бы ён тады не называўся».

«Трэба шукаць герояў, шукаць прыклады таго, як трэба рабіць і як рабіць не трэба. Дзякуючы комплексам, якія ў нас развітыя нашымі «добрымі» суседзямі, мы шмат крытычнага можам пра сябе сказаць. Ну а цяпер давайце шукаць тое, што было пазітыўным у нашай гісторыі, у нашых узаемаадносінах з суседзямі. Што можа нармальна нас пацягнуць наперад, а не тапіць у чарговы раз? Прыклады перамог, прыклады выжывання і аднаўлення, нягледзячы ні на што. Жыццё заўсёды лепшае за смерць. Тое, што мы жывём і развіліся дагэтуль, што мы чарговы раз праз столькі праблем, столькі бяды і гора зрабілі свой чарговы крок наперад — гэта ўжо паказвае нашу сілу. Трэба не раздзяляцца, глядзець на свет пазітыўна, рабіць даўгія стратэгіі, а не толькі на сённяшні дзень», — лічыць гісторык Віктар Якубаў.