За дзвесце гадоў пра іх напісалі тысячы кніг, абаранілі процьму дысертацый, увекавечылі ў шматлікіх помніках, мемарыяльных дошках і вулічных назвах. Дзякуючы літаратуры і кіно, рамантычна-ўзнёслыя воблікі дзеячаў 14 снежня 1825 года паўплывалі на гістарычную памяць і светаўспрыманне цэлых пакаленняў. Аспрэчваць велізарнасць гэтага ўплыву на грамадскае развіццё проста немагчыма. Менавіта таму падаецца абсалютна незразумелым і нават неверагодным тое, што адказ на, здаецца, відавочнае пытанне — хто такія дзекабрысты і чаго яны хацелі — дасюль не знойдзены. Каб упэўніцца ў гэтым, прапануем разгледзець некаторыя спрэчныя моманты з гісторыі дзекабрызму і разабрацца, які ўплыў гэтая з’ява мела на беларускую гісторыю.

Плошча дзекабрыстаў у Гродне. Апроч Гродна, вуліцы дзекабрыстаў ёсць у Мінску, Віцебску, Гомелі, Пінску
Дзекабрысты зрабіліся міфічнымі героямі яшчэ пры жыцці. Праўда, тлумачыцца гэта тым, што пра іх дзейнасць і мэты тагачаснае грамадства дазнавалася найперш з іхніх мемуараў. Архівы з дакументамі былі зачыненыя да пачатку XX стагоддзя. Зразумела, вялікую ролю адыграла і прымусовае знаходжанне дзекабрыстаў у Сібіры, што аўтаматычна ўспрымалася як пакаранне змагароў за народнае шчасце. Але сапраўдная звышпапулярнасць чакала іх у савецкі час. Для бальшавікоў, якія атрымалі ўладу з дапамогай зброі, было вельмі выгодна паказаць, што зрынуць царскі рэжым і забіць цара спрабавалі задоўга да 1917 года.
На гэтым шляху савецкае дзекабрыстазнаўства дамаглося выдатных поспехаў. Пра дваран-змоўшчыкаў, што выступілі на адчайную барацьбу супраць самадзяржаўя, было надрукавана больш за 20 тысяч разнастайных публікацый. Гэта значна болей, чым напісалі за той жа перыяд, напрыклад, пра рэформы Пятра I ці Першую сусветную вайну, хаця маштабы гэтых падзей зусім не супастаўляльныя.
Якраз гэтае мноства навуковых, публіцыстычных і мастацкіх тэкстаў стварае ілюзію, што пра дзеячаў дзекабрысцкага руху даўно ўсё вядома, ва ўсялякім разе, акрамя нейкіх дробных фактаў. Як вынік зараз у масавай свядомасці паняцце «паўстанне дзекабрыстаў» не выклікае ніякіх крытычных заўваг, з ім ужо ўсе звыкліся. Аднак нагадаем, што слова «паўстанне» пачало выкарыстоўвацца не адразу. Спачатку ў гістарычных даследаваннях 1920-х гадоў у дачыненні да дзекабрыстаў пераважна ўжывалі словы «бунт» і «мяцеж», што сёння ўспрымаецца неяк нязвыкла.

Вокладка кнігі пра дзекабрыстаў, 1926 год
Таксама заўважым, што калі кажуць, што 200 гадоў таму адбылося паўстанне дзекабрыстаў, то гэта не адпавядае гістарычным рэаліям 1825 года. Справа ў тым, што тады здарылася не адна, а тры спробы дзекабрысцкага руху паўстаць са зброяй супраць уладаў. Апроч выступу 14 снежня на Сенацкай плошчы ў тым жа снежні былі хваляванні вайскоўцаў у Кіеўскай губерні і ў раёне Беластока. Такім чынам, строга фармальна 200 гадоў таму адбылося не паўстанне, а паўстанні дзекабрыстаў.
Яшчэ больш незразумеласцяў узнікае з вызначэннем самога паняцця «дзекабрыст». Існуе сама меней чатыры версіі, як і калі ўтварыўся гэты тэрмін. Па адным меркаванні, першымі яго пачалі ўжываць у дакументах сібірскія чыноўнікі, каб адрозніваць дзекабрыстаў ад астатніх зняволеных у Сібіры. Па другой версіі, гэтае слова мела хаджэнне ў атачэнні Аляксандра Герцэна, адкуль перайшло ў нелегальны друк і шырокі грамадскі ўжытак. Дарэчы, у 1863 годзе слова з’явілася ў слоўніку Даля, што пацвярджае яго агульнавядомасць.
Хаця з тых часоў прайшлі стагоддзі, аднак і праз 200 гадоў сярод даследчыкаў дзекабрызму няма не толькі адзіных поглядаў на мэты і дзейнасць дзекабрысцкага руху, але і на тое, каго трэба лічыць дзекабрыстам. У апошнія дзесяцігоддзі паняцце «дзекабрыст» стала імкліва набываць самыя розныя сэнсавыя азначэнні. Праблема ў тым, што адшукаць дакладныя крытэрыі немагчыма. Незразумела, што браць за аснову — сяброўства ў дзекабрысцкіх арганізацыях, удзел у паўстанні, адбыванне пакарання ў Сібіры? А што рабіць з тымі дзекабрыстамі, якія трапілі пад следства, але не былі пакараныя? Альбо з тымі, хто падчас паўстання выступіў на баку ўлады супраць нядаўніх таварышаў?
Цалкам заканамерна, што адна з лепшых сучасных знаўцаў дзекабрысцкага руху прафесар, доктар гістарычных навук Аксана Кіянская яшчэ ў 2005 годзе прапаноўвала ўвогуле адмовіцца ад ужывання слова «дзекабрыст». На яе погляд, «адэкватнага азначэння гэтага тэрміна знайсці нельга, таму што яго проста не існуе». Праз 10 гадоў у інтэрв’ю яна зноў выказала аналагічныя думкі: «Канешне, дзекабрыстазнаўства ў класічным разуменні памерла. Перш за ўсё, згубіў сваё значэнне сам тэрмін «дзекабрысты», своеасаблівая ідэалагема, у якую бальшавікі ўнеслі класавы складнік».

Талерка з выявамі дзекабрыстаў да 100-годдзя паўстання
Савецкая гістарычная навука настолькі паспяхова займалася міфалагізацыяй мінулага, што шмат гэтых міфаў захаваліся ў гістарычнай памяці грамадства нават пасля знікнення СССР. У гэтым шэрагу пачэснае месца займае міфічная гераізацыя дваран-рэвалюцыянераў, што рыхтавалі паўстанне дзеля народа. Але ці былі дзекабрысты сапраўднымі рэвалюцыянерамі? Самі яны, прынамсі, такімі сябе не лічылі. Напрыклад, Аляксандр Бястужаў шчыра засведчыў на допытах: «Мы больш за ўсё баяліся народнай рэвалюцыі» («Восстание декабристов», Том 1, 1925).
Сучасныя дзекабрыстазнаўцы прызнаюць, што будзе памылкова характарызаваць дзекабрыскія таварыствы і суполкі як рэвалюцыйныя арганізацыі. Там хапала выпадковых людзей, а большасць удзельнікаў ніколі не збіраліся разам і не ведалі адзін аднаго ў твар. Па сутнасці, гэта быў не арганізаваны рух, а перыядычныя таварыскія сустрэчы. Вядомая даследчыца Вольга Эдэльман вельмі ўдала называе дзекабрыстаў «дыскусійным клубам», лічачы, што «ўся іх дзейнасць зводзілася да больш ці менш абстрактных размоў у сяброўскім коле». У іх не было ні планаў будучых рэформ, ні нават адзінства поглядаў на тыя ці іншыя грамадскія праблемы.
На запярэчанне, што дзекабрысты распрацавалі канстытуцыйныя праекты, заўважым, што гэты прыклад наадварот яскрава паказвае адсутнасць завершаных уяўленняў наконт будучыні краіны і народа. Размова ідзе пра так званыя канстытуцыі Мікіты Мураўёва і Паўла Песцеля, згадка пра якія ёсць амаль ва ўсіх падручніках па гісторыі і праве, даведніках і энцыклапедыях. На жаль, мала дзе згадваецца, што гэтыя праекты так і засталіся чарнавымі недапісанымі накідамі.
Канстытуцыйны праект Мураўёва захаваўся ў трох варыянтах, два з якіх з’яўляюцца копіямі, зробленымі ў розны час яго знаёмымі. Трэці варыянт напісаў сам Мураўёў па патрабаванні следчай камісіі ўжо пасля арышта. Ён аднаўляў праект па памяці і наўрад ці жадаў зрабіць гэта дакладна. Улічваючы ўсё гэта, а таксама тое, што ўсе тры варыянты адрозніваюцца паміж сабой у дэталях, нельга казаць, што мы маем аўтэнтычны тэкст, да якога можна ставіцца з даверам. Дарэчы, ў гэтым дакуменце прадугледжваецца захаванне пасады імператара, што зноў-такі ставіць пад сумнеў рэвалюцыйнасць дзекабрыстаў.
Іншы праект — «Руская праўда» Песцеля — у савецкі час прапагандаваўся як найвышэйшае дасягненне дзяржаўна-прававой думкі дзекабрыстаў. Адзначалася, што праца над «Рускай праўдай» працягвалася каля дзесяці гадоў. Сёння гэта абвяргаецца, даводзіцца, што Песцель пачаў пісаць праект у 1824 годзе, а потым згубіў да яго інтарэс. І ў гэтым выпадку маем незавершаны чарнавік, з якога бачна, што аўтар планаваў напісаць 10 глаў. Поўнасцю былі напісаны толькі тры главы, яшчэ дзве засталіся ў чарнавых рукапісах. Цікава, што некаторыя даследчыкі робяць высновы, што няверна называць «Рускую праўду» канстытуцыйным праектам, бо яна больш падобна на тэарэтычны трактат, а не прававы дакумент.

Рукапіс «Рускай праўды», фота: Вікіпедыя
Можна даволі ўпэўнена меркаваць, што калі б не раптоўная смерць Аляксандра I, знакамітага супрацьстаяння на Сенацкай плошчы проста не здарылася б. Імператар ведаў пра змову, яму перадалі спісы з імёнамі змоўшчыкаў, якіх збіраліся арыштаваць. Калі б ён памёр на месяц-два пазней, у падручніках і энцыклапедыях было б напісана не пра дзекабрыстаў, а пра няўдалую спробу купкі дваран стварыць тайныя таварыствы. Менавіта таму самае дзіўнае ў 200-гадовай эпапеі дзекабрызму тое, што паўстанне адбылося зусім выпадкова, што, у прынцыпе, абумовіла яго непазбежнае паражэнне.
Так ці інакш, дзеячы і дзеянні 14 снежня 1825 года назаўжды ўвайшлі ў гісторыю. У XIX стагоддзі гэта была гісторыя Расійскай імперыі, у XX стагоддзі — Савецкага Саюза. Сфармаваная канцэпцыя дзекабрызму мела ўсеагульны характар для існуючых тады нацыянальных гістарычных школ і супольнасцей.
Дзекабрысцкі рух разглядаўся не як лакальная падзея ў грамадска-палітычных працэсах Расіі, а як гістарычна важная з’ява для ўсіх народаў на прасторы СССР. Перагляд стаўлення да дзекабрыстаў, іх ролі ў канкрэтнай нацыянальнай гісторыі пачаўся параўнальна нядаўна.
Найбольш радыкальная трансфармацыя ў адносінах да дзекабрыстаў назіраецца сёння ва Украіне. Гэта вельмі паказальна, бо ўкраінскае дзекабрыстазнаўства заўсёды знаходзілася на высокім даследчым узроўні. Кіраўнік навуковай школы прафесар Г. Д. Казьмірчук надрукаваў шматтомнае выданне «Декабристи в Україні». Рэгулярна праходзілі адмысловыя міжнародныя канферэнцыі, выдадзены шэраг зборнікаў дакументальных матэрыялаў. У час скрупулёзнага пошуку было падлічана, што дзекабрысты тым ці іншым чынам мелі сувязі з 232 населенымі пунктамі Украіны. Дадаткова адзначым, што адных толькі манаграфій на тэму «Тарас Шаўчэнка і дзекабрысты» вядома больш дзясятка.
Тым не менш пад уплывам нацыятворчага развіцця і несупыннай расійскай агрэсіі стаўленне да дзекабрызму сярод украінцаў кардынальна змянілася.
У 2023 годзе Украінскі інстытут нацыянальнай памяці зрабіў заключэнне, што палітычная платформа дзекабрыстаў асноўвалася на імперскіх падыходах. У кастрычніку 2025 года дзекабрыстаў уключылі ў афіцыйны пералік асобаў і падзей, якія сімвалізуюць расійскую імперскую палітыку. У рамках дэкаланізацыі тапаніміі перайменавалі або дэмантавалі шмат аб’ектаў, якія назвалі ці ўсталявалі ў іх гонар на тэрыторыі Украіны.

Скрыншот з сайта uinp.gov.ua
На беларускіх землях таксама ёсць прыкметы знаходжання тут дзекабрыстаў. Так, у Нясвіжы падчас ваеннай службы жыў Кандрацій Рылееў. У вёсцы Выганічы Валожынскага раёна кватараваў Аляксандр Бястужаў, што стала нагодай для ўстанаўлення памятнага знака. Пра гасцяванне ў Мінску Мікіты Мураўёва сведчыць мемарыяльная дошка. Магілёўскія краязнаўцы распавядуць, што ў горадзе існаваў філіял Паўночнага таварыства, праўда, нічым асаблівым ён сябе не праявіў.
Помнік Бястужаву ў Выганічах. Фота: silent-way.by
У параўнанні з нашымі ўкраінскімі суседзямі да дзекабрыстаў у Беларусі ставяцца абыякава-нейтральна. Патлумачыць гэта можна традыцыйным успрыняццем дзекабрыстаў як гераічных змагароў з царскім самаўладствам.
Аднак калі б беларусы па-сапраўднаму цікавіліся мінулым сваёй краіны, яны б даведаліся, што ў дзекабрысцкіх праектах для Беларусі не было месца.
Аб русіфікатарскіх поглядах дзекабрыстаў пісалі яшчэ дарэвалюцыйныя даследчыкі. Мітрафан Доўнар-Запольскі ў кнізе «Ідэалы дзекабрыстаў» (1907 год) ахарактарызаваў ідэйныя пастулаты Паўла Песцеля наступным чынам: «На самай справе такія захады як увядзенне рускай мовы ці як каланізацыі іншародцаў сярод рускіх і наадварот, выяўляюць усе прызнакі абрусіцельнай тэндэнцыі».
Славуты беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч падкрэсліваў, што ў «Рускай праўдзе» было абгрунтавана «правядзенне палітыкі жорсткай русіфікацыі». Песцель перакананы, што «Расія ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная». Таму Фінляндыя, Беларусь, Грузія, Каўказ, народы Сібіры і шмат хто яшчэ павінны «навекі адмовіцца ад права асобнай Народнасці», «ніколі карыстацца не могуць самастойнай незалежнасцю». Згодна з ідэямі Песцеля, «усе плямёны павінны злітымі быць у адзін Народ», «у адну агульную масу зліць так, каб насельнікі цэлай прасторы Расійскай Дзяржавы ўсе былі Рускія», каб «панавала адна толькі мова расійская».
Неабходна дадаць, што імперскія перакананні дзекабрыстаў засталіся з імі да канца жыцця. Яны прыхільна рэагавалі на ваенные дзеянні Расіі на Каўказе, падтрымлівалі крывавае задушэнне польска-беларускага паўстання ў 1863 годзе, абураліся «гнілым Захадам». Калі гэта героі, то героі не нашы і не нашай уласнай гісторыі. Можна не сумнявацца, што Беларусь спакойна абыдзецца як без дзекабрыстаў, так і без іншых чужацкіх дзеячаў і юбілеяў...
В. С., Budzma.org