Гісторыя беларускага пратэсту. Частка І

09.02.2021

9 лютага паўгады, як у Беларусі не сціхаюць пратэстныя акцыя, якія распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні. Пратэсты на тэрыторыі беларускіх зямель выкліканыя палітычным ці сацыяльна-эканамічным незадавальненнем грамадства маюць глыбокія гістарычныя карані. Гэта паўстанні 1794 году, 1831-га, а таксама 1863-1864 гг., а таксама бунты ў часы міжваеннай Польшчы і страйкі ў савецкі час, але сёння мы ўзгадаем пратэсты і выказванне незадаволенасці беларускага насельніцтва ў сучаснай гісторыі нашай краіны. Budzma.by сабрала інфармацыю пра самыя яскравы мітынгі і шэсці апошніх 30-ці гадоў, а таксама падрыхтавала стужку часу на якой можна адсачыць і іншыя адметныя пратэстныя акцыі.


Дзяды «88»

Распачаць варта з вялікага антыкамуністычнага шэсця 30 кастрычніка 1988 года. Гэта быў час калі ўся камуністычная сістэма СССР і сама краіна рыпела і прадчувала хвалю свежага паветра. У краінах саюза ствараліся партыі і палітычныя рухі што імкнуліся да незалежнасці сваіх гістарычных тэрыторый, Беларусь была не выключэннем.


Дзяды. 30 кастрычніка 1988 крыніца vytoki.net

На хвалі перабудовы, створаны не задоўга да шэсця арг.камітэт Беларускага Народнага Фронта «Адраджэнне» на чале з Зянонам Пазняком сумесна з Супольнасцю маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі падалі заяўку на правядзенне шэсця «Дзяды» на якім планавалася ўшанаваць памяць продкаў. Пасля публікацыі працы Зянона Пазняка — «Курапаты — дарога смерці», асноўнай мэтай гэтага шэсця павінна было стаць не толькі ушанаванне продкаў, але і раскрыццё праўды аб рэпрэссіях на тэрыторыі Беларусі ў сталінскія часы. Менавіта з-за гэтага, шэсце ў Курапаты можна назваць антыкамуністычным.

Правесці шэсце ўлады Мінска не дазволілі, але дзякуючы інфармаванню насельніцтва праз лістоўкі, на шэсце да Курапатаў 30 кастрычніка сабралося да 20 тысяч чалавек. Улады прадпрынялі ўсе захады каб мітынг не адбыўся. Дзве апошнія станцыі метро былі зачынены, з-за чаго людзям прыйшлося ісці пешшу. Падчас мітынга супраць удзельнікаў былі накіраваны міліцыянты што прымянілі гумовыя дручкі, а таксама слезацечны газ. Шматлікія мітынгуючыя былі збіты і затрыманы.

Знакаміты беларускі пісьменнік Васіль Быкаў быў адным з удзельнікаў гэтага шэсця, вось што ён узгадваў у сваёй кнізе «Доўгая дарога дадому»: 

— «Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменік Уладзімер Арлоў».

Не гледзячы на тое што шэсце было разагнанае, заставалася некалькі гадоў да таго моманту, калі людзі атрымалі магчымасць выйсці на шэсце дзяды з нацыянальнымі беларускімі сцягамі і ўшанаваць памяць продкаў.

Менская вясна 1996 

2.Менская вясна 1996 г. (крыніца 90s.by).jpg
Менская вясна 1996 г. (крыніца 90s.by)

У красавіку 1996 года, паміж Беларуссю і Расеяй павінны былі быць падпісаны першыя дамовы аб інтэграцыі, з гэтай нагоды, традыцыйнае шэсце да Дня Волі пераўтварылася ў сапраўдны массавы пратэст на вуліцах Менска які доўжыўся на працягу вясны 96-га.

Арганізацыю шэсця да Дня Волі ўзначаліў БНФ і асабіста Васіль Быкаў, пратэстуючыя некалькі разоў прарывалі міліцэйскія кардоны, а таксама ўступалі ў сутыкненні са спецпадраздзяленнямі. Шэсце прайшло ад плошчы Незалежнасці да Опернага тэатру. Удзельнікі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Незалежнасць!», «Далоў Лукаша!». Падчас мітынгу ўдзельнікі пачалі збіраць грошы «на білет Лукашэнку да Масквы», а кіраўнікі апазіцыі спрабавалі дамагчыся тэлевізійнага эфіру.

2-га красавіка паміж Беларуссю і Расеяй усё-ж такі была падпісана дамова аб супольнасці дзвух краін і ўжо ў гэты ж дзень вуліцы сталіцы напоўніліся пратэстуючымі, колькасць якіх складала каля 30 тысяч. Самае массавае і жорсткае шэсце той вясны адбылося 26 красавіка, на 10-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, так званы — «Чарнобыльскі шлях». На акцыю сабралося ад 30 да 60 тысяч чалавек. У Беларусь нелегальна вернуўся Зянон Пазняк, які пасля мітынгаў мусіў з’ехаць назад. Супраць пратэстуючых выйшлі беларускія і па некаторых звестках расейскія спецпадраздзяленні, на што пратэстуючыя адказалі моцным супрацьстаяннем.

6.Менская вясна 1996 г..jpg
Менская вясна 1996 г. (крыніца 90s.by)

Дэманстранты пераварочвалі міліцэйскія аўтамабілі і уступалі ў сутыкненні з супрацоўнікамі органаў. Дзясяткі людзей у форме ратаваліся пераплываючы Свіслач, у якую іх скідалі пратэстуючыя. Пасля акцыі каля 30 супрацоўнікаў АМАПа і 200 супрацоўнікаў унутраных спраў, апынуліся ў шпіталях. Некалькі украінскіх нацыяналістаў былі асуджаны па ўгалоўных артыкулах, а Аляксандр Лукашэнка рэзка выказаўся ў бок сілавікоў за пассіўнасць. Ужо 1-га траўня 1996-га чарговае шэсце на чале з Мікалаем Статкевічам было разагнанае супрацоўнікамі АМАПа. 

5.Менская вясна 1996 г. (крыніца 90s.by).jpg
Менская вясна 1996 г. (крыніца 90s.by)

Пратэстныя акцыі працягнуліся і праз год, у весну 1997-га. 23 сакавіка шэсце па праспекту Скарыны (сёння Незалежнасці) і мітынг на плошчы Якуба Коласа скончыліся сутыкненнямі з міліцыяй, пасля таго як супрацоўнікі ўнутраных органаў паспрабавалі затрымаць некалькіх актывістаў БНФ. У міліцыю тады паляцелі камяні з боку дэманстрантаў. Былі разбіты шыбы ў некалькіх міліцэйскіх аўтамабіляў і аўтобусаў. 1-га красавіка мірны пратэст быў заблакаваны ў раёне мінскага чыгуначнага вакзала, пасля чаго дэманстранты разышліся. 2-га красавіка ў дзень падпісання саюзнай дамовы Беларусі і Расеі прайшлі як апзіцыйныя, так і праўладныя мітынгі. Самы вялікі адбыўся каля опернага тэатру, адкуль удзельнікі шэсця рушылі да пасольства Расейскай Федэрацыі, тады ж і распачалася бойка паміж дэманстрантамі і АМАПам. У той дзень пратэстуючых збівалі гумовымі дручкамі ўсіх хто патрапляў пад руку, у тым ліку і жанчын.

Марш свабоды 1999

У 1999 годзе было пяцігоддзе абрання Аляксандра Лукашэнка на пост кіраўніка краіны, але ўлады прынялі за кропку адліку тэрміна 1996 год, пасля таго як была прынята новая рэдакцыя Канстытуцыі. Альтэрнатыўныя выбары не атрымаліся і скончыліся расчараваннем ў апазіцыі і раздзяленнем БНФ. А над Беларуссю павісла сапраўдная пагроза інтэграцыі з Расеяй. 

7. Марш Свабоды 1999 (крыніца 90s.by).jpg
Марш свабоды 1999 г. (крыніца 90s.by)

На 17 кастрычніка быў запланаваны вялікі Марш Свабоды, перад якім вялася добрая піяр-кампанія. У розных гарадах краіны, людзям раздваліся лістоўкі, значакі і іншая атрыбутыка запланаванага маршу. Улады забаранілі рух па маршруту, які прапанавала апазіцыя. Шэсце накіравалі ў парк Сяброўства народаў на плошчы Бангалор. Днём актывісты пачалі збірацца на плошчы Якуба Коласа, дзе і адбыліся першыя затрыманні.

Цікавы факт: (Хтосці з удзельнікаў марша прывёў з сабой чорнага казла, на рагах якога была замацавана шыльдачка з імём кіраўніка Беларусі. Але АМАП хутка арыштаваў жывёліну і пасадзіў у міліцэйскі аўтамабіль). 

8. Марш Свабоды 1999 (крыніца 90s.by).jpg
Марш свабоды 1999 г. (крыніца 90s.by)

Па падліках на шэсце сабралося каля 30 тысяч удзельнікаў. Пры чым сярод іх былі як тыя хто даволі рэзка выказваўся супраць інтэграцыі з РФ, так і тыя хто быў не супраць саюзу з суседняй дзяржавай, але Беларусь усё роўна павінна заставацца незалежнай краінай. Падчас маршу вельмі часта адбываліся правакацыі, на плошчы Змітрака Бядулі, хтосці кінуў петарду ў будынак дзе месцілася аддзяленне пошты, якое загарэлася. Удзельнікі маршу самі патушылі агонь, хоць і самі атрымалі ажогі.

На вуліцы Першамайскай дарогу перакрыў кардон АМАПа. Не гледзячы на перамовы, далей дэманстрантаў не прапускалі, калі было вырашана вяртацца да плошчы Якуба Коласа, удзельнікаў атакавалі са спіны. Тады ў супрацоўнікаў органаў пачалі ляцець камяні і тратуарная плітка. Удзельнікі марша спрабавалі вызваліць ішных дэманстрантаў з рук АМАПаўцаў.

Адзін з удзельнікаў Марша Свабоды ўзгадвае: «Пасля падзей 96-га года, я сыйшоў з "Маладой Грамады" і стаў сябрам "Маладога Фронта". Напэўна гэта прымусіла мяне крыху радыкалізавацца. На Марш Свабоды ў 99-м, я ехаў як кіраўнік гарадзенскай структуры Маладога Фронту. Рознымі шляхамі нас ехала прыкладна 100 чалавек. Падчас шэсця, мы былі сярод тых, хто ішоў у першых шэрагах. Адбывалася вельмі шмат правакацыяў, але за гэтым сачыў Белы Легіён і выкідаў з натоўпа правакатараў. Мы выйшлі на вуліцу якая была перакрыта АМАПаўцамі. Зусім не чакана ў супрацоўнікаў міліцыі паляцела плітка, хутчэй за ўсё, гэта зрабіў хтосці з правакатараў. Пасля чаго АМАП пайшоў на людзей. Першыя шэрагі былі адразу адбіты і распачаўся хапун які працягваўся вельмі доўга. Я ляцеў праз увесь Менск і зараз нават не ўзгадаю як мы ўсе сабраліся разам, каб ехаць назад.

Спачатку была эйфарыя, што нас так шмат, мы схадзілі на мітынг, далей рушым шэсцем, а потым гэтая плітка і ўсё астатняе. Для мяне было проста шокам, бо ніхто такога не чакаў. Усё планавалася як мірны марш. Мы спецыяльна абыходзілі ўсіх міліцыянтаў, каб толькі не зачапіць».

Пасля марша больш за сто ўдзельнікаў звярнуліся па дапамогу да медыкаў. Таксама пацярпела 56 супрацоўнікаў міліцыі. Больш за 200 чалавек было арыштавана пасля шэсця.

Марш Свабоды 1999 года, стаў канчатковай кропкай пратэстнага дзесяцігоддзя. У 2000 годзе Марш Свабоды — 2, ужо быў не такім яскравым і массавым, а наступны массавы пратэст адбудзецца ўжо толькі ў 2006 годзе.

Антон Шаранкевіч, Budzma.by