Да чарговых угодкаў Ашмянскай бітвы, якая адбылася 8 снежня 1432 года, прыгадваем асноўныя моманты з жыцця вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, які ачольваў адзін з яе бакоў.
Выява Свідрыгайлы з кнігі Аляксандра Гваніні, 1578 год.
У гісторыі бывае так, што пасля сыходу моцнага ўладара, нашчадкі не заўжды могуць справядліва падзяліць спадчыну, якую той ім пакінуў. Пачынаюцца інтрыгі, звады, міжусобіцы і нават войны, якія могуць прывесці, у тым ліку, да поўнага распаду вялікай дзяржавы. Так ледзь не здарылася і з Вялікім Княствам Літоўскім пасля таго, як у лепшы свет адыйшоў вялікі літоўскі князь Вітаўт ў кастрычніку 1430 года.
Вітаўт Вялікі і сам зведаў горкі ўдзел у міжусобных канфліктах. Ягоны бацька Кейстут у жніўні 1382 года быў задушаны ў Крэве, куды прыехаў на перамовы са сваім пляменнікам — Ягайлам. Будучы сапраўдным ваяром з уласным кодэксам гонару, ён спачатку аддаў уладу брату Альгерду, а пасля ягонай смерці ў 1377 годзе падтрымаў пляменніка. Вітаўт тады не быў забіты разам з бацькам, ён застаўся жыць, і яму нават удалося выбрацца са зняволення ды ўратавацца.
Ілюстрацыя: карціна “Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы” Войцэха Герсана, 1873 год
Праз 10 гадоў пасля тых падзей паміж стрыечнымі братамі Вітаўтам і Ягайлам было заключана Востраўскае пагадненне, якое зацвярджала перадачу Вітаўту поўнай улады ў ВКЛ. Сам жа Ягайла на той момант ужо кіраваў суседняй дзяржавай, якая аб’ядналася з княствам пасля Крэўскай уніі ў 1385 годзе. Праўда, літоўскім каралём, як Ягайла ў Польшчы, Вітаўт так і не стаў, але гэта не перашкодзіла яму трапіць у лік надзвычай паспяховых уладароў.
Князь Ягайла
Пасля смерці Вітаўта ўлада нарэшце трапіла ў рукі да Свідрыгайлы. Ён быў абраны вялікім князем літоўскім шляхтай ВКЛ, нарэшце атрымаўшы ад яе шырокую падтрымку. Сваё права на ўладу Свідрыгайла абгрунтаваў тым, што нібыта перад смерцю бацька запавёў перадаць сталец менавіта яму. Так гэта было ці не — пакуль застаецца таямніцай.
Свідрыгайла — родны брат Ягайлы. Чалавек з аднаго боку легкадумны, а з іншага вельмі жорсткі, а пры гэтым яшчэ і даволі амбітны. Ён нарадзіўся недзе паміж 1369 і 1376 годамі і быў малодшым сынам князя Альгерда. Паводле сучаснікаў меў вялікую прыхільнасць да выпіўкі, у чым быў абсалютна не падобны да бацькі, які зусім не ужываў алкаголю і вёў, кажучы сучаснай мовай, здаровы лад жыцця.
Копія пячаткі князя Свідрыгайлы
Гадаваўся малады князь на поўначы Беларусі — у Віцебску, дзе ў 1391 годзе нават паспрабаваў падняць паўстанне. Тады горад узялі войскі Вітаўта са Скіргайлам, а малады мяцежнік быў зняволены. Далей ён шукаў падтрымкі, як унутры краіны, так і за яе межамі. За сувязь з тэўтонамі ў 1409 зноў трапіў у зняволенне, дзе знаходзіўся да 1418 года. Гэта было лагічна, бо наперадзе была вызначальная для княства Грунвальдская бітва.
Абранне Свідрыгайлы вялікім князем адбывалася без удзелу Польшчы, то бок у абыход нормаў польска-літоўскай уніі, што ў сваю чаргу справакавала напружаную сітуацыю — заставаўся літаральна адзін крок да вайны. Сустрэцца і дамовіцца можна было, але Свідрыгайла не спяшаўся гэта рабіць, згадваючы, як родны брат забіў уласнага дзядзьку ў Крэўскім замку ў 1382 годзе. Тады супраць яго і саспела змова.
У Ашмянах літоўскімі князямі Жыгімонтам Кейстутавічам і Сямёнам Гальшанскім была ажыццёўлена спроба забойства Свідрыгайлы. Той, праўда, у выніку застаўся ў жывых, але ягоная цяжарная жонка трапіла ў палон да змоўшчыкаў. Ад гэтага моманту ў ВКЛ пачалася крывавая феадальная вайна, якая цягнулася шэсць гадоў.
На чале тых, хто быў незадаволены свідрыгайлавай палітыкай і выступаў за старыя парадкі, стаў Жыгімонт Кейстутавіч, малодшы брат Вітаўта, які, калі той яшчэ быў жывы, не меў палітычнай вагі. Гэта быў недаверлівы ўладар, які з цяжкасцю ішоў на кампрамісы, паўсюль шукаў змовы ды наогул, здаецца, не надта любіў людзей. Па злой іроніі лёсу ён і сам быў забіты змоўшчыкамі.
Жыгімонт Кейстутавіч
Пасля няўдалага замаху Свідрыгайла ўцёк у Полак, дзе быў прыхільна сустрэты мясцовай знаццю. Там ён пачаў збіраць войска. Часта Свідрыгайлу ў гістарычных публікацыях малююць вялікім прыхільнікам «рускай» часткі княства і нават праваслаўя. Часткова гэта так, але не варта забывацца, што ён быў сярод тых, хто ў лютым 1386 года разам з Ягайлам прымаў каталіцтва. Яго хрысціянскае імя — Баляслаў.
Сабраўшы войска Свідрыгайла рушыў на Літву. Сустрэліся варагуючыя бакі 8 снежня 1432 года пад Ашмянамі, дзе і адбылася бітва. Паводле згадак у летапісах, сеча была лютай і цягнулася да самага вечара. Па першым часе верх браў Свідрыгайла, але ў выніку перамог Жыгімонт. Свідрыгайлу давялося вярнуцца ў Полацк, а многія з яго паплечнікаў былі або забітыя, або трапілі ў палон.
На наступны год ён арганізуе яшчэ адзін паход на Літву, які таксама скончыцца паразай. Пасля яго Свідрыгайла схаваецца на некаторы час у Мсціславе. Горад будзе аточаны войскамі Жыгімонта, але яны так і не здолеюць яго ўзяць і сыдуць ні з чым. За тое ў 1434 годзе Свідрыгайла возьме Менск, жыхары якога адмовіліся вызнаваць ягоную ўладу — горад будзе спалены, а многія мужчыны і жанчыны трапяць у палон. Жыгімонт у сваю чаргу сілай падпарадкуе Берасце.
На гэты момант па факце ВКЛ распадаецца на дзве часткі: Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Вільні, дзе была рэзідэнцыя Жыгімонта Кейстутавіча і Вялікае Княства Рускае са сталіцай у Полацку, дзе ўладарыў Свідрыгайла.
Чаму «руская» частка падтрымала Свідрыгайлу і доўгі час не прызнавала сваім уладаром Жыгімонта Кейстутавіча?
На гэты конт у гісторыкаў ёсць некалькі версій. Звычайна ў тым канфлікце бачаць гістарычныя супярэчнасці Літвы і Русі, а таксама канфесійны чыннік. Але лагічнай падаецца таксама думка аб тым, што Полацк ды Віцебск па-просту захоўвалі вернасць легітымнаму кіраўніку.
Кропкі над «і» расставіла Вількамірская бітва 1435 года, дзе Свідрыгайла зноў пацярпеў сакрушальную паразу ад Жыгімонта Кейстутавіча. Ягонае войска было разбітае, а самому Свідрыгайлу з невялікай колькасцю баяраў давялося зноў уцякаць у Полацк. Моцна аслаблены ён спачатку працягне вайну, а потым будзе спрабаваць дамовіцца з супернікам. Гэта не прынясе яму ніякага плёну.
Сітуацыя зменіцца ў 1440 годзе, калі Жыгімонт Кейстутавіч будзе забіты ў выніку змовы. Свідрыгайла здолее прымірыцца з Казімірам Ягайлавічам — адмовіцца нарэшце ад прэтэнзій на сталец, а наўзамен атрымае ад маладога кіраўніка ўладанні пад Львовам. З 1442 года і да самай сваёй смерці ў 1452 годзе ён будзе кіраваць Луцкім княствам, якое пасля так і застанецца ў складзе ВКЛ.
Гісторыя Свідрыгайлы цікавая найперш тым, як з маладых гадоў ён спрабаваў змагацца са старэйшымі братамі за ўладу, а нарэшце атрымаўшы яе, не здолеў ёй распарадзіцца належным чынам. Здаецца, яму ўвесь час не хапала фартуны, аб якой разважаў Нікало Макіявелі ў сваім знакамітым трактаце «Уладар».
Ф.Т., budzma.org