Гісторыя вандроўнай тэатральнай трупы са Смаргоншчыны: як ва ўмовах татальнай паланізацыі захаваць любоў да роднай мовы

14.08.2021 Тэатр

Вясковыя акцёры і тэатралы? А чаму б і не! Як кажуць, не хлебам адным жыве чалавек. Нават у даволі цяжкія і напружаныя міжваенныя гады ХХ стагоддзя жыхары вёсак і мястэчкаў нашага краю знаходзілі час, каб дакрануцца да мастацтва, у тым ліку і да тэатральнага.

Пра гісторыю сапраўднага беларускага вандроўнага тэатру – гуртка з вёскі Шутавічы, што пад Смаргонню, піша Аляксандр Камінскі ў «Рэгіянальнай газеце».


  1.-шутавічы-тэатральны-гурток2-696x461.jpg
Група ўдзельнікаў тэатральнага гуртка з в. Шутавічы. Другі злева ў верхнім радзе (сядзіць) - кіраўнік Войцех Шутовіч. Фота забяспечанае аўтарам


Нягледзячы на ўсе цяжкасці, што чыніліся польскімі ўладамі і іх падпяваламі, гэтак званымі «саламянымі палякамі» — беларусамі, якія выракліся роднай мовы і сваёй нацыянальнай прыналежнасці на карысць «польшчызны», ствараліся і дзейнічалі шматлікія беларускамоўныя тэатральныя гурткі.

Ва ўмовах татальнай паланізацыі яны, як маглі, імкнуліся захаваць у сэрцах землякоў любоў да роднай мовы і іншыя патрыятычныя пачуцці.

З тагачасных газет даведваемся, што ў нашых мясцінах такія творчыя калектывы існавалі ў Смаргоні, у вёсках Копцевічы, Арляняты, Жодзішкі, Белявічы, Баруны, Румянцава з-пад Беніцы.

Крыху пра гастролі артыстаў з Шутавічаў

Найбольш вядомым — сапраўдным беларускім вандроўным тэатрам — быў гурток з вёскі Шутавічы, што пад Смаргонню. Штогод самадзейныя артысты развучвалі і інсцэніравалі каля дзесяці спектакляў. І паказвалі іх не толькі аднавяскоўцам. Са сваімі прадстаўленнямі яны абышлі-аб’ехалі абшары Ашмянскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Віленска-Троцкага паветаў. Калектыў быў даволі вялікі, што дазваляла гурткоўцам брацца за выкананне нават такіх насычаных персанажамі і статыстамі п’ес, як «Не розумам сцяміў, а сэрцам» Вікенція Аўдзея.

Дарэчы, прозвішчы некаторых шутавіцкіх акцёраў можна знайсці на старонках тых жа міжваенных заходнебеларускіх газет: Аляксандра і Ганна Шчасныя, Юля, Зося, Марыя і Віктар Янчуковічы, Ганна і Вінцук Шутовічы, Антось Жабінскі, Міхась Федаровіч, Юлюк Купіцкі, Міхась Асілоўскі, С. і П. Сасноўскія. Нязменным і нястомным кіраўніком калектыву быў Войцех Шутовіч.

А першая абвестка аб выступленні шутавіцкага тэатральнага калектыву з’явілася ці не ў лютым 1927 года. Тады на суд гледачоў-аднавяскоўцаў была прапанавана трагікамедыя Янкі Быліны «Выбары старшыні». Дапаўнялі вечарыну пазнавальны рэферат, дэкламацыя вершаў і танцы.

2.-абвестка.jpg
Абвестка аб выступленні шутавіцкага тэатральнага гуртка ў газеце “Беларуская крыніца”. Забяспечана аўтарам.

А далей — пайшло-паехала...

Гастрольны графік самадзейных артыстаў часам быў даволі шчыльным. Да прыкладу, у маі 1929 годзе яны паспелі пабываць у вёсках Вялікая Мыса, Свірыдавічы, Мажалі, дзе давалі па аднаму, а то і па два спектаклі. 22 мая імі былі прадстаўлены п’есы «Паўлінка» Янкі Купалы і «Заручыны Паўлінкі» Францішка Аляхновіча жыхарам мястэчка Крэва. Канечне ж, не пакінулі артысты без вечарыны і сваіх аднавяскоўцаў.

У газеце «Беларуская крыніца» за 15 лютага 1929 года жыхар вёскі Суцькава дзеліцца ўражаннямі ад выступлення гасцей з Шутавічаў, якія былі запрошаны мясцовым праваслаўным святаром А. Сліжом. Жыхары Суцькава і навакольных вёсак прагледзелі спектаклі «Мікітаў лапаць» і «Боты». І сам аўтар допісу, і яго аднавяскоўцы, уключаючы святара і настаўніка тутэйшай школы, былі ў вялікім захапленні ад убачанага і пачутага. Яшчэ больш узрушыла тое, што грошы, сабраныя за прагляд спектакляў, артысты перадалі на рамонт мясцовай царквы, разбуранай у час Першай сусветнай вайны.

Куды ішлі заробленыя грошы

На што ішлі зборы ад іншых выступленняў — пра тое даведваемся з адной газетнай справаздачы аб дзейнасці шутавіцкай суполкі Беларускага інстытута гісторыі і культуры, да якой належаў тэатральны гурток. У першую чаргу, грошы траціліся на культурна-асветніцкія мэты: набываліся кнігі для бібліятэкі, быў куплены радыёпрыёмнік. Некаторая частка прыбытку ішла на правядзенне лекцый спецыялістаў у гаспадарчай галіне, на набыццё гаспадарчых машын.

Вядома ж, патрабаваліся сродкі і на падрыхтоўку тэатральнага рэквізіту, на грымёра і музыкаў. Тое-сёе трацілася на правядзенне ранішнікаў для дзетак і разнастайных народных гулянняў, кшталту Купалля, апісанне якога знаходзім у газеце «Беларуская крыніца» за 17 жніўня 1929 года. І канечне ж — дабрачыннасць.

Да прыкладу, калі артысты даведаліся, што ў Свірыдавічах у аднаго гаспадара згарэла хата, то ўвесь збор ад прадстаўлення вырашылі перадаць пагарэльцам.

Як перашкаджалі артыстам палякі і беларусы

Нягледзячы на ўвесь той пазітыў, які сваёй шчырай дзейнасцю неслі ў масы шутавіцкія актывісты, ад самага пачатку на іх шляху ўзнікалі рознага кшталту складанасці. Калі перашкоды беларускім дзеячам чынілі палякі — гэта зразумела: такая была тады дзяржаўная палітыка па апалячванні жыхароў усходніх ускраін. Але калі палкі ў колы ставілі свае ж, хто пад уздзеяннем прапаганды вырашыў перарадзіцца ў палякаў, — гэта было крыўдна і балюча.

Здараецца, што ўчынкі менавіта такіх перараджэнцаў нясуць большую небяспеку, чым учынкі сапраўдных чужынцаў.

27 жніўня 1927 года, калі гурткоўцы ладзілі ў сваёй вёсцы чарговы спектакль-вечарыну, пяцёра такіх вось «саламяных палякаў», якія пры папярэдніх уладах пра сваю польскасць нават і не здагадваліся, папярэдне падпіўшы, пачалі рознымі агіднымі спосабамі зрываць прадстаўленне. Сабраўшыся ля дома, у якім праходзіла вечарына, а то і пранікаючы ў яго, яны гучна лаялі і арганізатараў спектакля, і гасцей. Мала таго, яны пачалі па-бандыцку закідваць гасцей камянямі, а некаторых пабілі кулакамі.

Паліцыя, якая па сваім абавязку павінна была прысутнічаць на мерапрыемстве, ледзьве ўціхамірыла нягоднікаў. Пазней некаторыя з пакрыўджаных падалі ў суд на бандытаў. Нечакана, але смаргонскі суд апынуўся на баку справядлівасці, і пяцёрцы «герояў» былі прызначаны даволі вялікія штрафы — ад 20 да 50 злотых, а ў выпадку нявыплаты — ад двух да сямі дзён арышту. У далейшым «саламяныя палякі» не буянілі, аднак адзін з іх — «найгоршы прайдзісвет» і «подлы авантурнік» Адольфка Шутовіч — быў заўважаны за іншымі дробнымі паскудствамі: ён здзіраў афішы гуртка і перадаваў іх у паліцыю.

А вось прыклады ціску на шутавіцкіх беларускіх патрыётаў з боку ўладаў.

4 чэрвеня 1927 года, на другі дзень праваслаўнай Сёмухі, гурткоўцы пастанавілі паказаць для аднавяскоўцаў спектакль па п’есе Францішка Аляхновіча «Птушка шчасця». Як тое і належала, яшчэ ў маі яны звярнуліся да павятовага старасты за дазволам зрабіць гэта. Звычайна, праблем не ўзнікала: працэдура лічылася фармальнай, дазвол прыходзіў у гмінны паліцэйскі пастарунак у Смаргоні, і яго можна было забраць за некалькі дзён да прадстаўлення. 2 чэрвеня гурткоўцы выслалі да пастарунка свайго чалавека па той дазвол, але там сказалі, што ён яшчэ не прыйшоў. Тое ж паўтарылася і на наступны дзень. У дзень запланаванага прадстаўлення дзяжурны па пастарунку сказаў, што паперка з дазволам прыйшла, паліцэйскі павёз яе на ровары ў Шутавічы. Праўда, атрымаць той дазвол удалося не адразу.

Усяляк ухіляючыся ад перадачы гурткоўцам дакумента, ён быў уручаны ім толькі праз дзве з паловай гадзіны пасля запланаванага на пачатак спектакля часу, калі гледачы і артысты ўжо змарыліся чакаць.

З ухмылкай агледзеўшы падрыхтаваную сцэну і загрыміраваных артыстаў, паліцэйскі не спяшаючыся выняў патрэбную паперку з сумкі. Як высветлілася, павятовы стараста гэтым разам адмовіў шутавіцкім артыстам у правядзенні прадстаўлення. Тлумачыў ён гэта тым, што ў заяўцы быццам бы не быў прадстаўлены склад тэатральнай трупы. Здзеклівыя паводзіны паліцэйскага былі непрыемным дапаўненнем да гэтай нечаканай навіны.

3.-адмова.jpg
Адмова. Забяспечана аўтарам.

Іншым разам улады вырашылі ўчыніць ціск на гурток праз праверку справаводства. Калі аказалася, што ўсе паперы ва ўстанове ў парадку, рэвізоры ў справаздачы па выніках праверкі ўсё ж напісалі некалькі надуманых заўваг. Аднак гурткоўцы выказалі пратэст, і тыя вымушаны былі адступіць і напісаць так, як усё было насамрэч.

На жаль, з цягам часу ў вясковых аматараў беларускага тэатральнага мастацтва пачало з’яўляцца яшчэ больш праблем. З кожным разам усё цяжэй і цяжэй было дабівацца ў гміннага і павятовага кіраўніцтва дазволу на правядзенне беларускамоўных прадстаўленняў.

Польскім чыноўнікам ва ўсім падобным бачылася «пагроза грамадскай бяспецы».

Хутка ўлады пастанавілі, што пастаноўкі на беларускай мове павінны ісці толькі ўслед за абавязковымі ў праграме польскамоўнымі. Праз нейкі час іх наогул забаранілі, а кіраўніка шутавіцкага тэатральнага гуртка Войцеха Шутовіча за яго патрыятычную дзейнасць на два месяцы пазбавілі волі.

У мудрагелістай драме рэальнага жыцця чужынцы дыктавалі беларусам свае сюжэты.

P.S. Такім чынам, шутавіцкі гурток Інстытута гаспадаркі і культуры і тэатральная трупа пры ім былі да пачатку 1930-х гадоў ліквідаваны. Але доўга яшчэ давала ведаць пра сябе засеянае гэтымі шчырымі патрыётамі ў душы землякоў зерне любові да роднай зямлі і мовы. І заходнебеларускія газеты яшчэ неаднойчы знаходзілі нагоду, каб згадаць Шутавічы ў сваіх матэрыялах.

Дарэчы, ёсць скупая інфармацыя пра тое, як закончыўся жыццёвы шлях былога кіраўніка шутавіцкага тэатральнага гуртка Войцеха Шутовіча. Ужо ў час нямецкай акупацыі, знаходзячыся ў Астраўцы, ён быў забіты паліцаямі, якія прыслужвалі немцам, але паходзілі з колішніх «саламяных палякаў». У чарговы раз перарадзіўшыся, тыя працягвалі тварыць свае чорныя справы супраць супляменнікаў, якія не здраджвалі сваім продкам, ва ўсе часы і пры любых абставінах заставаліся беларусамі.


Рэгіянальная газета