Памерла маці Кацярыны Ваданосавай

Памерла маці вядоўцы ютуб-канала «Будзьма беларусамі!» Кацярыны Ваданосавай. Пра гэта Кацярына паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбук. Напарэдядні Калядаў у Нэлі Ваданосавай адбылося кровазліццё ў мозг, ёй зрабілі аперацыю, але жанчына так і не прыйшла ў свядомасць.


neli_vadanosava-01.jpgНэлі Ваданосава

«34 гады мая мама чакала сустрэчы з маім татам. Спадзяюся, яны ўжо разам. А я цяпер круглая сірата. Мама памерла», напісала ў Фэйсбуку Кацярына Ваданосава ўвечары 1 студзеня.

23 снежня ў Нэлі Ваданосавай здарыўся інсульт. Дактары прыехалі хутка, адвезлі яе ў бальніцу, там зрабілі аперацыю, але жанчына так і не прыйшла ў сябе. 

«Маю маці падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх і да іншых сістэм забеспячэння жыццядзейнасці. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзіны шлях», — напісала тады Кацярына Ваданосава.

Нэлі Ваданосава чакала рашэння па міжнароднай абароне. Як выявілася, Ужонд па справах уцекачоў не ўнёс яе ў базу забяспечаных страхоўкай, і Кацярына не ведала, ці зможа дамагчыся яе забеспячэння. Кацярына апасалася, што рахунак за аперацыю і іншыя медычныя паслугі можа скласці ад дзясяткаў да сотняў тысяч злотых. У сувязі з гэтым быў адкрыты тэрміновы збор на падтрымку Нэлі Ваданосавай. Суму, заяўленую ў зборы,  закрылі за няпоўныя тры дні.

У верасні 2025 года Нэлі Ваданосаву збіраліся дэпартаваць з Польшчы ў Літву на падставе Дублінскага пагаднення. Але Варшаўскі адміністрацыйны суд прыпыніў выкананне пастановы, і жанчына засталася з сям’ёй у Беластоку.
Рэдакцыя «Будзьма беларусамі!» выказвае шчырыя спачуванні Кацярыне Ваданосавай з нагоды смерці мамы. Рай светлы яе душы.