Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў новым відэапраекце ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Гісторыя за 5 хвілін». Кожны аўторак мы з прафесарам Краўцэвічам чакаем вас на нашым YouTube-канале ці на сайце.
Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.
У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.
У стартавым відэа-роліку гісторык распавядзе пра першых людзей на тэрыторыі сучаснай Беларусі: што было на нашай зямлі да іх, калі і чаму яны тут з’явіліся, як жылі і чым займаліся? І адкажа на пытанне, чаму так мала вядома пра далёкіх продкаў сучасных беларусаў.