Агідны і адыёзны. Гісторыя жыцця Фабіяна Акінчыца

Сёння, 20 студзеня, спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Акінчыца — вельмі неадназначнага беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, юрыста, публіцыста, рэдактара, прапагандыста і аднаго са стваральнікаў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.

І калі пра яго апошнія гады, якія прыпалі на час Другой сусветнай вайны вядома шмат, то пра гады маладосці — амаль нічога. У гэтым матэрыяле паспрабуем расставіць кропкі над «і» ў ягоным жыццяпісе, каб адказаць на галоўнае пытанне — што прывяло гэтага чалавека да захаплення гітлераўскім нацыянал-сацыялізмам?

1.jpg
Фабіян Акінчыц у маладыя гады

Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 студзеня 1886 года ў даволі заможнай каталіцкай сям’і ў засценку Акінчыцы на Міншчыне, акурат у тым самым месцы, дзе за 4 гады да яго з’явіўся на свет Канстанцін Міцкевіч, больш вядомы нам па псеўданіме Якуб Колас. Цяпер тая невялічкая вёсачка — гэта частка Стоўбцаў.

Палітыкай Фабіян Акінчыц цікавіўся з маладых гадоў. Ужо з 1906 года ён быў так званым эсэрам — сябрам расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, паспеў нават зазнаць пераслед ад царскіх уладаў. Значна пазней, калі ўжо будзе датычны да стварэння Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, ён пафасна напіша, аддаючы даніну гадам уласнай маладосці: «За беларускімі сацыял-рэвалюцыянерамі слаўнае мінулае, а за беларускімі нацыянал-сацыялістамі слаўная будучыня».

У тым самым 1906 годзе Фабіян Акінчыц перабіраецца ў сталіцу Расейскай імперыі, дзе вучыцца на юрыдычным факультэце Пецярбурскага ўніверсітэта. Пасля сканчэння вучобы ў 1913 годзе Акінчыц працяглы час працаваў па атрыманай спецыяльнасці — юрыстам. Гэта, можа, і не прыносіла вялікіх грошай, але прынамсі ён не займаўся цяжкой фізічнай працай або выпадковымі падпрацоўкамі, як многія іншыя беларускія дзеячы той пары.

У Беларускім руху персанажы падобныя да Акінчыца заўжды заставаліся на другім, а то і трэцім плане — акурат таму цяпер мы мае вельмі мала звестак пра тое, чым будучы правадыр «нацыянал-сацыялістаў» займаўся да стварэння сваёй партыі. Вядома, што ад 1923 года ён жыў у Заходняй Беларусі, куды ўваходзіла ў тым ліку і ягоная малая радзіма.

Пэўны час ён працаваў настаўнікам, а таксама браў удзел у беларускім палітычным і культурніцкім жыцці. У 1926-1927 гадах Фабіян Акінчыц уваходзіў у кіраўнічыя органы Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы.

2.jpg
Фабіян Акінчыц у 1926 годзе

У самым канцы 1926 года ён быў арыштaваны польскімі ўладамі і прыгавораны пазней да 8-мі гадоў зняволення. Але з польскай вязніцы Акінчыц выйшаў датэрмінова — у 1930 годзе. І ўжо з гэтай гісторыі пачынаюцца «белыя плямы» ў ягоным жыццяпісе, бо да канца не зразумела, што з ім адбывалася ў вязніцы і падчас судовага працэсу. Справа ў тым, што «Грамада» пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча была самай масавай беларускай партыяй у Заходняй Беларусі, бо толькі адных сябраў у партыі было каля 100 тысяч чалавек. Таму яна аб’ектыўна рабілася мішэнню для санацыйных уладаў, якія імкнуліся любым коштам аслабіць беларускі рух. Разам з тым арганізацыя карысталася любой падтрымкай Масквы — як фінансавай, так і маральнай. У сваю чаргу займаючыся прамоцыяй савецкага ладу.

Аб гэтым добра напісаў Францішак Аляхновіч у сваёй аповесці «У капцюрох ГПУ»:

«Адзiн раз, у жнiўнi 1926 году, у нядзелю ў кiно „Helios“ пры Вiленскай вул. адбываўся мiтынг. Гаварыў кiраўнiк „Грамады“ Тарашкевiч. Пасьля яго меўся прамаўляць Рак-Мiхайлоўскi ды iншыя грамадаўцы. Аднак, iм ужо не ўдалося выйсьцi на трыбуну, дзеля таго што прадстаўнiк польскае ўлады, якi быў на мiтынгу, спынiўшы пару разоў першага прамоўцу, распусьцiў мiтынг.

Кiно было перапоўненае. Настрой панаваў гарачы. Ад часу да часу адна частка публiкi перашкаджала прамоўцы варожым крыкам, другая — бiла шалёнае брава.

Калi-б зборка ня была разагнаная, дайшло-б да бойкi. Па Вiленскай вулiцы разьяжджалi конныя палiцыянты. На гэтым мiтынгу быў i Попутчiк. Разам з iншымi глядзеў на прамоўца Тарашкевiча, прагавiта глытаючы кожнае ягонае слова, разам з iншымi скрыгатаў зубамi i сьцiскаў кулакi, калi мiтынг быў распушчаны».

І вось тут пачынаецца самае цікавае. Бо, як высвятляецца з матэрыялаў «грамадоўскай» справы, закідвалі арыштаванаму не толькі замах на дзяржаўны лад Польшчы — у прынцыпе даволі стандартнае абвінавачванне для беларускага дзеяча той пары, асабліва левага кірунку. Акінчыцу таксама закідвалі ўцягванне новых сябраў у дзейнасць грамады, збіранне фінансавання, арганізацыю баявых атрадаў і сталыя сувязі з ППС-лявіцай, то бок польскімі левымі.

На судзе шмат якія абвінавачванні Фабіян Акінчыц адрынаў, заяўляючы, што знаходзіцца ў зняволенні незаконна. Але і зняволенне, і ўласна працэс моцна змянілі яго. Бо пасля вызвалення ён стаў абсалютна іншым чалавекам. Імаверна, што ў часе знаходжання за кратамі Фабіян Акінчыц і праўда пераканаўся, што сярод левых беларускіх актывістаў безліч савецкіх агентаў або як-мінімум павязаных з маскоўскім Камінтэрнам людзей.

Вызвалены Фабіян Акінчын стаў даволі падазрона ставіцца да колішніх сябраў па арганізацыі. Таксама з падазрэннем пачаў адносіцца і да левых ідэяў. І гэта для колішніх паплечнікаў выглядала вельмі дзіўна, бо яшчэ зусім нядаўна ён быў перакананым левым — чалавекам, які быў у эсэраўскім руху яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, меў сувязі, як з расейскімі, так і польскімі левымі, але цяпер усё часцей глядзеў у бок правых. Якіх у Еўропе пасля прыходу да ўлады Беніта Мусаліні ў Італіі, а праз адзінаццаць гадоў і ў Нямеччыне Адольфа Гітлера, толькі болела.

У 1931 годзе Фабіян Акінчыц нечакана для ўсіх выдае брашуру, якая называецца «Чаму гэта так сталася?», дзе ў палемічным тоне спрабуе разабрацца з колішнімі сваімі паплечнікамі-«грамадаўцамі», якіх абвінавачвае ў здрадзе:

«Прынамсі для мяне, адцярпеўшага ў розныя часы, пачынаючы ад 1906 г. каля 10 гадоў турмы і ссылкі—дабро працоўнага народу было заўсёды тою кіруючаю сьцежкаю, па каторай я ішоў у сваім жыцьці. Кіраваўся я гэтым самым і цяпер, калі парваўшы ўсе палітычныя сувязі з сваімі былымі сябрамі, рашыў застацца тут, на сваей Бацькаўшчыне і працаваць на карысьць таго народу, з якога я выйшаў і сам. Парваць гэтыя сувязі і адмовіцца ад падпарадкаваньня большасьці выехаўшых павадыроў Грамады зьявілася на мой пагляд бязумоўна патрэбным, пры тых абставінах, якія стварыліся. Я лічу, што ўсе тыя, хто пакінуў у сучасны мамэнт сваю Бацькаўшчыну і сваіх былых сяброў ня толькі на волі, але і па турмах—зрабілі вялікую палітычную памылку і здрадзілі нашай нацыянальнай справе».

На гэтым ён аднак не спыніўся і праз 2 гады, у 1933 годзе, выдаў брашуру з інтрыгоўнай назвай — «Правакацыя беларускага народу», дзе паспрабаваў прааналізаваць пагляды Браніслава Тарашкевіча.

5.jpeg
Вокладка брашуры «Правакацыя беларускага народу», 1933 год

Публікацыя гэтай брашуры выклікае ўзаемныя абвінавачанні — колішнія «грамадаўцы» называюць Акінчыца прапольскім правакатарам, які быў інтэграваны ў арганізацыю з мэтай яе развалу. Фабіян Акінчыц, у сваю чаргу, правакатарамі і здраднікамі лічыць Тарашкевіча, Мятлу, Рак-Міхайлоўскага ды іншых «грамадаўцаў» першай велічыні, якія альбо ўжо ад’ехалі ў Савецкі Саюз, або збіраліся гэта зрабіць.

Ад гэтага моманту можна смела сцвярджаць, што Фабіян Акінчыц пераходзіць на антыкамуністычныя і антылевыя ідэалагічныя рэйкі. І акурат гэты час прыпадае на прыход да ўлады Адольфа Гітлера, і Фабіян Акінчыц відавочна знаходзіць сабе новы ўзор для пераймання — нямецкіх нацыянал-сацыялістаў, якія нягледзячы на ўсю сваю ваяўнічую рыторыку, фактычна дарваліся да ўлады дэмакратычным шляхам і ў той момант карысталіся падтрымкай насельніцтва. Акінчыц збірае вакол падобных да сябе незадаволеных тагачаснай беларускай павесткай Уладзіслава Казлоўскага, Кастуся Юхневіча, Альбіна Стэповіча ды іншых і абвяшчае ўвосень 1933 года аб стварэнні Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Друкаваным органам новапаўсталай арганізацыі будзе часопіс «Новы шлях», які выходзіў з лістапада 1933 года па лістапад 1937 года.

4.pngПершы нумар часопіса «Новы шлях», 1933 год

Малаколькасная партыя, падобна сваім «старэйшым братам» з Берліна, адразу кінулася ў антылевую рыторыку і радыкальны антысемітызм. Ва ўсіх бедах вінавацілі чужынцаў, найперш, канешне ж, габрэяў. Палякі абвінавачваліся ў паланізацыі, а расейцы ў русіфікацыі. Пры гэтым нейкіх канкрэтных планаў вырашэння праблемаў на старонках друкаванкі не давалася, толькі абстрактныя лозунгі кшталту «Супроць чужога нацыяналізму — свой нацыяналізм!» Неўзабаве звярнулі ўвагу на дзейнасць партыі і польскія ўлады. Спачатку яе дзейнасць была абмежаваная ў межах прыгранічнай зоны, а пазней і ўвогуле забароненая.

3.jpgФабіян Акінчыц у атачэнні паплечнікаў, 1937 год

З ліпеня 1939 года Фабіян Акінчыц жыў у Берліне, дзе атрымаў пасаду кіраўніка Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды Нямеччыны. З пачаткам Другой сусветнай вайны ён канчаткова стаў на нямецкі бок. На пачатку 1941 года ён быў загадчыкам школы прапагандыстаў пад Берлінам, дзе асабіста займаўся падборам кадраў для немцаў часта з польскіх і савецкіх ваеннапалонных. Амбіцыі Фабіяна Акінчыца былі куды большымі, чым проста чыноўнік-калабарант у нямецкім абозе, таму ён усяляк імкнуўся аднавіць дзейнасць створанай ім партыі і пазмагацца за ўладу ў беларускіх арганізацыях.

Нічога добрага з гэтага не выйшла, бо ў выніку Фабіян Акінчыц растраціў рэшту свайго палітычнага капіталу. Вядома, што ў змаганні за ўладу ён не толькі чыніў самыя розныя інтрыгі, але і пісаў даносы на іншых прадстаўнікоў беларускай супольнасці. У прыватнасці, акурат Акінчыцу закідваюць напісанне даносаў на ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які быў расстраляны немцамі ў Трасцянцы ў 1942 годзе.

Сам жа Фабіян Акінчыц быў забіты маскоўскімі партызанамі ў Мінску ў пачатку сакавіка 1943 года. Пра ягоную смерць не пісалі ні газеты, ні паведамляла радыё. А па вайне большасць даследчыкаў, як тых, хто быў з БССР, так і тых, хто выехаў на Захад, ацэньвалі ягоную ролю ў Беларускім руху выключна негатыўна. Такім быў бясслаўны канец чалавека, які меў неблагі старт, але кепска скончыў праз сваё захапленне радыкальнымі ідэямі.

Л. Г., Budzma.org