У выдавецтве RozUM Media выйшла друкам найноўшая кніга лаўрэата прэміі Гедройця (2016) Макса Шчура «Разьюшанасьць і любоў».
Кніга — вольны працяг 900-старонкавых успамінаў «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» (SayBeat, 2025). Новы твор мае падтытул «Успаміны кліматычнага актывіста» і прысвечаны дзвюм рэвалюцыям 2019—2020 гадоў: кліматычнай і беларускай.
Паводле аўтара, кніга ёсць увасабленнем «антылітаратуры». Праз адсутнасць часу на творчасць яна ўзнікла спосабам «ліхаманкавай фіксацыі вольнай плыні маўлення» на працягу 13 дзён студзеня 2026 года.
У кнізе 292 старонкі, яна праілюстраваная фатаздымкамі з архіву аўтара, утрымлівае мноства постпаэтычных тэкстаў і нецэнзурнай лексікі.
Старт продажаў кнігі «Разьюшанасьць і любоў» — у суботу 30 траўня аб 11-й гадзіне на Варшаўскім кніжным кірмашы.
Але ўжо сёння яе можна набыць у асобных беларускіх кнігарнях
Пра аўтара:
Макс Шчур нарадзіўся ў 1977 г. у Берасці, друкавацца пачаў пры канцы 1980-х. У 1990-х вучыўся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, тусіў з калектывам газеты «Навінкі» і антыпартыйнай групай «Чырвоны Жонд», напісаў сатырычную п’есу «Смерць тырана». У 1998 годзе эміграваў у Чэхію. Рэдагаваў літаратурныя інтэрнэт-выданні «Невідочнае места» і «Літраж», працаваў на «Радыё Свабода» і тэлебачанні «Белсат». З 2005 года супрацоўнічае з Групай чэхаславацкіх сюррэалістаў, з 2013-га — з выдавецтвам Чэшскай анархісцкай федэрацыі («Радыкальны буддызм», «Артыкулы пра рэвалюцыю»). Выдаў шэраг кніг паэзіі і прозы. У ягоных чэшскіх перакладах з беларускай выйшлі кнігі М. Багдановіча, В. Вальтара, М. Дзядка, Е. Вежнавец, Дз. Строцава. Перакладае з чэшскай, англійскай і іспанскай моў. Вядзе падкаст «З праджні ў шуньяту: герэтычныя гутаркі пра буддызм і літаратуру» на сваім канале @luempen на YouTube.