Парламент у фэйсбуку. Навошта гэта ўсё?

19.05.2026

У адным старым фільме гучала: у адносінах з жанчынай можаш быць якім-заўгодна, галоўнае, не быць сумным — boring. Падобнае правіла працуе і ў палітыцы. Выбары ў КР аказаліся не толькі boring, але і цалкам незразумелымі паспалітаму выбарцу.

Каго і куды выбіраюць, дзе яно ўсё, а галоўнае: што нам да гэтага?

Пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду разважае пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

Палітыка — гэта заўжды шоу. У добрым сэнсе, не блытайце з «цыркам». Шоу — гэта відовішча. Яно павінна ўражваць. Для таго і існуюць рытуалы: палац прэзідэнта, парламент, прысяга і г. д. Здаецца, без гэтага можна абысціся. Якая вам розніца, дзе працуе прэзідэнт? Якая розніца, на якой кнізе ён прысягае?

А насамрэч яно — важна. Людзі так уладкаваныя. Мы — любім рытуалы і эфекты. Абранне сабе падобных на прадстаўнічыя пасады — таксама рытуал. Роўна як і закідванне паперкі ў скрынку. Яно адкладаецца ў памяці, значыць — было. Калі не адкладаецца, значыць... можа і было, але не з намі. Нас там не было.

КР.pngФота: Белсат

Памацаць няма чаго — пустка

Пытанне «Навошта КР?» пачынаецца з пытання: «А дзе КР?». Фізічна — дзе яна знаходзіцца? Дзе сядзяць усе гэтыя добрыя людзі? Ці бачылі яны адно аднаго хоць раз па-за межамі чатаў? Можа, іх партрэты згенеравала нейрасетка?.. Лічбавае галасаванне — гэта зручна. Але мы сутыкаемся з эфектам адчужэння: не бачым ані скрыняў, ані паперак, ані іншых выбарцаў, ані тых, за каго галасуем.

Дзе яно? У тэлефоне. Значыць, і КР — таксама ў тэлефоне. Парламент у фэйсбуку. І прадстаўляць нас усіх, КР будзе, відаць, таксама ў фэйсбуку, у матрыцы. А чалавеку ж хочацца памацаць рукамі, каб зразумець, што яно ёсць. «Укласці пальцы ў раны», каб паверыць. Тут памацаць няма чаго. Пустка. Лічба.

Удзельнічаць у «камп'ютарнай гульні», па выніку, наважылася 2100 чалавек. У тры разы меней, чым два гады таму. Можна спісаць гэтую лічбу на сістэмную працу спецслужбаў, ОК. Але, такім самым чынам, можна спісаць на спецслужбы ўсё, што заўгодна. Калі я напішу і выдам дрэнную кнігу з Пагоняй на вокладцы, а яе ніхто не купіць, то таксама спішу на спецслужбы. Правільна?

halasavannie.jpgПапярэднія вынікі галасавання. Крыніца: тэлеграм-канал КР

Рашэнне, прынятае адзінагалосна

Магчыма, КР — гэта сапраўды важна. Супраца з Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы, прадстаўнічая і сімвалічная функцыі, праца камісіяў, якія рыхтуюць праекты рэформаў для новай Беларусі... А яшчэ — гэта калыска беларускай дэмакратыі і парламентарызму, добра-добра. Хай людзі вучацца, растуць, прадстаўляюць і сімвалізуюць.

Але калі з паловы мільёна беларусаў, якія знаходзяцца ў замежжы, у галасаванні прыняла ўдзел 2100 чалавек — гэта ж пра нешта сведчыць? Значыць, будучая Беларусь, над якой працуе КР, іх не тычыцца. Гэта не іхная Беларусь. Каго, у такім разе, будуць прадстаўляць тыя 80 абраных дэлегатаў? «Беларусаў будучыні»? А цяперашніх — хто?..

Пра беларусаў у Беларусі гаворкі няма. Уявіце, калі сярод нас, выгнанцаў, тыя выбары выклікаюць пытанні ці іронію, то — што кажуць на кухнях у Мінску ці Барысаве? Якімі словамі? А можа, не кажуць і не думаюць?.. У кожным разе, ані мы, ані дэлегаты КР гэтага не чуюць. І гэта, пэўна, таксама важнае рашэнне: не чуць людзей, якіх намагаешся прадстаўляць.

Рашэнне, прынятае адзінагалосна.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org