Шанаваная ў свеце, але забытая ў Беларусі: гісторыя жыцця сусветнавядомай фатографкі з Палесся Соф’і Хамянтоўскай

Са сваёй фотакамерай яна аб’ехала амаль увесь свет. У 30-я гады ХХ ст. была пераможцай найбуйнейшых фотаконкурсаў, а яе здымкі друкаваліся ў шматлікіх фатаграфічных выданнях Еўропы. Яна прымала ўдзел у дзясятках фотавыстаў і рабіла свае персанальныя ў Нацыянальным музеі Варшавы. Некалькі гадоў да Другой сусветнай вайны была галоўнай фатографкай Міністэрства камунікацыі Польшчы, а пасля вайны ў тым ліку па яе здымках узнаўлялі зруйнаваную Варшаву. Але нават у далёкай Аргенціне, куды фатографка эмігравала з Еўропы ў 1948 годзе, яна з асаблівай любоўю згадвала Палессе і родны Парахонск, што пад Пінскам.


Sofja Chamiantoŭskaja
Соф’я Хамянтоўская (за стырном аўто), здымак 1939 г.

Фатаграфія на памежжы краю і часу

Імя Соф’і Хамянтоўскай (Zofia Chomętowska) не толькі добра вядомае ў Польшчы, але і надзейна ўпісана ў сусветную гісторыю фатаграфіі. На жаль, у Беларусі пра яе згадваюць вельмі рэдка і толькі ў вузкім прафесійным коле. Нават Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў, ствараючы да Дня незалежнасці падборку ваенных фотакарэспандэнтаў, што фіксавалі падзеі Другой сусветнай вайны і яе наступствы, забыліся на Хамянтоўскую.

Падавалася, што ў 2010-х сітуацыя пачала мяняцца. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі ў Мінску польская Фундацыя Археалогіі Фатаграфіі (FAF) адкрыла вялікую выставу яе работ і прэзентавала шыкоўны фотаальбом са здымкамі міжваеннага Палесся. Пра яе творчасць пісалі артыкулы і знялі дакументальнае кіно. Але на гэтым усё і скончылася.

У Польшчы справы зусім іншыя! Тут можна не толькі прачытаць пра яе шматлікія артыкулы і кнігі, але і набыць якасныя альбомы са здымкамі, рэпрынты з фота ці нават калекцыйную фотапаштоўку з яе імянным штампам па сур’ёзным кошце. Хамянтоўская пазначана і ў спісе аўтараў, чые працы часцей за ўсё запытвалі ў мінулым годзе ў лічбавым архіве Музея Варшавы. Можна пералічваць далей, але і гэтага дастаткова, каб убачыць неверагодную розніцу: поўнае забыццё ў краіне, на тэрыторый якой яна нарадзілася, і такая вядомасць і павага ў суседняй Польшчы. Чаму так? Паспрабуем разабрацца.

Solitude, voz. Choĺča, 1931 h.
 Solitude, воз. Хольча, 1931 г.

Палессе

У 1911 г. дзевяцігадовай Соф’і бацька падарыў першы фотаапарат фірмы «Kodak». На той час гэта быў даволі тыповы падарунак у арыстакратычных сем’ях. Дзяўчынка паходзіла са шляхетнага роду Друцкіх-Любецкіх, а па лініі маці належала да Радзівілаў. Фатаграфаванне, якое пачыналася як забава і аматарская фіксацыя штодзённасці, паступова перарасло ў сур’ёзнае захапленне, а пазней і ў прафесію, якой яна паспяхова зарабляла сабе на жыццё.

Jakub Chamiantoŭski, Smaha, 1930 h.
Якуб Хамянтоўскі, Смага, 1930 г.

Чым так уражвалі яе здымкі? Што ўнікальнага рабіла гэтая маладая жанчына, якая ва ўзросце 26 гадоў пачала ўдзельнічаць і перамагаць у нацыянальных і міжнародных выставах і фотаконкурсах?

У адрозненне ад многіх іншых фатографаў, яна не проста назірала жыццё навокал, а фіксавала яго максімальна натуральным — без позы, пастаноўкі, а часам і з гумарам. Яе здымкі адрозніваліся незвычайнымі ракурсамі, напрыклад, дыяганальнае размяшчэнне архітэктурных аб’ектаў, краявіды ў абрамленні лісця бліжэйшых дрэваў ці віды горада, знятыя праз аркі, вокны альбо ажурныя рашоткі. Яна здымала не толькі днём, калі добрае натуральнае асвятленне, але і ноччу на доўгай вытрымцы. Хамянтоўская выкарыстоўвала надзвычай шырокі дыяпазон ракурсаў і кропак для фотаздымкі. Жадаючы шматбакова перадаць рэчаіснасць, яна здымала і відэа, якое пераўтварылася ў цэлы аматарскі фільм — «Я здымаю» («Ja kinuję»).




Стужка выдатна адлюстроўвае жыццё яе сацыяльнага кола канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя. З ім яна дэбютавала і атрымала ўзнагароду на Усеагульнай нацыянальнай выставе ў Познані ў 1929 годзе.

Kalaž
Палессе на здымках С.Хамянтоўскай (30-я гады ХХ ст.)

Сёння, калі ў кожнага ў кішэні смартфон, фурор таго фільма і падыходу да здымак можа падавацца дзіўным і незразумелым, але не 100 гадоў таму. Маючы вялікі досвед нагледжанасці — з самага дзяцінства дзяўчына шмат вандравала з бацькамі па Еўропе, і тонкае пачуццё моманту, Хамянтоўская была вельмі ўважлівай да дэталяў, гульні святла і ценю, да розных фактур і матэрыялаў. Акрамя таго, нягледзячы на высакароднае паходжанне і магчымасць бываць у самых шляхетных дамах Еўропы, яна была вельмі адкрытая да людзей любога сацыяльнага стану, а тыя адказвалі ёй узаемнасцю.

Са шматлікіх палескіх здымкаў на нас глядзяць вельмі розныя людзі — мясцовыя сяляне, яе сваякі і сябры, звычайныя мінакі. Яна фатаграфавала іх падчас працы ў полі ці на адпачынку, на паляванні і рыбалцы, на святах ці проста падчас вандроўкі па ваколіцах. Галоўнае, што абагульняе ўсе здымкі — натуральнасць схопленага моманту. Фатографка таленавіта спалучала дакументальнасць і мастацкія прыёмы. 

Яе архівы, уключаюць тысячы фотаздымаў, і на сённяшні час з’яўляюцца важнай крыніцай для даследчыкаў, бо даюць матэрыялы для вывучэння розных аспектаў жыцця Заходняй Беларусі і Польшчы. Гэта ўнікальнае візуальнае сведчанне аб культуры, побыце і архітэктуры вялікага рэгіёна да канца 30-х гадоў ХХ ст.

Kalaž
Людзі і іх заняткі на здымках С. Хамянтоўскай (30-я гады ХХ ст.)

Нават пераехаўшы ў Варшаву ў сярэдзіне 1930-х гг., Хамянтоўская прывозіла ў родны Парахонск сталічную эліту: мастакоў, пісьменнікаў, фатографаў, дыпламатаў — гэта было яе блізкае атачэнне. Яна заўсёды імкнулася паказаць гэты край з найлепшага боку, каб Палессе ўспрымалі не горш за Белавежскую пушчу. Не аднойчы да яе ў Парахонск завітваў і майстар польскай фатаграфіі — Ян Булгак. Так, у 1931 годзе, падчас іх сумеснага фотапленэру ён зрабіў здымак, які праз 5 гадоў стаў адной з ілюстрацый да тэзісаў яго вядомага твора «Polska fotografia ojczysta». Гэтая кніга стала адной з праграмных для польскай фатаграфіі.

«Čortaŭ most», zdymak Jana Bulhaka i zdymak Sofji Chamiantoŭskaj, 1931
«Чортаў мост», здымак Яна Булгака і здымак Соф’і Хамянтоўскай, 1931 

Jan Bulhak, 1931-1934 hh. Zdymak S. Chamiantoŭskaj
Ян Булгак, 1931-1934 гг. Здымак С. Хамянтоўскай

На вялікай ярмарцы ў Пінску «Jarmark Poleski» ў 1938 годзе адбылася сумесная фотавыстава Хамянтоўскай і Булгака, якая поўнамаштабна адлюстроўвала мастацкі погляд на турыстычныя магчымасці гэтага рэгіёна: краявіды, архітэктура і этнаграфія. Сам факт іх сумеснай выставы — не выпадковы. Булгак з вялікай павагай ставіўся да творчасці Хамянтоўскай. Ён — амаль што галоўны польскі фатограф, прэзідэнт Польскага Фотаклуба (Fotoklub Polski), а пазней і першы прэзідэнт Польскага саюза фатографаў — наўрад ці зрабіў бы такі маштабны праект з пасрэднай аўтаркай. У Беларусі вельмі шануюць Яна Булгака, аднак пра яго сяброўства, сумесныя творчыя пленэры і выставы з Хамянтоўскай даследчыкі нават не згадваюць.

Ярмарка праходзіла трэці год запар і планавалася быць штогадовай, але ў 1939-м пачалася вайна, і перад людзьмі паўсталі зусім іншыя праблемы і патрэбы. У тым ліку і для прафесійных фатографаў.

У сваіх успамінах — «Na wozie i pod wozem» — Хамянтоўская падрабязна апіша, як у верасні 1939 г. з небяспекай для жыцця яна дабіралася з Варшавы ў Парахонск, каб забраць дзяцей і родных, і як потым яны больш за месяц вярталіся ў Варшаву праз лясы. Але нам будзе асабліва цікавы гэты момант развітання з Палессем: «...За Бугам — Польшча. (...) З пакорай азіраешся на гэтую цудоўную прастору памежнай зямлі і ад думкі, што яе могуць так хутка ў нас забраць. Усведамленне таго, што гэтыя лясы і лугі будуць незнаёмымі, выклікае такое балючае пачуццё, што ўжо не хочацца рухацца наперад. Я хацела б вярнуцца туды і памерці пад дрэвам...» У той край яна больш ніколі не вярнулася.

Chamiantoŭskaja pad drevam, 1931
Хамянтоўская пад дрэвам, 1931. Здымак Якуба Хамянтоўскага

Парахонск, травень 2021 г.

Падчас вандроўкі на Палессе вясной — летам 2021 года я наведала Парахонск. Хацелася паглядзець, што засталося ад тых мясцін, якія Хамянтоўская здымала з такой любоўю. Не трэба быць празорцам, каб разумець, наколькі адрозніваецца Парахонск 20-х — 30-х гадоў мінулага стагоддзя і сённяшні. Меліярацыя 60-х гадоў ХХ ст. непапраўна змяніла гэтыя абшары: максімальна спрасціла іх для спадручнага карыстання. Аднак кожны раз, калі наведваешся ў мясціны, якія мелі багатую гісторыю, усё роўна на нешта спадзяешся. Маўляў, ты-та зможаш «убачыць» тое чароўнае мінулае, якога даўно не існуе. Тыя дамы і цэрквы, палі і лясы, рэкі і рачулкі, нават людзей з мінулай эпохі і ўловіш іх амаль чутны гоман. Наіўна? Мабыць і так, але гэта тое, што рухае нас да захавання сваёй гісторыі і спадчыны.

Šyĺda na ŭjezdzie ŭ Parachonsk, 2021 h.
Шыльда на ўездзе ў Парахонск, 2021 г.

Siamja Chamiantoŭskich z siabrami i rodnymi
Сям’я Хамянтоўскіх з сябрамі і роднымі на ганку сядзібы ў Парахонску, 30-я ХХ ст.

У 2011 годзе беларускі рэжысёр Юрый Гарулёў, які выпадкова даведаўся аб Хамянтоўскай, быў настолькі ўражаны яе асобай, што зняў дакументальную стужку, прысвечаную фатографцы — «Летапіс у промнях святла».

У адным з інтэрв’ю ён згадвае: «На радзіме Хамянтоўскай — у Парахонску — зусім нічога аб гэтай выбітнай жанчыне не нагадвае. (...) Мы паказалі фільм у Парахонску. Прысутнічалі і прадстаўнікі польскага боку. Мясцовыя жыхары паставіліся да фільма, мякка кажучы, холадна. Такое адчуванне, што проста сагналі ў кіно дзяцей, якім усё гэта было «да ліхтара». (...) З мясцовых улад не было нікога. Да беларускай спадчыны яны, відаць, ставяцца «абыякава»».

Мала што змянілася і праз 10 гадоў. На пытанне да супрацоўніц мясцовай пошты, ці ёсць у іх нейкая прамоўтарская прадукцыя пра Парахонск ці Пінск — самыя банальныя паштоўкі — яны вельмі здзівіліся. — «Не, у нас няма нічога. Навошта вам?». А калі згадала, што тут жыла і здымала вядомейшая фатографка, на мяне паглядзелі як на вар’ятку: — «Упершыню пра яе чуем!».

Які Парахонск зараз? Невялікі аграгарадок на 2000 жыхароў, дзе не ведаюць пра Хамянтоўскую і яе спадчыну. Безумоўна, гэта сумна і, на жаль, цалкам адпавядае сучаснаму падыходу беларускіх уладаў да культуры і гісторыі. Аднак, зацікавіўся жа ў свой час Гарулёў яе асобай. Абавязкова будуць і іншыя — калі стане магчымым рабіць у Беларусі хоць нешта, што адразу не будзе знішчана ці забаронена.

Працяг будзе!

Аўтарка: Марыйка Арлова

Фота аўтаркі, Фундацыі археалогіі фатаграфіі і з адкрытых крыніц

________

Шматбаковае даследаванне, падрыхтоўка і напісанне гэтага артыкула сталі магчымымі дзякуючы рэзідэнцыі прадастаўленай Праграмай PERSPECTIVES Journalists-in-Residence.

PERSPECTIVES _logo_ rgb horizontal color.png

Публікацыя гэтага артыкула з’яўляецца часткай Праграмы PERSPECTIVES — новай маркі незалежнай, канструктыўнай і шматперспектыўнай журналістыкі. Праект рэалізуецца сямю рэдакцыйнымі камандамі з Цэнтральна-Усходняй Еўропы пад кіраўніцтвам Goethe-Institut. Аўтарка гэтага артыкула ўдзельнічала ў рэзідэнцыі Праграмы PERSPECTIVES Journalists-in-Residence у Goethe-Institut Warszawa.