Перавыдалі грампласцінку з рок-операй «Гусляр» у выкананні «Песняроў»

Вядомая фірма гуказапісу «Мелодыя» перавыдала грампласцінку з рок-операй «Гусляр» у выкананні беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Арыгінальны запіс быў зроблены ў 1979 годзе.

Hrampłascinka

Музыку да рок-оперы напісаў Ігар Лучанок паводле паэмы Янкі Купалы «Курган», аранжыроўку выканаў Уладзімір Мулявін, запіс зрабіў гукарэжысёр — Рафаіл Рагімаў.

«Рэмастэрынг і рэстаўрацыю выканаў Максім Піліпаў. Матрыцы вырабілі з арыгінальных аналагавых майстар-стужак. Анатацыю да кружэлкі напісаў Дзяніс Баярынаў. Выданне змяшчае поўны тэкст лібрэта на беларускай і рускай мовах», — напісана ў сацсетках фірмы гуказапісу «Мелодыя».

Пра рок-оперу «Гусляр»

Для оперы «Песняры» пашырылі інструментальны склад: дадалі духавыя, струнныя, дадатковую рытм-секцыю. У музыцы цымбалы і жалейка гучаць разам з арганам Хамонда і сінтэзатарам Moog, а гуслі галоўнага героя «намаляваны» акустычнай гітарай з эфектам флэнжэра — новым эфектам для таго часу.