У чацьвер, 29 верасня, на паседжанні Слуцкага раённага Савета дэпутатаў было вырашана лічыць годам ўзнікнення Слуцка 1005 год, а не 1116-ты, як было раней. Такім чынам, горад «пасталеў» на 111 год, — піша «Кур’ер».
Выгляд на цэнтральную частку Слуцка. канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя.Рэканструкцыя: Сяргей Багдашыч, Ігар Ціткоўскі, кампутарная графіка: Яўгеній Мацюшын.
Раней «Кур’ер» у сваіх публікацыях неаднаразова пісаў пра тое, што Слуцк значна старэйшы, чым прынята лічыць. Яшчэ ў 1990-х краязнаўца Рыгор Родчанка прапаноўваў перагледзець узрост Слуцка і годам заснавання лічыць не 1116, а 1005 год.
З аналагічнай прапановай ў рэдакцыю звярталіся і чытачы, якія цікавяцца гісторыяй Слуцка. Напрыклад, у 2016 годзе чытач Валер у сваім лісце ў «Кур’еру» разважаў такім чынам: «У гісторыі Случчыны 1116 год, ад якога афіцыйна адлічваецца ўзрост нашага горада, быў адметны трагічнай падзеяй, звязанай з чалавечымі ахвярамі. У той год мінскі князь Глеб Усяслававіч здзейсніў напад на землі дрыгавічоў, якія належалі Уладзіміру Манамаху, і спаліў Слуцк. Гэтая падзея зафіксаваная ў «Аповесці мінулых гадоў»: «В лето 6624. Приходил Володимер на Глеба; Глеб бо воевал Дреговичи и Случеск пожег...». Гэты запіс і лічаць першай узгадкай пра Слуцк.
Пагадзіцеся, што дзеля таго, каб спаліць горад, ён мусіў, ужо існаваць. Калі Слуцк ў 1116 годзе гарэў, то, значыць, існаваў, інакш падпальваць не было б чаго».
На карысць версіі, што Слуцк на момант спалення, паводле тагачаснага разумення, быў буйным горадам, сведчыць і ўвага да яго мінскага князя. Бо мэта таго нападу — нанесці значную шкоду непрыяцелю. Калі Глеб абраў дзеля такога кроку Слуцк — значыць ведаў, што яго страта будзе адчувальнай для кіеўскага князя.
Рэканструкцыя: Ігар Ціткоўскі
У гістарычнай навуцы годам заснавання горада прынята лічыць ягоны першы ўспамін у старажытных летапісах і дакументах. Некаторыя гісторыкі ў сваіх кнігах пазначаюць розныя даты ўзгадкаў Слуцка: 1005, 1086, 1096, 1097 гады. Але ўсе яны не лічацца дакладнымі, паколькі дакументы не захаваліся.
Абіраючы ж годам заснавання Слуцка 1116, навукоўцы абапіраліся на летапіс «Аповесць мінулых гадоў».
Археолагі, базуючыся на матэрыялах раскопкаў маюць магчымасць толькі ўмоўна вызначыць час пераўтварэння славянскага паселішча ў горад. Паводле меркавання археолага Леаніда Калядзінскага, які неаднаразова ладзіў тут даследванні, ранейшых дадзеных не было. Гэта звязана з тым, што раскопкі адбываліся толькі на невяліках плошчы старажытнага слуцкага гарадзішча. Калі б яны былі больш маштабнымі, то, магчыма, з’явіліся б і іншыя знаходкі, якія дазволілі б аднесці ўзнікненне горада да ранейшага часу. Сам Леанід Калядзінскі выказаў меркаванне, што Слуцк, магчыма, ўзнік раней не на тэрыторыі вядомага гарадзішча (Замкавая горка), а недзе побач. Але матэрыялаў, што падцвердзілі б гэта, знайсці не атрымлівалася.
Выгляд на цэнтральную плошчу Слуцка. Пачатак ХХ стагоддзя. Рэканструкцыя: Сяргей Багдашыч, ігар Ціткоўскі, кампутарная графіка: Яўгеній Мацюшын.
У кастрычніку 2017 года іншы беларускі археолаг Алег Іоў на навукова-практычнай канферэнцыі ў Слуцку абвесціў вынікі восеньскіх раскопкаў 2013 года. Тады ў інстытут гісторыі НАН Беларусі звярнулася кіраўніцтва акцыянернага таварыства «Ракан» з прапановай правесці археалагічны нагляд у зоне пракладкі трубаправода да будынка колішняй фабрыкі па вытворчасці макаронаў, які пераўладкоўваўся ў ГЦ «Маяк».
Паводле вынікаў археалагічнага нагляду, невялікая частка культурнага слоя каля ракі Бычок была цалкам ацалелай. Знойдзеныя тут фрагменты керамікі могуць быць датаваныя Х-ХІ стагоддзямі.
Навукоўца выказаў меркаванне, што менавіта там магло існаваць славянскае паселішча дрыгавічоў, якое паступова ператварылася ў горад.
Алег Іоў падкрэсліў, што ацалелая частка культурнага слоя на беразе Бычка заслугоўвае далейшага дэталёвага даследання. «Тут магчымыя цікавыя і значныя для гісторыі Слуцка знаходкі, якія сведчылі б пра тое, што горад старэйшы як мініму на два стагоддзі», — сказаў археолаг.
Пра тое, што Слуцк значна старэйшы, чым прынята лічыць, у верасні абвесцілі слуцкія ўлады. «У інстытуце гісторыі НАН Беларусі падцвердзілі ранейшыя ўзгадкі Слуцка: ва ўстаноўчай грамаце, нададзенай кіеўскім князем Уладзімірам Тураўскай епіскапіі 6513 года (1005-1006 гг.).
Устаноўчая грамата захавалася ў «Кіева-Пячэрскім пацерыку». Яе арыгінал захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібоіятэцы ў Маскве ў зборы Траецка-Сергіеўскай лаўры», — паведаміў Уладзімір Гога, старшыня Слуцкага райвыканкама.
Менавіта на гэты дакумент абапіраўся Капыльскі савет дэпутатаў, калі некалькі год таму прагаласаваў за перанясенне даты заснавання Капыля з 1247 на 1006 год.
Новае датаванне ўзнікнення Слуцка — 1005 год — практычна супадае з працэсамі, якія адбываліся тады ў нашым краі. Гісторык Мікола Воўкаў ў сваёй кнізе «Слуцк на старых планах» піша: «Выбар гэтага месца для заснавання паселішча тлумачыцца ягонай зручнасцю для гаспадарчай дзейнасці і арганізацыі абарончых захадаў. З’яўленне і пашырэнне рэгіянальнага цэнтра на беразе рэчкі Случ было звязана з афармленнем раннедзяржаўных структураў на нашай зямлі. У той час Слуцк стаўся вайсковым, адміністратыўным, гаспадарчым і культурным цэнтрам асобнага рэгіёна».