Паглядзіце, якой магла б быць адна з цэнтральных вуліц Гомеля пры сучасным падыходзе да добраўпарадкавання. 3D візуалізацыя

Гомельцы і не толькі гомельцы прызвычаіліся глядзець на горад праз стандарты казарменнага добраўпарадкавання: ёсць плітачка, лавачка і ліхтар — выдатна. Аўтары тэлеграм-канала «У пошуках старога Гомеля» паспрабавалі паглядзець на прыкладзе вуліцы Мільённай (сёння Білецкага), як мог бы выглядаць цэнтр Гомеля пры сучасным падыходзе да добраўпарадкавання.


Візуалізацыі зробленыя на аснове 3D рэканструкцыі гістарычнага выгляду вуліцы Мільённай. Стварыць рэканструкцыі атрымалася дзякуючы старым планам і фотаздымкам, якія сёння знаходзяцца ў замежных архівах.

Вось якія трансфармацыі адбыліся з вуліцай згодна аўтарскай канцэпцыі добраўпарадкавання:

1. Вуліца стала пешаходнай

Gomel01.jpg

Гэта рэалістычны і чаканы варыянт для вуліцы, прылягаючай да парка. Чаму сёння вуліца прыстасаваная для бясплатнай паркоўкі соцень аўтамабіляў, патлумачыць цяжка. Вуліца павінна быць зручнай для прагулак і адпачынку гамяльчан, турыстаў, — лічаць аўтары канцэпцыі.

2. Гомельскі трамвай

Гомель02.jpg

Ці чулі калі-небудзь пра «Першы гомельскі трамвай»? Аўтары візуалізацыі прапануюць пабачыць яго. Гэта мара гамельчукоў першай паловы 20 стагоддзя і сімвал вялікіх укладанняў у развіццё зручнага сучаснага транспарту.

Спалучэнне трамвайных шляхоў з пешаходнай вуліцай шырока практыкуецца ў гістарычных цэнтрах еўрапейскіх гарадоў.

Дарэчы, трамвайная лінія менавіта на Білецкага праектавалася ў 1930-х гадах. Сёння ж трамвай — гэта дорагі від транспарту, але пры гэтым вельмі эфектыўны і экалагічны.

3. Азеляненне вялікімі дрэвамі

Гомель03.jpg

Гэта яшчэ адзін боль гамяльчан. З «нулявых» гадоў колькасць дрэваў у гістарычным цэнтры няспынна зніжаецца. Высаджванне і падтрыманне адразу вялікіх дрэваў у іншых гарадах — рэальная практыка.

4. Аднаўленне асобных помнікаў, якія былі знесеныя для пабудовы абкама, наўрад ці папсуе існуючы сквер — для аднаўлення будынкаў неабходны знос адзінкавых дрэваў. З плюсаў — магчымасць арганічна размясціць новыя аб’екты культуры ці кавярні.