Пракуратура Гомельскага раёна запатрабавала ад «Яндэкс Музыкі» выдаліць песні Tor Band і кантэнт суполкі «Маланка Медыя». Яны былі раней прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Як паведамілі ў пракуратуры, патрабаванне было накіраванае ў адрас ТАА «ЯндэксБел».
«Акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме», — адсправаздачыліся ў пракуратуры.
У прадстаўленні таксама змяшчалася патрабаванне выдаліць з «Яндэкс Музыкі» выступы Адольфа Гітлера і Беніта Мусаліні. Яно таксама было выканана.
Reform.news праверыў даступнасць трэкаў Tor Band у расійскім сэрвісе. Сапраўды, з беларускага IP нельга праслухаць частку кампазіцый, напрыклад, «Мы — не народзец», «Жыве», «Хто, калі не ты?», «Dead Мароз». Сэрвіс інфармуе: «Трэк не даступны па патрабаванні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым цалкам старонка групы не выдаленая, таксама даступныя некаторыя іншыя кампазіцыі.
З іншых лакацый, напрыклад, з расійскага IP, даступныя ўсе кампазіцыі гурта.
Нагадаем, рагачоўскі гурт Tor Band у 2020 годзе выпусціў некалькі песень на актуальныя тэмы, у тым ліку знялі кліп у памяць пра Рамана Бандарэнку. У кастрычніку 2022 года музыкі гурта былі затрыманыя. Супраць іх распачалі крымінальную справу. У канцы кастрычніка 2023 года Гомельскі абласны суд вынес прысуд музыкам: Зміцер Галавач атрымаў 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Яўген Бурло — 8 гадоў, Андрэй Ярэмчык — 7,5 гады калоніі. Яны абвінавачваліся ў распальванні варожасці, стварэнні экстрэмісцкага фармавання ці ўдзеле ў ім, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, абразе Лукашэнкі.