Пра гэтую падзею літаратар напісаў у сваім фэйсбуку.
Палац Горватаў у Нароўлі — помнік класіцызма першай паловы 19-га ст. Ён быў закладзены уладальнікам вакольных зямель Данілам Горватам.
Нядаўна з’явілася інфармацыя, што палац у Нароўлі быў прададзены юрыдычнай асобе. Некалькі журналістаў звярнуліся да мяне з пытаннем, як я ўспрыняў гэтую навіну. Здаецца, цяпер я гатовы даць адказ. Навіну ўспрыняў нармальна, таму што гэтую юрыдычную асобу заснаваў я сам і мае сябры: Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. Саабразілі на траіх. Але зараз я буду пісаць толькі ад свайго імя, а мае паплечнікі, напэўна, напішуць сваё.
Я ўпершыню ўбачыў нараўлянскі палац, калі мне было дваццаць тры. Мы з ім пазнаёміліся познім вечарам, пад чорна-сінім нараўлянскім небам. Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў. Потым кожны месяц прыязджаў у Нароўлю з Мінска, каб пастаяць побач, спакойна пагаварыць з ім на ўсялякія нязначныя тэмы. Ён стаў для мяне як блізкі чалавек. Увесь гэты час я спрабаваў зразумець — чаму. Маё сямейнае гняздо ў Прудку. Мне гэтага дастаткова, як і адной літары «т» у прозвішчы. Я не заганяюся тытуламі і статусамі. Тым больш што нараўлянскі палац мае сваіх сапраўдных нашчадкаў. Можа быць, у пазамінулым жыцці я быў архітэктарам гэтага дома. Ці вартаўніком Лявонам з квадратнай барадой. Не ведаю. А можа, і гэта падобна на праўду, я проста інструмент у яго руках. Дом выкарыстоўвае мяне, каб не згінуць у Прыпяці. Зрэшты, я сам папрасіў яго аб гэтым. Здаецца, у дзве тысячы сёмым. А я тым часам выкарыстоўваў яго для таго, каб мець у жыцці хоць якую-небудзь мэту. Дом заўсёды ратаваў мяне, калі я пачынаў губляць раўнавагу, калі ўсё вакол развальвальвалася.
Палац Горватаў, фота — wikimedia.org
Месяц таму я ўпёрся ў сцяну і не ведаў, што буду рабіць далей. Збіраўся па інерцыі з’ехаць на зіму. Можа быць, у Львоў. Я нават сябрам з львоўскага тэатра напісаў, каб прыбралі ў пакоі мантавальнікаў і чакалі майго вяртання. Пры гэтым я ведаў, што палац ізноў выстаўлены на продаж, падумаў, што райвыканкам звар’яцеў — прадаваць у такі час — і не звярнуў увагу. Але Пётр Кузняцоў сам прапанаваў дапамогу. Адразу далучыўся Саша. Ужо праз два дні мы заснавалі юрыдычную асобу (мой актыў там толькі 25%). Гэта адбылося роўна месяц назад. А ўчора я падпісаў акт прыёма-перадачы палаца — дакумент, па якім магу ігнараваць шыльду «Посторонним вход запрещен». От і ўсё. Гэты дзень я чакаў з 2006 года. Часта ўяўляў яго. Думаў, што гэта будзе асаблівы дзень. Але я проста вярнуўся дадому, лёг спаць у 16.00 і прачнуўся а шостай раніцы. Выспаўся.
Інтэр'ер палаца ў пач. XX ст
Я б хацеў напісаць гэты пост шаснаццаць гадоў таму, калі яшчэ не было фэйсбука. Я б з радасцю напісаў яго летась. А даводзіцца пісаць напрыканцы самага шалёнага года. Але, як сказаў адзін чалавек, мы не выбіраем час, калі жыць. Нараўлянскі палац быў выстаўлены на продаж у апошні раз. Калі не цяпер, то ў мяне магло ўжо не быць такой магчымасці. Я разумею, што палац у Нароўлі сёння не самая вялікая праблема. Але ён не можа застыць, перастаць разбурацца і чакаць лепшых часоў. Да ўсяго іншага, ужо не выканкам, а я, Саша і Пеця нясем адказнасць за яго стан. Ведаю, наколькі недарэчна прасіць дапамогу зараз, але без дапамогі нам не справіцца.
Палац Горватаў на фотаздымку пач. XX ст.
Першае, што трэба зрабіць, — гэта частковую кансервацыю і антыаварыйныя работы. Іншымі словамі, накрыць дом дахам. Так мы выйграем час. На гэта спатрэбіцца як мінімум дваццаць тысяч долараў. Нават калі ў нас нічога болей не атрымаецца (спойлер: усё атрымаецца), гэтыя дзеянні вельмі дапамогуць дому перажыць усе рэвалюцыі і войны. Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы, буду вельмі ўдзячны. Пакуль што для збору сродкаў — асабістая картка (БПС, 4496550163763870, да 03/21, Andrei Horvat). Усе сабраныя грошы пойдуць выключна на нараўлянскі палац.
Яшчэ патрэбны вашы рукі і ногі, усе вашы веды і ўменні — ад будаўнічых да бухгалтарскіх. Ну а я пачынаю збіраць рэчы, бо неўзабаве пераязджаю ў Нароўлю — у кватэру на пятым паверсе з відам на любімую Прыпяць.