У нашых продкаў грэчка лічылася «каралевай» кашаў. Яе падавалі не толькі на гарнір, але і як паўнавартасную самастойную страву. Пачатак жніўня — сезон лісічак, таму прапануем вам прыгатаваць цікавым, старажытным, а галоўнае смачным спосабам грэчку з лісічкамі і салам.
Грэчка — «каралева» кашаў
Нашыя продкі падавалі грэчку як гарнір да розных страваў: зразаў, смажанага мяса, з гарачымі соусамі, а таксама як самастойную страву. Найбольш любілі падаваць на стол стравы з «гартаванай» грэчкі, то-бок абсмажанай. Пасля абсмажвання грэчка набывае карычневы колер і духмяны пах. А яшчэ грэчку маглі абсмажваць на тлушчы ці вяндліне, каб прыдаць ёй «мясны» смак. Падобным рэцэптам смачнай кашы мы дзелімся з вамі.
Гатуем грэчку на вэнджаным сале з лісічкамі
Сала трэба крыху падмарозіць, тады яго будзе лягчэй парэзаць. Парэзанае буйнымі кубікамі сала выкласці на патэльню. Дачакацца, пакуль скваркі стануць залацістага колеру, і зняць іх з патэльні. У тлушч засыпаць грэчку і абсмажыць яе да змены колеру (прыкладна 3 хвіліны). Калі абсмажаная грэчка трохі астыне, заліць кіпнем і накрыць накрыўкай.
Увага! Нельга заліваць ваду ў кіпячы тлушч, гэта можа быць небяспечна!
У арыгінальным рэцэпце фігуравала зялёная грэчка, мы выкарыстоўвалі яе. Але можна гатаваць і са звычайнай грэчкай. Таксама будзе смачна. Грэчцы даць пастаяць каля 20 хвілін і напітацца вільгаццю, а за гэты час адвараныя лісічкі падсмажыць з цыбуляй для запраўкі грэчкі. Цыбулю наразаць сярэднімі кавалачкамі, абсмажыць да лёгкай залацістасці на алеі ці масле і дадаць лісічкі. Калі грыбы пачнуць падсмажвацца, засыпаць скваркі і заліць не надта густой смятанай, перамяшаць і зняць з агню. Соль і перац у гэтую страву дадаваць трэба вельмі ашчадна, бо сала ўжо і так салёнае і вострае, яно надасць водар спецый страве.
У гліняны гаршчэчак пакласці кавалак масла, насыпаць кашу і зверху выкласці падсмажаныя грыбы з салам і смятанай, накрыць накрыўкай і трымаць у духоўцы ці печы гадзіну пры тэмпературы 180 градусаў. Грэчка за гэты час стане цалкам гатоваю і набярэцца смаку ад падсмажаных грыбоў. Падаваць такую кашу варта ў гаршчэчку, для прыгажосці і дадатковага смаку можна пакласці невялічкую лыжку смятаны і трошкі пасыпаць зелянінай. Смачна есці!
Глядзіце яшчэ:
Гуляш па-радзівілаўску з вішнёвым сокам і расолам. Гатуем разам з «Будзьма!»
Нам спатрэбяцца на чатыры порцыі кашы:
Сала — 180 грамаў
Лісічкі — 200 грамаў
Цыбуля — 120 грамаў
Масла — 50 грамаў
Смятана — чатыры сталовыя лыжкі
Соль і перац па смаку