Антысемітызм — то-бок нацыянальная нецярпімасць да яўрэяў — зараз асацыюецца пераважна з нацысцкай Нямеччынай і страшным словам «халакост». На вялікі жаль, палітыка стаўлення да яўрэяў у Нямеччыне была заканамерным працягам тых ксенафобных настрояў, што квітнелі ў Еўропе на працягу мноства стагоддзяў. У Расійскай імперыі яўрэяў часта абвінавачвалі ў страшэнных злачынствах, звязаных з іх рэлігійнымі абрадамі. Адно такое злачынства мела месца ў Гродне ў 1816 годзе.
Яўрэі на беларускіх землях
Мінская сінагога, пабудавана ў 1570 г., разбурана ў 1965 г. Крыніца: 1.bp.blogspot.com
Мы прывыклі думаць, што карэннае насельніцтва ВКЛ і Рэчы Паспалітай было надзвычай талерантным у адносінах да прадстаўнікоў іншых народаў. Гэта сапраўды было так, але толькі ў параўнанні з астатнімі еўрапейскімі краінамі. У Вялікае Княства Літоўскае яўрэі пачалі масава перасяляцца пасля серыі чумных пагромаў у еўрапейскіх гарадах. Ксенафобія сярэднявечнай Еўропы прывяла да ўяўлення аб тым, што ў распаўсюдзе чумы вінныя быццам бы менавіта яўрэі.
Выява габрэйскага пагрому 1349 г. у фламандскай хроніцы Antiquitates Flandriae. Крыніца: dsnews.ua
Становішча яўрэяў у ВКЛ станоўча адрознівалася ад іх жыцця ў іншых еўрапейскіх краінах: у Літве яўрэяў не забівалі, абвінавачваючы ў распаўсюдзе інфекцыйных захворванняў. Аднак у параўнанні з іншымі народамі, якія жылі на тэрыторыі княства, яўрэі ўсё адно былі значна абмежаваныя ў правах: яны не маглі валодаць зямлёй і займаць дзяржаўныя пасады.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі цалкам трапілі ў склад Расійскай імперыі, улады стварылі мяжу аселасці. З тых часоў яўрэі не маглі сяліцца нідзе, акрамя заходніх губерняў.
Больш за тое, усё XIX стагоддзе ў Расійскай імперыі было адзначана шматлікімі абвінавачаннямі яўрэяў у страшэнных злачынствах, якія звязвалі з іх рэлігійнымі абрадамі. Адно такое злачынства мела месца ў Гродне ў 1816 годзе.
Гродзенская справа
31 сакавіка 1816 года, напярэдадні юдэйскага свята Пейсах, у паліцыю звярнуўся гродзенскі мешчанін Адамовіч. Ён заявіў пра знікненне сваёй 14-гадовай дачкі Мар’яны. 23 красавіка ў полі па-за горадам быў знойдзены труп няшчаснай дзяўчынкі.
Жахлівая карціна паўстала перад следчымі: цела Мар’яны было паколата, адзенне на ёй было разарванае, а правая рука выразана з локцевага сустава. Хутка сярод хрысціянскага насельніцтва пайшлі чуткі, што дзяўчынку нібыта забілі яўрэі ў рытуальных мэтах. Следчыя вырашылі высветліць, ці не ўжываюць насамрэч яўрэі хрысціянскую кроў у сваіх рэлігійных справах.
Гродзенская сінагога
Аб выкарыстоўванні крыві яўрэямі заявіў мясцовы унтэр-афіцэр Павел Сіліцкі. Сіліцкі быў выхрыстам — хрышчоным яўрэем. Невядома з якой нагоды унтэр-афіцэр вырашыў ускласці гэты паклёп, але мы можам выказаць здагадку, што зрабіў ён гэта дзеля доказу сваёй шчырай хрысціянскай прыналежнасці.
Па суседстве з хатай Адамовічаў якраз жыла сям’я аднаго з кіраўнікоў гродзенскай яўрэйскай супольнасці Шалома Лапіна. Дзеці Лапіных сябравалі з дзецьмі Адамовічаў, але нягледзячы на гэта следчыя западозрылі менавіта гэту сям’ю ў сувязі з забойствам Мар’яны. У Лапіных правялі ператрус, знайшлі малаток і маленькае дзіда, якім Лапін чысціў паперу. Гэтыя знаходкі следства палічыла дастатковымі, каб арыштаваць выпадкова трапілага да іх у рукі юдэя.
Тым часам медычная экспертыза ўстанавіла, што Мар’яна насамрэч памерла «ад апаплексічнага ўдару або прастрэлу» і што «ў гэтага дзіцяці кроў не выточана».
Ілжывасць абвінавачання, ускладзенага на кіраўніка кагала, была такой відавочнай і абуральнай, што справа дайшла да імператара Аляксандра I. 28 лютага 1817 года імператар выдаў распараджэнне, накіраванае супраць ўзбуджэння падобных спраў. Губернатару князю Друцкаму-Любецкаму была зроблена найвышэйшая заўвага за вядзенне судовага разбору па гэтым паклёпе.
Князь Францыск-Ксаверый Друцкі-Любецкі. Крыніца: commons.wikimedia.org
На жаль, антысемітызм нельга было перамагчы простым распараджэннем. Праз 10 гадоў гродзенскія ўлады справу аднавілі, зноў арыштавалі Лапіна і яго дачку, але ў выніку пасля яшчэ 4 гадоў расследавання ў адсутнасць якіх-небудзь доказаў пастанавілі «перадаць справу забыццю».
Святы Гаўрыіл Беластоцкі і крывавы паклёп
Адкуль жа такая нянавісць да народа, які няхай і адрозніваецца ў сваёй культуры і звычаях, але стагоддзямі жыве побач і не здзяйсняе нічога благога? Страх перад яўрэямі шмат у чым грунтаваўся на фальклорным сюжэце, паводле якога юдэі нібыта штогод прыносілі ў ахвяру хрысціянскае дзіцё. Гэты сюжет засноўваўся на перакананні ў вінаватасці яўрэяў у пакутах і распяцці Ісуса Хрыста.
Ілюстрацыя выдання 1560 г. Histoires Prodigieuses П’ера Буата. Іудзей выклікае д’ябла з чалавечай крыві. Крыніца: wikipedia.org
Менавіта такое ўяўленне і ляжала ў падмурку «крывавых паклёпаў» — абвінавачанняў яўрэяў у забойстве хрысціян быццам бы для выкарыстання іх крыві для рытуалаў. Больш за тое, праваслаўная царква таксама адыграла сваю ролю ў падтрымцы гэтага міфа.
У 1815 годзе быў выдадзены шосты том сачынення «Гісторыя Расійскай іерархіі» архімандрыта Амвросія Арнацкага. Спасылаючыся на запісы Слуцкага манастыра, святар распавёў пра гісторыю закатаванага юдэямі хлопчыка з Беластоцкага павета — адносна недалёка ад горада Гродна.
Па версіі, апісанай архімандрытам Амвросіем, той самы хлопчык Гаўрыіл Гоўдэль нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і ў 1684 годзе ў вёсцы Зверкі пад Беластокам. У 1690 годзе, пакуль бацькоў не было ў хаце, хлопчыка выкраў мясцовы арандатар-юдэй: прылашчыўшы дзіця, звёз яго з сабой у Беласток. Там злачынца нібыта дзевяць дзён падвяргаў хлопчыка рытуальным катаванням, якія імітавалі пакуты Хрыста: юдэй прыбіў Гаўрыіла за рукі і за ногі да сцяны цвікамі і пракалоў бок, выпусціўшы такім чынам кроў. Потым цела закатаванага хлопчыка выкінуў у поле.
Гаўрыла Слуцкі (Беластоцкі). Ілюстрацыя Фёдара Сонцава да складання Філарэта (Гумілеўскага) «Рускія святыя, якія шануюцца ўсім Касцёлам ці мясцова: Вопыт апісання жыцця іх». 1885 год. Крыніца: wikipedia.org
Бацькі Гаўрыіла адшукалі цела і пахавалі яго ў Заблудаўскім манастыры. Праз 30 гадоў мошчы выпадкова былі знойдзены цэлымі і пастаўлены ў царкоўны склеп, а ў 1775 годзе архімандрыт Міхаіл Казачынскі перанёс іх з Заблудава ў Слуцкі манастыр.
Зразумела, што з’яўленне такіх легенд у той мясцовасці, асабліва з падтрымкай праваслаўнай царквы, садзейнічала распаўсюджанню ўяўленняў аб тым, што яўрэі забіваюць хрысціянскіх дзяцей і карыстаюцца іх крывёй для здзяйснення сваіх змрочных таінстваў.
Чытайце яшчэ: Чаму Гродна можа быць сталіцай беларускіх яўрэяў? Гісторыя амаль у тысячу год
Д. Г., budzma.org