За час спектаклю Аляксандр і Анастасія змянілі столькі вобразаў, што і самім ужо складана падлічыць. У межах адной пастаноўкі яны параўвасабляліся і ў пчолку, і ў вецер, і ў шкарпэтку, і нават у клубок нітак. Гэта быў першы іх выхад на сцэну за доўгі час. Пабачыць вынік працы былых актораў гродзенскага Тэатра лялек Аляксандра Енджэеўскага і Анастасіі Суханосік можна было 6 чэрвеня ў Моладзевым доме культуры ў Беластоку. Пра свой тэатр Pryehali і прэм’еру паводле кнігі Вольгі Гапеевай «Сумны суп» Аляксандр расказаў блогу пра беларусаў Supolka.
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Ідэя паставіць спектакль паводле кнігі беларускай пісьменніцы Вольгі Гапеевай «Сумны суп» з’явілася ў Аляксандра праз два-тры месяцы пасля звальнення з Тэатра лялек у Гродне ў 2022 годзе.
«Беларуская рада культуры запрасіла ўсіх, хто хоча прыняць удзел у тыдні беларускай культуры. Нам на вочы трапілася кніжка Вольгі Гапеевай «Сумны суп» і мы вырашылі зрабіць праект з сямі апавяданняў, каб на ўвесь тыдзень беларускай культуры, — сказаў Аляксандр Енджэеўскі. — Мы зрабілі пілотную версію, адаслалі, усё было добра. І тут вайна пачалася [24 лютага 2022 года Расія пачала вайну супраць Украіны — Supolka]. І ўсе грошы і гранты пайшлі ў іншую краіну».
Да думкі паставіць спектакль акторы вярнуліся, калі з’ехалі ў Беласток. Тым больш матэрыял быў на руках.
Аляксандр Енджэеўскі падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Аляксандр Енджэеўскі — гродзенскі актор і шоўмэн. Працаваў у Тэатры лялек з 1996 года. Граў у спектаклях «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка», «Каралева снягоў», «Пікавая дама», «Прыгоды доктара Д.Д.», «Царэўна-жаба», «Візіт старой дамы» і іншых. Як рэжысёр паставіў спектакль «Ванільнае марозіва з лімонам». У траўні 2023 года яго затрымалі за распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram.
Падрыхтоўка да спектакля заняла чатыры-пяць месяцаў. Рыхтаваць дэкарацыі не было дзе, таму рабілі гэта дома.
«Таксама то ў хаце, то ў нейкім офісе рэпетавалі. Потым нам вельмі дапамагла фундацыя Tutaka [Фонд беларусаў Падляшша, які займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, арганізуе фестывалі Tutaka i Soncahraj — Supolka]. Мы ў іх на студыі рэпетавалі», — сказаў Аляксандр.
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Усе рэпетыцыі акторы праводзілі ўвечары пасля працы.
«Я пасля працы, Наста пасля працы, а ў суботу і нядзелю паліцэальная школа [школа для дарослых у польскай сістэме адукацыі, падобная да прафесійнага тэхнікума — Supolka], то трошкі складана. Калі б ты толькі займаўся тэатрам, то за месяц можна было зрабіць», — распавёў Аляксандр.
У дзень прэм’еры акторы хваляваліся, ці прыйдуць людзі. Але ў выніку гледачы запоўнілі ўсю залу.
«Спрацавала сарафаннае радыё. Вельмі шмат сяброў прыйшло, сябры сяброў. Не менш за 100 чалавек тут было».
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Падчас спектакля Аляксандр сыграў багоўку, пчолку, вецер, суседа, клубок нітак і іншых персанажаў. Анастасія была ў ролі суседкі, слімака, птушкі, шкарпэткі. Колькі вобразаў акторы змянілі падчас пастаноўкі, не змог падлічыць і сам Аляксандр. «Мы не лічылі, бо па просту граеш — і хлоп: мяняешся».
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
З Вольгай Гапеевай — аўтаркай кнігі, паводле якой рабілі пастаноўку — Аляксандр размаўляў яшчэ ў 2022 годзе. «Я ёй напісаў і яна была вельмі здзіўленая», — узгадвае актор. Ганарару ці аўтарскіх адлічэнняў яна не прасіла.
Вольга Гапеева — беларуская паэтка, пісьменніца, перакладчыца, лінгвістка. Сябра беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Спецыяльна для спектакля Вольга, па просьбе Аляксандра, напісала фінальны верш. Кампазітар прыдумаў пад яго музыку — і акторы выканалі твор у канцы пастаноўкі.
«Мы сумавалі па сцэне і вырашылі для сябе такое прыдумаць», — кажа Аляксандр. Сапраўды, і ён, і Анастасія даўно не гралі на сцэне. Спачатку яны хацелі зрабіць спектакль як нейкі асобны праект. А потым вырашылі: «Не, трэба рабіць тэатр».
«Доўга шукалі назву... два дні. А потым прыдумалі — тэатр Pryehali. Гэта аналогія да «Панаехалі!», а мы прыехалі».
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
«Мы не прыехаўшыя і не панаехаўшыя. Мы прыехалі. І што мы будзем рабіць далей, залежыць толькі ад нас. Некаторыя могуць на канапе сумаваць успамінамі, самі сябе душыць, а некаторыя могуць проста жыць, жыць далей», — распавёў Аляксандр.
Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
Зараз у тэатры два акторы і пашыраць калектыў не плануюць. У планах тэатра Pryehali — «абкатаць матэрыял». Яго хочуць паказаць беларускім дыяспарам у Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Кракаве.
Анастасія Суханосік падчас спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
«Можа быць, зробім для дарослых што небудзь. Бо хочацца проста заявіць аб тым, што ў Польшчы ёсць і іншыя акторы, акрамя тых, пра каго крычаць паўсюль, — сказаў Аляксандр. — Мы таксама можам, хоць у нас іншая тэатральная школа. Тым больш, мы лялечнікі, а яны больш фантазійныя».
Акторам і ўдзельнікам тэатру дораць кветкі пасля спектакля «Сумны суп». Фота: Supolka
28 чэрвеня 2024 года адбудзецца яшчэ адзін паказ спектакля «Сумны суп». Пастаноўку можна будзе ўбачыць у беластоцкім Тэатры лялек. Уваход вольны.