Альбом беларускі, якая цяпер жыве ў Нью-Ёрку, прасякнуты атмасфэрай поўнай разьняволенасьці, што для музыкі, створанай тут, вялікая рэдкасьць.
Абсалютная большасьць альбомаў нашых музыкаў упісаная ў тутэйшы кантэкст. Гэтую прыналежнасьць можна распазнаць па-за залежнасьцю ад мовы ды ўзроўню выкананьня, запісу, тэматыкі і стылістыкі. Ёю – гэтай самай тутэйшасьцю – прасякнутыя песьні і тых людзей, якія быццам бы працуюць на іншую культурную прастору, але пры гэтым сфармаваныя як асобы тут, што адбіваецца часам амаль няўлоўна – на ўзроўні перадачы эмоцыі. Мусіць, дзякуючы гэтаму можна казаць пра беларускі культурны прарыў на постсавецкай тэрыторыі перадусім расейскамоўных выканаўцаў зь Беларусі – яны быццам бы свае (з мовы), але пры гэтым пагружаныя ў сваё, ад таго адрозныя ад тамтэйшых і тым прывабныя.
Ангельскамоўны праект Groosha сьведчыць, што музыка, створаная тут, мае ўсе шанцы распаўсюдзіцца і ў заходнім кірунку. У іх дэбютны альбом “Out of Place” увайшло дзевяць трэкаў, бездакорна зробленых, запісаных і пададзеных. Ангельская мова з вуснаў Настасьсі Верцель гучыць як свая (толькі апошні трэк “Vampis opera” па-расейску). Яе сьпевы надзвычай пранікнёныя, зь непрыдуманай эмоцыяй. Той выпадак, калі музыка ня вырабленая, а створаная. Рэй тут вядуць клявішныя, якія мацуюць бас ды бубны. Пры тым, што піяна-рокам сьвет, укормлены ўжо сьпевамі чульлівых і выкшталцоных паненак, наўрад ці зьдзівіш, у Настасьсі ёсьць шанец быць пачутай і заўважанай дзякуючы якраз гэтай самай нявырабленасьці. Яна не трымаецца пэўнай вакальнай манеры, тут няма ані грама завучанасьці і фальшу, усё ідзе ад сэрца, таму першапачаткова неабцяжараная адмысловай музычнай адукацыяй Groosha глядзіцца нашмат выгадней за студэнтку-выдатніцу з эстраднага аддзяленьня, якая з аднолькавым уменьнем і выразам твару выканае што джазавы стандарт, што Лэдзі Гагу.
У кружэлцы “Out of Place” закладзены вялікі патэнцыял. Яна прасякнутая атмасфэрай поўнай разьняволенасьці, што для музыкі, створанай тут, вялікая рэдкасьць. Якраз такія асобы, здольныя пачувацца свабоднымі ў краіне, дзе запаволіўся час, могуць быць цікавыя калі не самім беларусам, дык хаця б іншаму сьвету.
Спампаваць альбом можна на Bandcamp
Ідэя: 8
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін