Відэакліп з’явіўся на старонках гурта ў сацыяльных сетках увечары 20 кастрычніка з тэкстам: «Якім бы цяжкім не быў час зараз, мы не здаемся. З вялікай любоўю да свайго народу і з надзеяй ў сэрцах мы прадстаўляем новую відэапрацу: IRDORATH — Быў. Ёсць. Буду. Словы — Уладзімір Караткевіч, музыка — Irdorath. Жыве Беларусь!»
Уладзімір Караткевіч
— Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы I з плахі.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
I ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —
Храм наш агульны і светлы.
А калі ён горда заззяе ў зеніце —
Непарушны — ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
I няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць.
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.
Гурт «Irdorath» шырока вядомы прыхільнікам цяжкай музыкі ў Беларусі і за яе межамі. Гурт, які быў заснаваны ў 2011 годзе, з’яўляецца адным з самых вядомых беларускіх калектываў у сваім напрамку. У 2017 годзе "Irdorath" першым сярод беларускіх калектываў выступіў на Wacken Open Air — найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы. Пад час сёлётніх падзей беларускі Інтэрнет абляцела відэа, на якім валыншчыкі крочаць разам з калонай па вуліцах Мінску, выконваючы песню «Перемен» Віктара Цоя. Гэтымі валыншчыкамі былі ўдзельнікі гурта «Irdorath».
Песня «Быў. Ёсць. Буду» з’яўляецца не першай, напісанай пад уражаннем ад сёлётніх падзей. У пачатку верасня была прэзентавана песня «Крылы» на словы Надзеі Irdorath (удзельніца гурта). Натхняльная і кранальная песня не набрала дзясяткі тысяч праглядаў на Youtube, але дакладна гэтага заслугоўвае.
Маленькая дзяўчыначка
Як зоры выйдуць ззяць
Маліла, прасіла крылы атрымаць.
Такія моцныя крылы,
Каб у небе апынуцца.
У надхмарным далечы ляцець, і болей не вярнуцца.
І Ноч ёй адказала,
І падарыла ёй.
На вушка спявала: «Лунай, дачка над зямлёй!»
Такія моцныя крылы!
Насустрач летуценням!
Ляці душа мая, ляці
насуперак сумненням!
Але сярод бяскрылых
няма пастаў лятаць.
У іх звычаях жахлівых блукаць,
па зямлі блукаць.
І гэтак год за годам ісці куды вядуць.
З патухлымі вачыма
крылы за плячыма цягнуць.
Такія цяжкія крылы,
што болем аддаецца.
Калі ў нябёсах нельга жыць,
Навошта жыць? — здаецца...