Гурт «Кашлаты Вох» выпусціў новы альбом

У гурта «Кашлаты Вох» выйшаў новы альбом пад назвай «Апошні канцэрт у Мінску».


«Apošni kancert u Minsku»

«Ты маеш магчымасць паслухаць надзвычайны артэфакт беларускай андэграўнднай культуры, якая гадавалася ў найлепшых сутарэннях рэпетыцыйных баз пры заводах горада Мінска», — напісалі музыкі.

Удзельнікі гурта адзначаюць, што «хацелі зладзіць адметны канцэрт у нашай сталіцы, нават атрымалі гастрольнае пасведчанне (тупая бюракратычная паперка, без якой ты нават пёрнуць не маеш права са сцэны), але кавідная пандэмія пераламіла нашыя планы».

Музыкі рыхтаваліся да канцэрта і канцэртнага тура летам 2020 года.

«Але вірус і выбары 2020 года ў Беларусі нарабілі нам перашкодаў. Пасядзеўшы за пляшкай піва наша банда вырашыла, што варта запісаць нашу канцэртную праграму ў студыі. Без ніякіх хлуслівых прыёмаў. Проста пачкай. Як яно і гучала б ужывую. Сказана-выпіта-зроблена.

У верасні 2020 года гурт перастаў існаваць як адно цэлае. Неўміручым голасам застаецца Вячка, піша гэтыя радкі і спадзяецца, што гэты «Апошні канцэрт у Мінску» прыйдзецца Табе даспадобы. Мы стараліся».


Чытайце яшчэ: «Кашлаты Вох»: «Наўрад ці ёсць яшчэ гурты, дзе ўдзельнік — рыба»