Марыя Грыц: «Можа, на гэтым этапе нашай біяграфіі супрацівам становіцца ўменне не рабіць з жыцця сімвал»

«Я стамілася ад сэнсаў. А вы як? Трымаецеся яшчэ? Я стамілася не ад падзей, але ад іх асэнсавання». Марыя Грыц разважае пра стомленасць ад пошуку сэнсаў і неабходнасці жыць у рэжыме пастаяннай інтэлектуальнай мабілізацыі.

Maryia-Hryts-02.jpgМарыя Грыц. Фота з асабістага архіва

Кожная навіна — гэта не проста навіна. Гэта «што гэта значыць», «які ў гэтым сімвал», «што гэта кажа пра працэсы», «як гэта паўплывае на будучыню», «як пра гэта правільна гаварыць». Мы ўжо не проста жывём — мы ўвесь час тлумачым жыццё.

Нават радасць патрабуе інтэрпрэтацыі.

Калі нехта выходзіць з турмы — гэта не проста чалавек выйшаў. Гэта гістарычны момант, палітычны знак, маральны тэст, праверка на чалавечнасць, надзея на змены... І пакуль ты проста спрабуеш дыхаць, твая галава ўжо піша пран Б, аналітыку і пост у сацсеткі з правільнымі фармулёўкамі.

Мы навучыліся жыць у рэжыме пастаяннай інтэлектуальнай мабілізацыі: усё важна, усё пра нешта, усё трэба прадумаць.

І ў нейкі момант я злавіла сябе на тым, што хачу проста з’есці яблык — без таго, каб ён быў «метафарай страчанай вечнасці» ці «сімвалам захавання традыцыі». Проста яблык. Хрумсткі. Без сэнсу.

Я стамілася, што нават дробязі становяцца знакамі.

Калі мы святкуем Масленку — гэта не проста бліны. Гэта культурная праца, захаванне ідэнтычнасці, супраціў асіміляцыі, гарызантальныя сувязі. І я ўсё гэта разумею. Я сама так думаю. Асабліва, калі запаўняла заяўку на грант. «Марыя, напішы яшчэ, наколькі істотна гэтая імпрэза, як яна знітуе мясцовую супольнасць і панаехаўшых, які ўнёсак у культуру і што нам застанецца пасля яе»... Ды ё-маё, у нагавіцы не ўлезеш пасля Масленкі — і ўсё. Бо мне ўжо проста хочацца спячы блін не дзеля культурнага адраджэння, а дзеля таго, каб з’есці яго са смятанай. Аладак, грачанікаў, тоўстых бліноў на сыроватцы і танюсенькіх наліснічкаў, як тыя карункі, каб есці іх і думаць пра набраную вагу, а не пра вагу культурніцкага ўнёску.

maryia-hryc-02.jpgМасленіца ў Беластоку, сакавік 20225. Фота з асабістага архіва Марыі Грыц

Так, падаецца, мяне прыдушвае сваёй вагой крыж беларускай культуры. А вы там як? Чытаеце справаздачы па рэпрэсіі дзеячаў у Беларусі ці ўжо кінулі?

Калі я атрымлівала штраф за праезд без квітка ў аўтобусе, я ад усяго сэрца праклінала Лукашэнку, бо я ўвогуле не мелася быць у гэтай Польшчы, у гэтым горадзе і ў гэтым аўтобусе, і тым больш без квітка! А потым разумела, што гэта толькі штраф — і ўсё. Аплаці і жыві далей.

Мне здаецца, я стала празмерна свядомая.

Я ведаю занадта шмат.

Я ўмею звязваць прычыны і наступствы.
Я бачу, як гісторыя паўтараецца.

Ой, фу, як жа надакучыла «вучыць урокі гісторыі, каб яны не паўтараліся»! Ёсць настойлівае адчуванне, што я (а вы што, не?) перавучыла гісторыю. А тыя, хто меўся б яе вывучыць, каб яна не паўтаралася — адчайна гультайнічаюць, і з іх сэнсу ні на лыжачку. Як і з таго, што ў мяне ведаў — вагон і яшчэ вазок.

Таму сёння я хачу проста жыць, але вось што страшна: сэнсы не заканчваюцца. Іх можна вырабляць бясконца. А жыццё — не бясконцае.

Сябра падзяліўся са мной развагамі: «Нас аддзяляе ад бязмежнасці ўсяго толькі некалькі кіламетраў атмасферы і кароткі час нашага існавання. Ці не загіне гэты сусвет, калі я загіну?».

І тут мяне накрыла жаданне ўзяць дыванок для ёгі, пайсці ў лес, улегчыся там і адчуць, як усе мы разам ляцім да зор. Так, некаторых хацелася б высадзіць па дарозе, але такой опцыі пакуль няма. О, і ў навушнікі сабе ўключу завыванне магнітасферы Юпіцера.


Мяркую, што стомленасць ад сэнсаў — гэта не цынізм. Гэта перагрэў. Калі душа як ноўтбук, што не выключалі гадамі, і ён ужо гудзіць, але ўсё яшчэ працуе. Сёння мне хочацца выключыць каментарый у галаве, не шукаць «урок», «паралель», «выснову». Проста дазволіць сабе быць. Бо калі мы ўсё ператвараем у гісторыю, то калі мы проста жывём?

Можа, на гэтым этапе нашай біяграфіі супрацівам становіцца не толькі слова, не толькі аналітыка, не толькі праект, а ўменне часам не рабіць з жыцця сімвал.

Не кожны дзень — пра эпоху. Часам яблык — гэта проста яблык.
І гэтага дастаткова.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org