Як вядома, у нас, беларусаў, сумленьне нацыі — гэта паэты. Не мянты, ня судзьдзі, не чальцы выбарчых камісіяў і нават не прэзыдэнт, хай ты й напішы гэтае слова з самай вялікай літары. Сумленьне беларусаў — паэты. Кропка. Мабыць, гэтым тлумачыцца, сярод іншага, і зацятае змаганьне зь беларускай кнігай — як цяперашніх уладаў, гэтак і іх папярэднікаў. Аднак, прысеўшы на ганку самага глухога й забытага хутару, Валера Руселік сузірае змрок рэаліяў Айчыны і ўпэўнена запальвае ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» сьвечку Надзеі. Надзеі для кніжнае нацыі.
Калі вы апошні раз чыталі кнігу?
Прызнаюся, я асабіста дык нават і не скажу ўжо, калі дакладна. Але даволі даўно. Хаця, здавалася б, тэкстаў чытаю шмат і штодня: каб быць у павестцы, усялякі журналіст і блогер, які больш-менш адказна ставіцца да сваёй прафэсіі, штодня — хоцькі-няхоцькі — прапускае празь сябе велізарную колькасьць інфармацыі. Таму чытаньне менавіта літаратуры — з паглыбленьнем у створаны аўтарам сьвет, рэфлексіяй і максымальнай канцэнтрацыяй на творы — усё больш ператвараецца ў нейкую ідэальную карцінку, недасяжную мару пра адпачынак ад штодзённае мітусьні дзе-небудзь на лясным хутары, каб можна было спакойна сесьці ля печкі альбо на ганку, захутацца ў плед, слухаючы дождж, і, урэшце, разгарнуць даўно адкладзеную кнігу...
Хаця не, стоп. Я ж чытаю кнігі — і рэгулярна! Дзіцячыя — разам з сынам. Ну, пра ката Шпрота, Элу і сяброў, Малога і Карлсана-з-даху. А таксама «Айчыну — ад Рагнеды да Касьцюшкі». Сын дык і сам чытае, але які бацька адмовіцца ад таго, каб у вольную хвілінку паваляцца ды пагартаць разам старонкі добрае кніжкі, праўда ж?
Валера Руселік з сынам Конанам. Фота з архіву аўтара
Думаю, нездарма ж нас, беларусаў, называюць кніжнай нацыяй. І гаворка ня толькі пра дарагога нашага першадрукара Францыска альбо, скажам, бібліятэку Радзівілаў — найбуйнейшы прыватны кнігазбор у Рэчы Паспалітай.
Але і ўласна пра спосаб выжываньня нас як нацыі. Традыцыя супрацьстаяньня асыміляцыі, найперш з усходу, цягнецца стагодзьдзямі. Напэўна, усе вы чулі пра літоўскіх кніганошаў — рух, які ўзьнік у Расейскай імпэрыі пасьля здушэньня паўстаньня Каліноўскага. Тады, у адказ на забарону літоўскага друку і курс на зрасейшчваньне паняволеных тэрыторыяў, літоўскамоўныя кнігі пачалі выдаваць за мяжою — ва ўсходняй Прусіі, альбо гэтак званай Малой Літве — і затым таемна перапраўляць у Імпэрыю для нелегальнага распаўсюду. Дзень народзінаў заснавальніка руху Юргіса Бялініса сёньня ў нашых паўночных суседзяў — гэта афіцыйны Дзень кніганошы. А ў 2004-м годзе ЮНЭСКА прызнала нелегальны распаўсюд літоўскамоўных кніг у ХІХ-м стагодзьдзі гістарычнай зьявай, якая не мае аналягаў у сьвеце.
Ну, а ў нас, як тое даўно павялося ў беларусаў, і тут таксама ёсьць свой сьлед. У торбах, набітых кніжкамі для распаўсюду на акупаванай Айчыне, сустракаліся і беларускія выданьні. Традыцыя нашых кніганошаў працягнулася і ў ХХ-м стагодзьдзі, найбольш актыўна — на тэрыторыі тагачасных Гарадзенскай і Віленскай губэрняў Расейскай імпэрыі.

Славуты кніганоша Вінцас Юшка (1860-1939)
Затым — савецкі час з падпольным друкам у Беларусі й вольным у замежжы. Тут усё лягічна: акупацыя і ёсьць акупацыя — хай і ў межах ужо не Расейскае, а Савецкае імпэрыі. Але тое, што не перарвалася традыцыя кніганошаў і пасьля атрыманьня нашаю краінаю незалежнасьці — чым ня сьведчаньне, наколькі тая незалежнасьць сапраўдная?
Бадай, найбольш вядомы беларускі кніганоша сучаснае Беларусі — Раман Цымбераў, які адышоў у лепшы сьвет літаральна пару тыдняў таму — 10 лютага. І сам паэт, ён выдаваў аўтараў і тыя кнігі, ад якіх адмаўляліся іншыя. А таксама літаральна тонамі вазіў іх у Беларусь і зь Беларусі — пасьля 2020-га года, калі краіну канчаткова ахапіў шал беззаконьня і рэпрэсіяў.
Вядома ж, як тое й належыць акупацыйнаму рэжыму, цяперашнія ўлады ў Менску таксама працягнулі традыцыю сваіх ідэйных папярэднікаў. У 2024-м годзе Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасьць выдавецтва Рамана Цымберава. Таксама яго затрымлівалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь, і кідалі ў ізалятар.
Раман Цымбераў — апошні незалежны выдавец у Беларусі
Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад гэтага рэжыму, праўда? Зараз жа, у гэтым трагічным лютым — акурат у Дзень роднае мовы — стала вядома пра маштабнае паляваньне на беларускіх выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Ператрусы і арышты ў тых, каго нейкім цудам яшчэ не дабілі за апошні шалёныя гады змаганьня пад знакам «иногда не до законов» з усім незалежніцкім і беларускім. Пасьля жніўня 2020-га ў нашай краіне былі ліквідаваныя прынамсі шэсьць незалежных выдавецтваў. Не пашкадавалі нават... дзяржаўныя выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асьвета», якія спэцыялізаваліся былі на падручніках і іншай навучальнай літаратуры, а таксама на навукова-папулярных кнігах.
Ну бо па-беларуску, вы жэ самі ўсё панімаеце.
Намагаюцца дацягнуцца і да тых, хто аднавіў сваю дзейнасьць у замежжы. Штопраўда, тут непасрэдна схапіць ня могуць, таму масава прызнаюць выдавецтвы... экстрэмісцкімі матэрыяламі. А кракаўскі «Гутэнбэрг» (Gutenberg Publisher) — і наагул экстрэмісцкім фармаваньнем. Выдавецтва, першым праектам якога пасьля аднаўленьня працы ўжо ў вымушанай эміграцыі, стаўся каляндар-слоўнічак «Мова вольных: 365 родных слоў».
Па гэтым слоўнічку, дарэчы, мой сын і вучыўся чытаць па-беларуску. Зь цяперашнім статусам «Гутэнбэрга», гэта — нагода для крымінальнага перасьледу.
Каляндар-слоўнічак «Мова вольных: 365 родных слоў»
Урэшце, і статыстыка таксама гаворыць сама за сябе і робіць адназначны вырак цяперашнім уладам. Толькі 982 найменьні зь 7137-мі кніг, выдадзеных летась у нашай краіне — беларускамоўныя. Калі ж параўноўваць наклады, то з больш як 18-ці мільёнаў асобнікаў — толькі няпоўныя 2,69. У папярэднім, 2024-м, было 3,07 мільёны...
То бок нават да 15-ці адсоткаў не дацягнулі...
Вядома ж, працягваць летапіс перасьледу беларускае кнігі можна доўга — зьява далёка не на адзін том. Але ці ёсьць хоць нейкае сьвятло ў канцы гэтага тунэлю? Бо ж, урэшце, дзеля чаго мы пра ўсё гэта разважаем, калі ня дзеля пошуку надзеі на лепшае, праўда?
Ну дык вось.
У згаданым неаднойчы змрочным для беларускае кнігі лютым месяцы, знайшлося, аднак, месца і для добрае справы: сьвет пабачыла непадцэнзурнае выданьне знакамітага раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Бадай, галоўная беларуская кніга ХХ стагодзьдзя, якая абудзіла цэлыя пакаленьні, вярнула многіх да вытокаў і дала гонар за свае карані, за сваю зямлю й за свой народ і якая, аднак, у 2023-м была выкінутая з школьнай праграмы на ініцыятыву рускамірца Гігіна, сёньня ачольвае топ продажаў.
Забаранялі, цэнзуравалі, зьнішчалі, выкідвалі, хавалі — а яна ўсё адно ёсьць! Як і ўся нашая Беларусь.
Трэба і мне набыць. І сам абавязкова перачытаю. І сыну, упэўнены, яна таксама спадабаецца.
Непадцэнзурнае выданьне знакамітага раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org