Гурт «PyLai»: «Трэба вызначыцца, на якім ты баку, і рабіць хоць якія крокі, каб дабро перамагло»

16.03.2023 Музыка

PyLai — indie-rock гурт, створаны ў Мінску ў 2018 годзе. Назва праекту ўтварылася ад першых літар прозвішчаў яго заснавальнікаў Уладзя Пыльчанкі і Грыгорыя Лайкова. У 2019 годзе гурт выдаў дэбютны альбом «Hraniony». У віры падзей 2020 года хлопцы зрабілі безліч дваровых выступаў, аднымі з першых трапілі ў чорныя спісы. Запісалі вядомыя кампазіцыі «Мафія», «Женщины не гуляют», «Предатель», пасля чаго прыпынілі музычную дзейнасць, засяродзіўшыся на грамадскай. У выніку вымушанай эміграцыі лідары гурта ўпершыню за доўгі час сустрэліся ў Грузіі і, карыстаючыся магчымасцю, дадуць акустычныя выступы ў Тбілісі і Батумі. З гэтай нагоды «Будзьма!» паразмаўляла з хлопцамі.


1.png

— Што ратуе у цяжкія часы?

— У цяжкія часы ратуе дзейнасць. Калі не дзейнічаць, то пачуццё віны паступова пачне дэмаралізваць чалавека, выклікаць апатыю і дэпрэсію. Адпаведна, трэба вызначыцца, на якім ты баку, і рабіць хоць якія крокі, каб дабро перамагло.

— Якія мэты ў гурта?

— З’яўляючыся часткай беларускай культуры, мы прагнем рабіць сусвет цікавейшым, больш тонкім і добрым. Мастацтва і творчасць — з’ява, эфект ад якой і прычынна-следчую сувязь цяжка прасачыць, аднак станоўчы вынік для ўсіх сфер жыцця грамадства безумоўна ёсць. Таму мы не адзіныя такія, а разам з калегамі робім сусвет лепшым.

— Ці ёсць у вас нейкія творчыя планы надалей?

— Плануем запісаць сінгл «Каралева», а таксама дапрацаваць і выдаць альбомы «Бытавы» і «Грамадскі». Верагодна, здымем пару кліпаў, калі «папрэ».

2.jpg 

Чым кожны з удзельнікаў «PyLai» займаецца, апроч музыкі

Рыгор Лайкоў — па адукацыі гісторык, археолаг. Але знаходзячыся ў Тбілісі, займаецца афіцыйнай агучкай фільмаў («Дубляж») і выступае акторам ў пастаноўках грузінскага тэатра.

Уладзімір Пыльчанка — вядомы адвакат, які абараняў палітзняволеных (Марыю Калеснікаву, Кацярыну Андрэеву, Эдуарда Бабарыку і інш.) і быў пазбаўлены ліцэнзіі. Зараз у эміграцыі займаецца пошукам жытла і працы.

Топ-5 беларусіх трэкаў ад гурта «PyLai»

Адразу папярэдзім, што абраць топ-5 складана і аб’ектыўна проста немагчыма. Таму назавем тыя трэкі, што прыйшлі ў галаву:

1. «Александрына» — «Песняры»


Рэдка ў нас адбываюцца пасядзелкі з музычнымі інструментамі, каб мы не зацягнулі шэдэўр «Песняроў» — песню «Александрына». Ігар Лучанок калісьці параўноўваў гэтую кампазіцыю (якой ужо больш за 50 гадоў) з боскай слязой. Мы можам толькі пагадзіцца. Гэты баладна-рокавы твор наўпрост эталон выключнай прыгажосці і шчырай любові.

2. «Магутны Божа» — муз. Мікола Равенскі, сл. Наталля Арсеннева


Мікола Равенскі і Наталля Арсеннева стварылі ў пачатку ХХ стагоддзя духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа». Гэта сапраўды велічная кампазіцыя, вельмі простая па форме і музычнай задуме, што часта ўласціва геніяльным творам. Хоць мы і не з’яўляемся вернікамі, нам гэты твор блізкі і натхняльны.

3. «Правілы» — «NIZKIZ»


Нашыя музычныя густы шмат у чым не супадаюць. Але найбольш яскравы прыклад адзінадумства — гэта захапленне гуртам «NIZKIZ». Гэта не проста выдатна, фірмова, прафесійна і арыгінальна, але і ўдзельнікі гурта выклікаюць вялікую павагу праз іх шчырасць і сумленнасць. Няхай сярод вылучаных намі топаў будзе песня «Правілы», хоць яе месца магла заняць любая іншая.

4. «Pałon» — Lavon volski feat. Margarita Levchuk


Сярод клёвых і важных трэкаў прыходзіць у галаву песня Лявона Вольскага ў выкананні яго і чароўнай Маргарыты Ляўчук «Palon». Настолькі выдатна падабраныя словы і прыгожы спеў ствараюць тэрапеўтычны эфект, так неабходны кожнаму нармальнаму чалавеку ў віры жудасных падзей.

5. «Женщины не гуляют» — «PyLai»


Варта ўзгадаць і свой трэк, самую вядомую песню нашага гурта «Женщины не гуляют», якая была запісана рэкордна хутка ў рэвалюцыйных абставінах, а таму не без хібаў. Яна перадае не толькі нашае захапленне адважнымі жанчынамі, але і сутнасць працэсаў, якія адбываліся ў найскладанейшы час 2020 года. Гэта цёплы ўспамін, які набыў сваю музычную форму і зафіксаваў шчымлівыя пачуцці таго часу.

Тым, хто знаходзіцца ў Грузіі нагадаем, што выступы гурта «PyLai» адбудуцца ў Тбілісі і ў Батумі, 17 і 30 сакавіка адпаведна.

3.jpg

ПЖ, budzma.org