Грузінскі пісьменнік і перакладчык Шата Іаташвілі пераклаў на грузінскую мову творы многіх беларускіх літаратараў. Дзякуючы ягоным дбанням беларускія вершы публікаваліся на старонках літаратурнага часопіса «Ахалі Саўнджэ». Пагаварылі з пісьменнікам пра знаёмства з беларускімі аўтарамі і ягоную сувязь з Беларуссю, а таксама пра Тбіліскі літаратурны фестываль і ўдзел у ім беларусаў.
Даведка: Шата Іаташвілі — паэт, празаік, перакладчык, літаратурны крытык. Аўтар дзесяці кніг вершаў, аднаго рамана, чатырох зборнікаў апавяданняў, адной кнігі-казкі і зборніка крытыкі. Двухразовы лаўрэат прэміі «Саба» (у 2007 г. за найлепшы паэтычны зборнік і ў 2009 г. у намінацыі «Літаратурная крытыка»), прэміі «Літэра» за лепшую паэтычную кнігу года (2020), прэміі «Вольная літэра» за лепшы раман (2022). Лаўрэат міжнародных прэмій: фестывалю «Кіеўскія Лаўры» (2009), польскай прэміі імя Клеменса Яніцкага за зборнік «Залатое сячэнне» (2018), славенскай прэміі Віленіца Крыстал (2018), прэміі балгарскага паэтычнага фестывалю «Орфей — Пловдив 2022» за лепшы верш фестывалю. Творы перакладзены на больш чым 25 моваў свету. Сам паэт перакладае на грузінскую мову беларускую, рускую і англа-амерыканскую паэзію. Галоўны рэдактар літаратурнага часопіса «Ахалі Саўнджэ», кансультант Тбіліскага міжнароднага літаратурнага фестывалю. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Тбілісі, дзе і жыве на сённяшні дзень.
- Вядома, што Вы перакладалі многіх беларускіх аўтараў на грузінскую мову. Вось мне першым чамусьці ўзгадаўся Андрэй Хадановіч. Дзе Вы перасякаліся, як адбылося Ваша знаёмства?
- У 2009 годзе нам давялося разам выступаць на Маскоўскай Біенале. Там быў таксама Сяргей Жадан з Украіны. Так атрымалася, што пад канец мерапрыемства па чарзе выпускалі на сцэну мяне, Хадановіча і Жадана. Стварылася такая тройка на гэтым фестывалі. Вось тады мы пасябравалі. Андрэй адразу ж пераклаў некаторыя мае вершы. Потым пацікавіўся іншымі грузінскімі аўтарамі і пачаў перакладаць іхную паэзію. Пазней і я пераклаў вершы Хадановіча.
Праз пэўны час у Кіеве мы зноў перасякаліся. Гэта былі асобныя мерапрыемствы. Быў такі літоўска-беларуска-ўкраінскі праект у Батумі, дзе далучаліся грузінскія літаратары і перакладалі вершы сваіх калегаў.
Яшчэ Хадановіч прыязджаў на Тбіліскі міжнародны фестываль.
На фотаздымку злева — Шата Іаташвілі з Андрэем Хадановічам; на здымку справа — з Сяргеем Жаданом (у калажы выкарыстаны вокладкі часопіса «Ахалі Саўнджэ», рамана «Пачатковец», дзіцячай казкі «Прыгоды Націі і Таціі»).
- Ці маглі б распавесці падрабязней пра Тбіліскі літаратурны фестываль?
Ён праводзіцца з 2015 года. На самы першы фестываль мы запрашалі Святлану Алексіевіч. Да пачатку заставалася два дні, яна павінна была адкрываць гэты фестываль, але захварэла і не здолела прыехаць. Прайшло некалькі месяцаў, і яна атрымала Нобелеўскую прэмію.
А Хадановіч прыязджаў ужо пазней. Калі нічога не блытаю, у 2017 г. прыязджала Воля Гапеева, у 2018 г. — беларуская паэтка Вальжына Морт з Амерыкі. У 2021 г., пасля пандэміі, прыязджалі Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева.
З Воляй Гапеевай у мяне дастаткова працяглыя творчыя адносіны, яшчэ з 2011 года. Мы пасябравалі ў Кактэбелі, таксама на літаратурным фестывалі. Некалькі разоў перасякаліся на іншых розных міжнародных мерапрыемствах. Потым яе вершы былі надрукаваны ў нашым літаратурным часопісе «Ахалі Саўнджэ».
- Можна некалькі словаў сказаць пра часопіс?
- Як галоўны рэдактар я запрасіў Волю Гапееву да ўдзелу ў адным з нумароў. У кожным нумары часопіса ў нас былі два аўтары. Адзін грузін, адзін замежнік. Пачынаючы з першай рубрыкі, былі інтэрв’ю з гэтымі аўтарамі, пераклады, творчая біяграфія, крытыка — карацей, такая падборка матэрыялаў, каб чытачу добра пазнаёміцца з творчасцю. Вось так у мяне адкрываўся кожны нумар, а гасцямі былі і Гапеева, і Хадановіч.
Шата Іаташвілі з Вольгай Гапеевай
- З кім яшчэ з беларускіх літаратараў былі цікавыя стасункі?
- Я вельмі сябрую з Дзімам Строцавым. Мы з ім пазнаёміліся і пасябравалі ў 2007 годзе, таксама на Маскоўскай Біенале. Ён падышоў да нас і спытаўся тады: «Вы з Грузіі?». Мы кажам, што так. І Дзіма раптам пытаецца: «А вы ведаеце...?» І пачынае пералічваць цэлы шэраг грузінскіх мастакоў. Мы кажам, што ведаем, ведаем, ведаем. Глядзім на яго са здзіўленнем, а ён потым тлумачыць: «Прыехаў на Біенале як паэт, аднак з’яўляюся яшчэ і мастаком. Грузію вельмі люблю. Быў шмат разоў, але стасункі меў у асноўным з мастакамі...» Пасля гэтага мы адразу неяк пасябравалі. Дзіма Строцаў наведваў Грузію некалькі разоў, і вось зараз, у верасні, ён павінен прыехаць на наш фестываль, каб прадстаўляць Беларусь. Фестываль будзе з 9 да 12 верасня. Дзіму я перакладаў, друкаваў, зараз дадам што-небудзь з яго перакладаў напярэдадні Тбіліскага фестывалю.
Яшчэ я добра знаёмы з Марыйкай Мартысевіч. Хацеў запрасіць на фестываль, але ж яна тады нарадзіла дзіця, і не было магчымасці прыехаць. Калі дзеці падрастуць, абавязкова яе запросім.
На апошнім фестывалі «Прадмова» пазнаёміўся з Уладзімірам Някляевым. На другі дзень мы сядзелі, шмат з ім размаўлялі. Вельмі цікавы чалавек. Вельмі мужны. Часта бывае так — людзі зробяць нешта не надта заўважнае і вельмі шмат пра гэта гавораць. А ён ціха і сціпла маўчыць, як быццам нічога не рабіў, нібыта нідзе не ўдзельнічаў, быццам бы не змагаўся. Калі пачынаеш распытваць — пару словаў скажа і ўсё. Хаця ён зрабіў болей, чым хто. Яго мы запросім абавязкова на наш фестываль.
З Уладзімірам Някляевым
- Атрымліваецца, што сувязь з Беларуссю ў Вас дастаткова моцная. Таму што столькі людзей Вы ведаеце, столькі было сумесных мерапрыемстваў. Ці наведвалі самі Беларусь?
- На жаль, не выпадала. Хадановіч некалькі разоў хацеў запрасіць, але нешта ўвесь час замінала, не атрымлівалася. Цяпер ён у Польшчы. Калі рэжым падзе, вельмі спадзяюся прыехаць у вашу краіну. Калі ўсе добрыя людзі вернуцца на Радзіму.
Ю. Н., budzma.org