Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка стаў першапраходцам сярод установаў вышэйшай школы Беларусі: з гэтага года на факультэце прыродазнаўства навучанне будзе адбывацца з выкарыстаннем планшэтных кампутараў Prestigio MultiPad 9,7 ULTRA. Новы гаджэт будзе адаптаваны для навучальнага працэсу і займее спецыяльна распрацаваныя прыстасаванні. Прэс-прэзентацыя новага адукацыйнага гаджэта адбылася 14 верасня ў БДПУ.
Сустрэча пачалася з выступу рэктара БДПУ Пятра Кухарчыка, які адзначыў: “Гэтая ініцыятыва — знакавая падзея для абодвух бакоў навучальнага працэсу ва ўсёй краіне. Новыя планшэты былі перададзеныя пазаўчора 12 выкладчыкам і 26 студэнтам ВНУ. Нам вельмі прыемна было бачыць шчырую радасць студэнтаў, бо не ўсе навучэнцы могуць сабе дазволіць такую прыладу. Я думаю, што навучэнцы ўсіх ВНУ і школаў будуць мець такія гаджэты менш чым праз пяць гадоў. Канстатую: хто спозніцца з момантам, той выпадзе з навучальнага працэсу”.
У першай, эксперыментальнай, частцы праекту бяруць удзел будучыя настаўнікі хіміі і біялогіі і іх выкладчыкі. За два дні да прэс-прэзентацыі ўдзельнікі эксперыменту ва ўрачыстай атмасферы атрымалі мульціпады Prestigio, якія цягам навучальнага года павінныя замяніць і падручнікі, і канспекты, і нават бібліятэку. Усе педагогі яшчэ да пачатку эксперыменту прайшлі спецыяльную перакваліфікацыю і атрымалі кансультацыі тэхнічных спецыялістаў кампаніі.
Дырэктар установы “Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Мінадукацыі РБ” прафесар Мікалай Лістапад падкрэсліў, што адзнака эксперыменту будзе выстаўленая праз год выкарыстання тэхналогіі па выніках кампаратыўнага аналізу. “Калі паспяховасць у навучанні эксперыментальных групаў будзе на 10-15% вышэйшая за класічную, безумоўна, будзем ужыўляць тэхналогію. Ведаеце, сацыялістычнае спаборніцтва не стала заменай канкурэнцыі: пасля таго як планшэты былі выдадзеныя, па БДПУ прайшоў канкурэнтны шум. Натуральна, ён закране астатнія ВНУ і ўсе 3300 школаў Беларусі. Таму жадаю ўсім поспехаў у засваенні новых тэхналогій. Бачна, што ажыятаж ужо ёсць”.
Ірына Савіна, дырэктар па маркетынгу кампаніі Prestigio, выказала падзяку ўсім прысутным і адзначыла, што для кампаніі праект гэты хутчэй сацыяльны, чым камерцыйны. “Чаму мы абралі менавіта БДПУ? Мы добра ўсведамляем, што будучыня нацыі залежыць ад медыкаў і педагогаў. Вельмі важна, каб, прыйшоўшы ў школу, яны прынеслі не толькі веды, але і тэхналогіі. Мы бачым нашую сацыяльную місію ў тым, каб гэты працэс ішоў хутчэй. Варта адзначыць, што студэнты змогуць набываць тэхніку з істотнай зніжкай — яны атрымаюць спецыяльныя талоны”.
Фінал прэзентацыі падвёў Генадзь Пальчык, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі. “У інфармацыйную эпоху дзеці ідуць наперадзе бацькоў, і часта эксперыментам у галіне адукацыі бракуе падрыхтаваных спецыялістаў”. Пасля чаго пад бурныя апладысменты перадаў адаптаваныя для новага гаджэта файлы падручнікаў 1-11 класаў на беларускай і рускай мовах Валеру Зелянкевічу, прарэктару ВНУ па навучальнай і інфармацыйна-аналітычнай працы.
Пра поспехі праекту можна будзе казаць пасля першага навучальнага года, але крытэры паабяцаныя даволі жорсткія. Застаецца пажадаць ініцыятарам праекту паспяховага вяртання “ў часы Арыстоцеля з новым дзейсным інструментам” і дачакацца годнага адказу (працягу?) ад тэхнічных ВНУ краіны.
Алесь Плотка