Чаму эмігранты з СНД у Еўропе галасуюць за ультраправых і трымаюцца ў сваіх “гета”? Ці можа эмігрант з Беларусі стаць у Антверпене дэпутатам? Як выхаваць беларусамі дзяцей у мультыкультурным асяроддзі? Пра гэта ды іншае – у размове з Галінай Мацюшынай, нашай зямлячкай, якая ўжо 20 гадоў жыве ў Бельгіі.
Галіна Мацюшына працавала начальніцай змены на “Беларуськаліі” ў Салігорску, але ў 1999-м разам з сям’ёй з’ехала ў Бельгію. Тады ёй было 37 гадоў. На новым месцы жанчына не толькі не разгубілася, але і занялася праблемамі мігрантаў, увайшла ў палітычныя колы і… нават стала дэпутатам!
Як гэта атрымалася?
Прапануем вашай увазе думкі ды рэфлексіі самой пані Галіны.
Галіна Мацюшына
“Дарогі назад няма”
Пераезд быў вельмі асабістым рашэннем: не палітычным, не эканамічным. Папярэдняя праца на “Беларуськаліі” была і прэстыжнай, і добра аплачванай, таму рэч не ў грашах. Выезд – гэта дарослае і адказнае рашэнне, якое пасля ўжо было цяжка змяніць: дарогі назад няма. А калі разам з сям’ёй, дзецьмі – гэта яшчэ цяжэй. Ведаеце, пасля 20 гадоў тут я разумею, што яшчэ адной эміграцыі я б, пэўна, не перажыла, гэта цяжкая справа.
“Адзіная замежная паездка – у ГДР па камсамольскай лініі”
Самае складанае – перажыць першы культурны шок. Калі не разумееш, дзе ты, што ты, нейкія крамы, агні свецяцца, грошы іншыя… усё іншае. Мы, маё пакаленне, асабліва ж не выязджалі нікуды – гэта не тое, што цяпер. У маім атачэнні па пальцах можна было пералічыць людзей, якія бывалі за межамі Беларусі. Мая адзіная тады замежная паездка была па камсамольскай лініі ў ГДР – тады гэта здавалася цудам эканамічным, культурным.
“Прасцей трымацца расійскамоўнай суполкі”
Мая прафесія – “горны ўзбагачальнік” – прадугледжвала адзін семестр замежнай мовы, а гэта ж нічога! Таму было складана. Але Бельгія дае шырокі спектр для вывучэння замежных моваў. У маёй частцы, у Фландрыі, гэта нідэрландская мова. Можна вучыць інтэнсіўна, хоць штодзень – залежыць ад твайго жадання. Наша ж праблема ў тым, што мы здольныя вучыцца, але цяжка ўваходзім у новае моўнае асяроддзя. Прасцей трымацца сваёй, напрыклад, расійскамоўнай суполкі, і ўсё.
“Фундамент – свая дыяспара”
У Бельгіі на той момант ужо была беларуская дыяспара. Гэта яшчэ тыя людзі, што ў часы Другой сусветнай прыехалі, вучыліся ў Лювенскім універсітэце… Пасля развалу СССР была новая хваля з усяго СНД. Людзі гуртаваліся па нацыянальнай прыкмеце – так лягчэй зразумець адно аднаго, завязваць кантакты. Пазней гуртаваліся і з іншымі дыяспарамі, бо аб’ядноўваюць таксама і праблемы на новым месцы: як знайсці працу, вывучыць мову, застрахаваць аўто – гэта актуальныя для ўсіх пытанні. Але фундамент – свая дыяспара.
“Задача: дапамагчы мігрантам інтэгравацца”
Па спецыяльнасці я больш ніколі не працавала, але тыя навыкі кіравання на вялікім прадпрыемстве, арганізатарскі досвед, напэўна, прыдаліся. Ужо 20 гадоў я працую тут у сацыяльным сектары. Ёсць такі дэкрэт пры дэпартаменце аднаго з міністэрстваў – сацыякультурная праца для дарослых. У яго рамках існуюць федэрацыі, якія дапамагаюць арганізацыям мігрантаў знайсці сябе і развівацца праз жыццё ў сацыяльных арганізацыях.
Федэрацыя, у якой я працую ўжо шмат гадоў, – найбольшая ў Фландрыі. У яе ўваходзяць 350 арганізацыяў, з якімі мы заключаем дамову пра супрацу, разам вядзём вялікія праекты, дапамагаючы ім стаць моцнымі самастойнымі структурамі. Сёння я адказваю за 38 арганізацыяў. Калі коратка, то мы дапамагаем людзям інтэгравацца ў бельгійскае і шырэй – у еўрапейскае грамадства. Для гэтага яны маюць разумець, як працуе дзяржава, службы, як аддаць дзяцей у школу і г.д.
“Чулі, што сказаў Пуцін, але не чулі, што сказаў бургамістр Антверпена”
Праблема выхадцаў з СНД – вялікі ўплыў расійскіх СМІ. Думаю, іх глядзіць прыкладна 80%. З аднаго боку, у нас дэмакратыя: глядзі што хочаш. З іншага – гэта замінае рэальна ацэньваць сваё жыццё тут і адчуваць сябе еўрапейцам. Вельмі замінае! Часам смяюся, што шмат хто ведае, што сказаў Пуцін, але не ведаюць, што сказаў бургамістр Антверпена ці што тут, на суседняй вуліцы, адбылося.
Жывучы ў Еўропе, падарожнічаючы без візы, карыстаючыся іншымі дабротамі ЕС, людзі надалей жывуць у сваёй савецкай мікрапрасторы… Я працую не толькі з выхадцамі з СНД, але і з дыяспарамі Непала, Бангладэш, Конга. У Антверпене жыве амаль 180 нацыянальнасцяў, і кожная выбудоўвае сваю закрытую прастору, што робіць інтэграцыю неглыбокай. Усе кажуць на словах, што адкрытыя, але рэальна жывуць у сваіх мікрасусветах.
“Дом маці і дзіцяці, куды ніхто не ходзіць… Не ведаюць”
Структура, у якой я працую, спрабуе гэта выпраўляць. Напрыклад, ёсць раён, гэта лакальны ўзровень, дзе мы спрабуем неяк… змешваць людзей, падштурхоўваць да кантакту. Ёсць, скажам, дом маці і дзіцяці з вельмі добрай медыцынскай дапамогай, але туды ніхто не ідзе, бо не ведаюць, не інфармаваныя, самі не цікавяцца. Мы ж спрабуем даводзіць усе гэтыя рэчы, бо праблема акурат у адсутнасці ведаў.
“Штогод важу ўнукаў у Беларусь – ім падабаецца”
Калі казаць пра захаванне ідэнтычнасці, то беларусам найцяжэй. Беларусы не прывезлі з радзімы глыбокай ідэнтычнасці з гістарычных прычынаў, палітыкі ў СССР і г.д. – гэта вядома. Так, тут ёсць беларуская царква, што працуе ўжо 16 гадоў, мы падтрымліваем магілы эмігрантаў старой хвалі, часоў Другой сусветнай. Але ва ўсё гэта заангажаваная мізэрная частка нашых мігрантаў. Крыўдна…
Як кажуць навукоўцы, трэцяя генерацыя перасяленцаў страчвае ідэнтычнасць. Трэба зрабіць вельмі шмат, каб нашыя дзеці хоць мінімальна захоўвалі гэтую памяць. Што рабіць? Камунікаваць з роднымі ў Беларусі, ездзіць туды, вазіць дзяцей на радзіму. Я ўнукаў штогод важу, ім падабаецца: у Беларусі яны маюць сяброў, ведаюць хай і пару слоўцаў на роднай мове. Мы ж, дарослыя, нясём за гэта адказнасць.
Мігранты супраць мігрантаў?
Шэсць гадоў я была дэпутатам ад хрысціянскіх дэмакратаў у Антверпене: з 2012-га па 2018 год. На гэтай пасадзе я спрабавала зрабіць як мага больш для нацыянальных меншасцяў і мігрантаў тут. Выбарцы ж, на жаль, усё часцей падтрымліваюць ультраправых. Тут такі парадокс: шмат хто з асяроддзя мігрантаў галасуе за партыі, якія заклікаюць пазбавіцца мігрантаў… Пытаюся: “Як так? Вы ж самі…” – “Не, – кажуць, – Мы даўно прыехалі, а во гэтыя…” Насамрэч гэта малаадукаванасць. Ну а выхадцы з СНД з вышэйшай адукацыяй наогул часцяком думаюць, што ўсё ведаюць і разумеюць, – нічога не давядзеш.
Апошнія выбары ў федэральны парламент у нас былі 26 траўня. Я не прайшла не таму, што набрала мала галасоў, проста само месца было непрахадным. Таму мы ў партыі вырашылі, што працуем на трох-чатырох топавых кандыдатаў. Мая ж пазіцыя ў партыі застаецца моцнай. Я надалей буду працаваць тут з тэмай мігрантаў.
“Не прыйшоў на выбары – штраф”
У нас, вядома, поўная дэмакратыя – усё адкрыта. Можна нядорага зняць добрае памяшканне для сустрэчы з выбарцамі, агітаваць на вуліцах, рынках і г.д. З гэтай прычыны я заўжды з павагай гляджу на тых, хто займаецца палітыкай у Беларусі, бо там зусім іншыя ўмовы – паміж намі прорва. Бельгійцы ж, дарэчы, вельмі палітызаваныя – гэта адна з нешматлікіх краінаў у свеце з абавязковым галасаваннем. Не прыйшоў на выбары – атрымаў штраф.
Распавесці пра садок, аптэку ды сустрэцца з участковым
Праблема міграцыі насамрэч існуе. Кожная дыяспара закрытая і адкрытая адначасна. Няма цікавасці ні ў бельгійцаў, ні ў нашых, каб будаваць змяшанае грамадства. Бельгійцам таксама нецікава ведаць свайго суседа і яго справы… Адзінае, што можна зрабіць – выбудоўваць маленькія групы праз мерапрыемствы, сустрэчы. На ўзроўні раёна ці трох-чатырох дамоў. Там ужо распавядаць, як працуе дзяжурная аптэка, як запісаць дзіця ў садок (тут – праз інтэрнэт), сустрэцца з участковым. Гэта, так бы мовіць, інтэграцыя, заснаваная на супольных побытавых праблемах і пытаннях.
“Ем сала а 9-й вечара – адчуваю сябе беларускай!”
Я працую ў такім тэмпе, што мне няма калі рэфлексаваць ці шкадаваць пра тое рашэнне аб пераездзе, зробленае ў 1999-м. У Беларусі засталіся сябры, справы, сумесныя праекты з НГА па гендарных пытаннях. Здаецца, калі ў пачатку гэтага году памерла маці, нагодаў прыязджаць стала меней, але… я ж усё адно люблю Беларусь, свой Салігорск, Мінск. Ніколі не шкадавала, што жыву тут, але ніколі і не выключаю магчымасці вярнуцца – у жыцці ўсё можа здарыцца.
Ведаеце, як толькі самалёт апускаецца ў мінскім аэрапорце – гэта такі прыліў сілаў і пазітыўнай энергіі! Цэлы месяц з асалодай ем нашыя прадукты: гуркі з гарода, сала а 9-й вечара (смяецца). Тады адчуваю сябе сапраўднай беларускай! Але як толькі вяртаюся ў Бельгію, мне таксама добра і камфортна. Магу смела казаць пра дзве радзімы. Ганаруся, што і дзеці захавалі любоў да Беларусі.
Гутарыў Алесь Кіркевіч
Фота з архіву Галіны Мацюшынай
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!