Галоўныя перамогі беларусаў: Спорт

11.09.2015 Спорт

Мы працягваем знаёміць вас з галоўнымі перамогамі беларусаў, тым разам гаворка пойдзе пра спорт. Мы распыталі спартыўнага аглядальніка Яўгена Валошына пра тры галоўныя перамогі беларускага спорта, аднак выявілася што абмежавацца толькі трыма не атрымаецца.

Калі казаць  пра гульнявыя віды спорту, то першая падзея — гэта перамога мінскага “СКА” ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў у 1987 годзе. З таго часу шмат гадоў наша каманда была ў сусветным гандболе як сёння “Барселона” ў футболе. Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў яны бралі яшчэ два разы. А таксама Суперкубак. Амаль кожны гандбаліст каманды быў алімпійскім чэмпіёнам.

Другі момант — перамога “БАТЭ” над Баварыяй у 2012 годзе. Адзначым, што ў тым жа сезоне Лігі чэмпіёнаў “Баварыя” ў гэтым турніры перамагла. “БАТЭ” — каманда, усе гульцы якой каштуюць танней, чым адзін футбаліст “Баварыі”. Але “БАТЭ” — адзіны клуб, які ў тым сезоне перамог “Баварыю”.

Ну і перамога “Беларксі” над Швецыяй у чвэрцьфінале Алімпіяды ў 2002-м.

Вось такія тры сенсацыі. Але калі браць негульнявыя віды спорту, там дасягненні і падзеі нашмат больш грандыёзныя. І такіх падзей больш за тры. Гэта шэсць залатых медалёў гімнаста Шчэрбы падчас Алімпіяды-1992. Гэта тры золаты Домрачавай у Сочы. Гэта Азаранка, якая рабілася першай ракеткай свету.

Гэта выбітныя шматразовыя алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету ў веславанні: Кацярына Карстан, браты Багдановічы.

Гэта байцы муай-тай і ММА, якія сталі аднымі з самых топавых на планеце з пустога месца (Дзмітрый Пясецкі, Дзмітрый Шакута, Андрэй Арлоўскі). Гэта барэц Аляксандр Мядзведзь, якога блізу 10 гадоў не маглі зрушыць з подыума.

Гэта самая хуткая бягуха планеты Юлія Несцярэнка.

Запісаў Мікалай Левертаў