Часам у замежнай літаратуры можна знайсці тое, чаго не хапае ў сваёй. Сусвет вялікі, і хтосьці ўжо мог адказаць на пытанне, якое ты сабе задаеш, — калі не ў роднай краіне, дык у суседняй. Ніжэй я прапаную спіс з 10 перакладзеных на беларускую мову кніг, напісаных аўтаркамі-жанчынамі, якія, на маю думку, уносяць у нашу літаратуру нешта новае і істотнае.
(пераклала Вераніка Бяльковіч, “Логвінаў”, 2005)
“Гук сонечнага гадзінніка” — дэбютны раман чэшскай пісьменніцы Ганы Андранікавай і першае выданне з серыі “Чэшская калекцыя”. Вельмі агульнымі словамі гэтую кнігу можна ахарактарызаваць як раман пра трагічнае каханне, аднак у ім уздымаецца шмат тэм, адна з якіх — жанчына і Халакост. Дзве гераіні рамана трапляюць падчас Другой сусветнай вайны ў канцлагер, і, апісваючы іх побыт у Асвенціме, пісьменніца гаворыць не толькі пра ўмовы жыцця там увогуле, але і пра ўціск, які вязні цярпяць як жанчыны. Пераклад гэтага рамана ўносіць у беларускі кантэкст тэму, якая ва ўласна беларускай літаратуры падымаецца вельмі рэдка, — гісторыя жанчын у канцлагерах.
(пераклаў Якуб Лапатка, выд. Зміцер Колас, 2017)
Серыя “Паэты планеты” знаёміць беларускіх чытачоў з замежнымі паэтамі, класікамі розных нацыянальных літаратур. На сённяшні момант у серыі прадстаўлены 21 паэт, і толькі тры з іх — жанчыны: Сапфо, Габрыэла Містраль і Катры Вала. Часткова гэта сведчыць пра тое, што беларускія перакладчыкі ўсё яшчэ ўспрымаюць сусветную паэзію як пераважна паэзію мужчынскую. Тое ўяўленне пра замежную класіку, якое ёсць у нас сёння, фармавалася ў савецкія часы і змяняецца вельмі павольна. Зборнік Катры Валы — адной са знакавых творцаў фінскай літаратуры і мадэрнізатаркі паэзіі на фінскай мове — і зборнікі іншых паэтак з серыі, дапамагае разбурыць стэрэатып пра мужчынскі характар паэтычнай класікі.
(пераклала Вераніка Бяльковіч, “Логвінаў”, 2013)
Галоўная гераіня рамана — дзевяцігадовая дзяўчынка Гэленка, і менавіта яе вачыма чытачы глядзяць на жыццё ў Чэхаславакіі 1970-х гг. Яна падслухоўвае размовы дарослых і робіць з іх уласныя высновы, перажывае праз праблемы ў школе і праз тое, што іншыя дзеці дражняць яе і называюць Мобідзікам за лішнюю вагу. Вывеўшы ў творы на першы план трошкі няўклюдную, вельмі абаяльную і ўразлівую дзяўчынку, аўтарка расказала не толькі пра сацыялістычнае мінулае сваёй краіны, але і пра нягоды, з якімі можа сутыкацца дзіця нават у шчаслівай сям’і: напрыклад, з наступствамі разводу бацькоў. У 2014 годзе Вераніка Бяльковіч атрымала за пераклад гэтай кнігі прэмію часопіса “ПрайдзіСвет”.
(пераклаў Андрэй Хадановіч, “Логвінаў”, 2017)
У беларускіх выдавецтвах выходзіць няшмат зборнікаў сучасных замежных паэтак. З таго, што выйшла ў апошнія гады, наўскідку прыгадваюцца толькі кнігі Дароты Коман, Норы Гомрынгер, Эвы Ліпскай і Хінемааны Бэйкер (зборнік вершаў якой увогуле выйшаў ва ўкраінскім выдавецтве “Крок”). Асаблівасць паэзіі Дароты Коман — гэта спалучэнне засяроджанасці на вельмі прыватных эмоцыях, звязаных з рознымі праявамі жыцця (каханне, развод, мацярынства, старэнне, творчасць), настолькі, што часам кніга пачынае нагадваць інтымны дзённік, і дасціпнай гульні словаў, калі апошні радок верша можа цалкам змяніць уражанне ад яго прачытання.
(пераклаў Павел Раага, выд. Зміцер Колас, 2012)
Венгерка паводле паходжання, Жо Лангерава значную частку свайго жыцця пражыла ў Браціславе ў шлюбе са славацкім камуністам Оскарам Лангерам, які па сфабрыкаваным абвінавачанні шмат гадоў правёў у турме. Ва ўспамінах пісьменніцы мы бачым усю яе гісторыю: знаёмства з мужам, пераезд у Славакію, гады сацыялістычнага рэжыму і выжывання ў статусе “жонкі ворага народа”. “Калісьці ў Браціславе” — таленавіта напісаная жаночая аўтабіяграфія, у якой спакойна і разумна расказваецца пра жаночы досвед існавання ў пакутлівых умовах, гісторыя жаночай паўсядзённасці і барацьбы за годнае жыццё. Праз адсутнасць рэкламы і някідкае афармленне вокладкі беларускае выданне не было ацэненае чытачамі, аднак кніга несумненна вартая ўвагі тых, хто цікавіцца жаночай гісторыяй ХХ ст. У 2013 годзе гэты пераклад трапіў у шорт-ліст прэміі “Дэбют”.
(пераклала Марына Шода, “Логвінаў”, 2010)
Раман “Правек ды іншыя часы” псіхатэрапеўткі паводле адукацыі і паслядоўніцы Юнга Вольгі Такарчук — гэта раман-казка, у якім рэальнае жыццё людзей непарыўна звязанае з міфічным. Міф робіцца тут інструментам для заглыблення ва ўнутраны свет чалавека і дапамагае даследаваць навакольную рэчаіснасць, гэта пісьменніцкі інструмент і адзін з герояў твора, частка ўніверсуму, у якім існуюць жыхары Правеку, і сама аснова іх жыцця. “Правек ды іншыя часы” — даследаванне малой, сямейнай гісторыі на фоне гісторыі вялікай.
(пераклала Святлана Рогач, “Логвінаў”, 2015)
Жаночая гісторыя хавае шмат незвычайнага і таямнічага. Зрабіўшыся аб’ектам спецыяльных даследаванняў параўнальна нядаўна, яна можа ўразіць тых, хто раней не асабліва задумваўся, чым жа, апроч хатніх спраў і гадавання дзяцей, жанчыны займаліся апошнія некалькі тысяч гадоў. Кніга “Жыткаўскія багіні” адкрывае адну з такіх захапляльных старонак жаночай гісторыі і расказвае пра знахарак, “багінь”, якія жылі ў гарах і мелі незвычайныя здольнасці — напрыклад, лячыць людзей. Гэта гісторыя своеасаблівай жаночай супольнасці, упісаная ў дэтэктыўную лінію. Каб падрыхтаваць кнігу, Катаржына Тучкава некалькі гадоў працавала ў архівах, і вынікам яе працы стаўся мастацкі твор на мяжы з нон-фікшн. За пераклад гэтай кнігі Святлана Рогач атрымала ў 2016 годзе прэмію “Дэбют”
(“Логвінаў”, 2013)
Віслава Шымборска — адна з 14 жанчын, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры за ўсе гады яе існавання (для параўнання: колькасць мужчын-лаўрэатаў складае 99 чалавек). Прэмія пачала ўручацца ў 1901 годзе, і першая жанчына — Сельма Лагерлёф — атрымала яе ў 1909-м. Да 1966 года лаўрэаткамі прэміі зрабіліся ўсяго 6 жанчын, потым да 1991 года жанчыны не атрымлівалі прэміі ўвогуле, але ў апошнія 25 гадоў сітуацыя паляпшаецца: кожны трэці лаўрэат прэміі — жанчына. Калі не лічыць Святлану Алексіевіч, на беларускую мову грунтоўна перакладзеныя толькі дзве лаўрэаткі: Габрыэла Містраль (1945) і Віслава Шымборска (1996). Зборнік Шымборскай у густоўным афармленні выкладчыцы і мастачкі Наталлі Паваляевай мае сімвалічную назву “Канец і пачатак”: ён уключае ўсе вершы, якія сама паэтка лічыла вартымі і ад якіх не адмовілася, і яе творчасць прадстаўленая ў адваротным парадку — ад самых позніх вершаў да самых ранніх. Над кнігай працавалі 10 перакладчыкаў і перакладчыц.
(пераклалі Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч, “Логвінаў”, 2016)
Малгажата Шэйнэрт — польская пісьменніца і журналістка, адна з сузаснавальніц “Gazety Wyborczej”, дзе яна шмат гадоў кіравала аддзелам рэпартажаў, і аўтарка шэрагу кніг у жанры нон-фікшн. Яе творчасць можна параўнаць з творчасцю Святланы Алексіевіч: Малгажату Шэйнэрт таксама цікавіць гісторыя чалавека на фоне гістарычных падзей, аднак яна больш працуе са справамі мінулых дзён, даследуе архівы і выбудоўвае свае кнігі з кавалкаў некалькіх рэальнасцяў: таго, што было, таго, што бачаць іншыя людзі, і таго, што бачыць яна сама. Кніга “Насыпаць горы” — гэта вынік яе падарожжаў па Палессі, падчас якіх яна шукала там польскія сляды і збірала гісторыі людзей, што жылі там раней і жывуць цяпер. Калі з кніг Святланы Алексіевіч героі плачуць, моляць, з усіх сіл крычаць, заспетыя знянацку вялікай бядой, і дыстанцыі паміж імі і чытачом зусім няма, то Малгажата Шэйнэрт, гледзячы на сваіх герояў з пэўнай дыстанцыі, можа сабе дазволіць і ўзважаны аналіз, і дасціпную апрацоўку матэрыялу. Асноўныя рысы яе кніг — увага да побытавых дэталяў і дакладна прадуманая кампазіцыя.
(пераклала Марына Дзергачова, “Кнігазбор”, 2016)
Адзін з першых твораў у жанры навуковай фантастыкі, раман “Франкенштайн”, быў напісаны ледзь не ў заклад. Дажджлівым летам Мэры разам з будучым мужам Персі Бішам Шэлі, а таксама Байранам і Джонам Палідоры дамовілася паспаборнічаць у напісанні вусцішнай гісторыі і яўна выйшла з гэтага спаборніцтва пераможцай. Дарэчы, такая ўпэўненасць пісьменніцы першай паловы ХІХ ст. у сваіх сілах невыпадковая. Маці Мэры Шэлі, Мэры Ўолстанкрафт, пісьменніца і феміністка, якая актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці і была ў пэўным сэнсе свабодная ад гендарных забабонаў свайго часу, моцна паўплывала на дачку, і гэта сведчыць пра тое, наколькі яркі прыклад здольны падштурхнуць жанчыну да рэалізацыі сваіх талентаў.
Ганна Янкута