Беларускія фатографы Юлія Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі прадставілі гарадзенцам “Прэс-фота Беларусі” ў памяшканні, якое арандуе незалежны Саюз палякаў. Вёў імпрэзу рэдактар “Твайго Стылю”, журналіст і перакладчык Аляксей Шота.

— Выстава прыехала ў Горадню ўжо трэці раз. Тут мы заўсёды паказваем свае здымкі, якіх сёлета 280, — расказаў Аляксей.
Апроч самой выставы прысутным паказалі маленькія фільмы, дасланыя на конкурс мультымедыя, які сёлета ладзіўся ўпершыню.
— Я не памятаю такой колькасці людзей на нашых выставах — кажа Юлія Дарашкевіч. — Я радая ўсіх вас бачыць. Мне вельмі прыемна адкрываць гэтую выставу, таму што я сама гарадзенка. І для мяне вельмі важна тое, што ў гэтым годзе выстава паказваецца фактычна без цэнзуры. Мы кожны раз стаім перад выбарам: папрасіцца ў галерэю, даступную для ўсіх, і правесці сеанс самацэнзуры, прыбраўшы палітычныя альбо вострасацыяльныя здымкі, альбо правесці прэзентацыю ў нефармальным памяшканні.
Гарадзенцы змогуць убачыць выставу да 10 снежня.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі