Гарадзенскае Таварыства беларускай школы выдала размалёўку для дзетак “Горадня”.
Галоўная мэта размалёўкі — знаёмства з архітэктурнымі помнікамі горада. Дзеткам прапанавана размаляваць 10 будынкаў Горадні: цэнтральную сінагогу, Брыгіцкі касцёл, лямус і кірху, каланчу і Фарны касцёл, Фару Вітаўта, Стары замак, Каложу і Бернардынскі касцёл.
Пра гэты невялікі праект расказвае кіраўнічка гарадзенскай арганізацыі ТБШ Таццяна Канопкіна: “Ідэя зрабіць размалёўку з’явілася пасля гульні “Скарбніца Горадні”, якую мы ладзілі ў 2011 годзе. Менавіта тады мы зразумелі, што дзеці не ведаюць свайго горада. Маленькія гарадзенцы не ведаюць, дзе якія храмы і дзе стаяў самы вялікі храм горада — Фара Вітаўта.
Мы ўжо разнеслі выданне па школах і дзіцячых садках горада. Я занесла размалёўку ў гарадскі аддзел адукацыі. У адной са школ сакратарка ўсцешылася, што з’явілася нешта новае, не такое кансерватыўнае, як выдае дзяржава”.
“А адзін мой сябра, — працягвае спадарыня Таццяна — шукаў для сваёй малой дачушкі, што вучыцца ў 4 класе, малюнак гарадзенскага Старога замка, аднак у гарадзенскіх кнігарнях не мог знайсці нічога цікавага”.
Пра само выданне кіраўнічка гарадзенскага ТБШ кажа: “Мы будзем працягваць працаваць на будучыню. Цяпер думаем, што зрабіць другой часткай. Хацелася б зацікавіць гісторыяй дзетак рознага ўзросту. Мы будзем ладзіць шэраг гульняў, прысвечаных патрону Горадні Святому Губерту”.
Дызайнам размалёўкі займаліся Ірына Саранчукова і Мікалай Кіслы. Наклад выдання — 180 асобнікаў. Каб замовіць выданне, трэба пазваніць 8(0152) 743305.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня