Гарадзенскі праект “Жывая гісторыя” разам з абласной бібліятэкай імя Карскага і аддзелам ідэалогіі правялі свята адной з самых старых у горадзе вуліц — Элізы Ажэшкі. Каля дома пісьменніцы, дзе адбывалася большая частка мерапрыемстваў, прайшлі майстар-класы народных майстроў і традыцыйных танцаў, можна было таксама паслухаць вершы, прысвечаныя Ажэшцы.
Гарадзенскія краязнаўцы зладзілі выставу старажытных фотаздымкаў, а для самых маленькіх працавала дзіцячая пляцоўка, дзе можна было пагуляць у гульні ці з’есці марозіва з савецкай кавярні. А з гісторыяй кожнага дома на вуліцы гарадзенцы маглі пазнаёміцца на адмысловай выставе. Пра свята расказвае Сяргей Іваноў, кіраўнік праекта “Жывая гісторыя”:
— Шмат фотаздымкаў вуліцы, якая была ў час жыцця Элізы Ажэшкі. Таксама мы можам пабачыць рамеснікаў, дзіцячую пляцоўку, на якой ёсць “класікі”, у якія гулялі нашыя бацькі таксама. Вельмі шмат гістарычных матэрыялаў. Вельмі шмат цікавага.
Пра гісторыю старадаўняй вуліцы расказвае краязнаўца і жыхар гэтай вуліцы Віктар Саяпін:
— Першыя ўспаміны пра вуліцу адносяцца да 1560 года, дзе ў валочным вымярэнні вуліц горада яна насіла назву Новая дарога да Верцялішак. Потым назва мянялася. У 1760 — 80-я гады пачалася забудова вуліцы. Гэта былі часы кіравання гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза, які тут пасяліў у маленькіх дамках майстроў з Заходняй Еўропы. На жаль, толькі адзін з іх застаўся на гэтай вуліцы. З 1802 года вуліца атрымала назву Раскоша. Яна пачала развівацца, калі была пабудаваная першая ў Беларусі чыгунка. Цяпер асноўныя будынкі, што захаваліся на гэтай вуліцы, адносяцца да канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З гэтых старых будынкаў можна вылучыць дом пад нумарам 1 — гэта былы палац Масальскіх, які мае цікавую гісторыю. Ён паўстаў у 1740-х. Дом так званай медычнай акадэміі Жана Эмануіла Жылібера. Акадэмія ніколі ў гэтым будынку не была, бо ён быў пабудаваны, калі акадэмію ўжо перавялі ў Вільню. Дом былой жаночай гімназіі, насупраць якой мы знаходзімся, — таксама вельмі цікавае месца.
Свята мусіла цягнуцца тры гадзіны, аднак праз дождж усе мерапрыемствы давялося на гадзіну скараціць.
Андрэй Мялешка
Фота Марк Харл
Тэгі: Гродна