17 траўня 2014 тэрыторыя гарадзенскіх Новага і Старога замкаў на час свята “Дзень і ноч у музеі” пераўтварылася ў сярэднявечную пляцоўку. Для зацікаўленых гледачоў тут праходзілі двубоі сярэднявечных рыцараў, стральба з лука, а прадстаўнікі некаторых рыцарскіх клубаў паказалі сярэднявечныя танцы. У залах самых музеяў можна было паўдзельнічаць у чайнай цырымоніі. Апроч гэтага крама-клуб “Кубік” прадставіла гарадзенцам гістарычныя настолкі.
Пра свой удзел у мерапрыемстве расказвае прадстаўнік сярэднявечнага клуба “Дружына Святога Патрыка” Кірыл Арэшнікаў:
— Займаемся мы рэканструкцыяй сярэднявечнага побыту, розных навыкаў — бою, стральбы з лука, валодання мячом. Сёння мы паказалі некалькі кароткіх баёў паміж рыцарамі. Для людзей было трохі гульняў — магчымасць прымераць тое, што насілі ў ХІІІ—XIV стагоддзі. Далі пастраляць, цір у нас быў арганізаваны.
Аднак, як канстатуюць многія наведнікі, сёлетняе прадстаўленне было гульнёй на публіку, якой сёлета сабралася нямала. Вечаровая частка праграмы скончылася позна ўночы. Гледачоў чакаў музейны дывертысмент і музычнае прадстаўленне пад назвай “Макі растуць у галаве”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі
Тэгі: Горадня