13 красавіка ў клубе Re:Public адбыўся канцэрт-вяртанне беларускага метал-праекту Hard Life Heavy Music. У імпрэзе ўдзельнічалі як сапраўдныя ветэраны цяжкай беларускай сцэны, што адзначыліся ў свой час на фірмовых музычных складанках, так і таленавітыя маладыя гурты. Шкада толькі, што гэтае трохгадзіннае метал-шоу, якое афіша рэкламавала як грандыёзнае, прайшло ў амаль пустым клубе.
Магчыма, слухачам не спадабаўся ранні пачатак – 17.30. Магчыма, усе спужаліся выходзіць з дома ў пятніцу, 13-га. Цяжка сказаць дакладна, але канцэрт Алесю Таболічу і Віталю Зыблюку давялося пачынаць перад небагатай публікай чалавек у трыццаць на ўвесь Re:Public. Выказаўшы шчырую надзею на тое, што астатнія з’явяцца пазней, вядоўцы запрасілі на сцэну маладую каманду EXEGUTOR. Хлопцы выдалі чаргу моцных brutal death metal баевікоў, але слэміцца пад іх, на жаль, не было каму. Гэта даволі сумна, бо музыкі сапраўды давалі жару сваімі вострасацыяльнымі песнямі пра алкаголь, смерць, наркотыкі і каханне.
Адыграўшы апошнюю тэму, пад якую ўсё ж утварыўся мініслэм, хлопцы пайшлі, а іх месца на сцэне заняў полацка-наваполацкі грайндкор-гурт, назву якога на афішы скарацілі да A-L GRIND. Я б сказаў, што тэматыка іх песень найлепш за ўсе астатнія падыходзіць да назвы праекту Hard Life Heavy Music (“Цяжкае жыццё – цяжкая музыка”), бо закранае вечныя тэмы адносін паміж мужчынам і жанчынай, кахання. Праўда, праз своеасаблівы стыль выканання ўвесь тэкст песні звычайна знаходзіцца ў яе назве, але гэта характэрная прыкмета жанру. Грайндкор-трыа змагло натхніць публіку не толькі на слэм і мош, але і на сапраўдную Сцяну Смерці, якая была асабліва смяротнай з прычыны вялікага месца для разбегу.
Выканаўшы цэлых шаснаццаць трэкаў за палову гадзіны, A-L GRIND саступілі пляцоўку мінскім хардкоршчыкам VERSUS 7. Тыя паабяцалі, што пасля цяжкіх рыфаў папярэдняй банды іх музыка будзе гучаць як COLDPLAY, але крыху пакрывілі душой – цэлыя два вакалісты на сцэне сваёй энергіяй не давалі слухачам стаяць на месцы. Асабліва ўрэзаўся ў памяць трэк пад назвай “Светские беседы”, які можна назваць падпольным гімнам нашага горада.
Дарэчы, перад VERSUS 7 павінен быў выступаць гурт SYMPHONY OF SEVEN, але, па словах аднаго з удзельнікаў гурта, іх гітарысты зніклі падчас камандзіроўкі. Наступнымі на сцэну выйшлі ветэраны праекту Hard Life Heavy Music – гурт SOULSIDES. Пад іх меладычны хэві-метал публіка спрабавала ці то слэміцца, ці то танцаваць, але выходзіла нешта дзіўнае. На SOULSIDES гук у клубе чамусьці ператварыўся з выдатнага ў даволі дрэнны, таму асаблівага задавальнення ад падоўжанага сэт-ліста атрымаць не ўдалося.
Пасля быў IMPRUDENCE, у складзе якога з’явіўся новы чалавек – скрыпачка Валя. Ацаніць абноўленае гучанне было цяжка, бо гук у клубе так і не прыйшоў у норму. Нягледзячы на тэхнічныя непаладкі і цяжкі стан вакаліста (ён днямі зламаў рабро і актыўна лячыўся таблеткамі), хлопцы энергічна выканалі сваю праграму і пайшлі. Апошнімі ў той дзень гралі бабруйчане STRAIGHT LAND, якія ўжо ўдзельнічалі ў мінулых канцэртах Hard Life Heavy Music і музычных складанках праекту. Свой нядоўгі, але экспрэсіўны сэт яны закончылі песняй “Зіма”, якая выдавалася на адным з дыскаў праекту Hard Life Heavy Music.
Зусім не благі канцэрт, але яго камерны фармат крыху сапсаваў уражанні.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч