«Hard Life – Heavy Music» многія называюць найбольш пасьпяховым музычна-выдавецкім праектам у Беларусі (рэґулярны выпуск альбомаў, маштабныя канцэрты ў розных гарадах краіны). Як і ўсялякая пасьпяховая ініцыятыва, ён мае й ляґічныя першакрыніцы, і стыхійныя ўплывы.
Прад’юсарская ініцыятыва «БМАgroup», узьнікшая зь сярэдзіны 90-х пад дахам Таварыства Беларускай Мовы, пачынала сьпярша з касэт і поп-складанак на роднай мове, а займацца элітарнымі відамі мастацтва пабойвалася, каб не загнаць саму мову ў тупік (хай сабе й элітны). І ўсё ж адмыслоўцы прыкмецілі, што стылістычна акрэсьленыя альбомы карыстаюцца ў нас значна большым попытам, чым маскультаўскі нос па ветру. Каб спраўдзіць адкрыцьцё, была задумана сэрыя складанак пад умоўнай назвай «Энцыкляпэдыя Рок-стыляў». Пільна падрыхтаваныя CD-кампіляцыі «Hard Life – Heavy Music», «Hardcoreманія: чаду!», «Пасадзіў Dead Rapку/Rap Not Dead» выклікалі такі шалёны попыт, што «БМАgroup» забыў на ўсе свае «надзеі і апоры» кшталту «Вольных танцаў», сьвяточных складанак, а заняўся найпасьпяховейшым з пасьпяховых – «Hard Life – Heavy Music».
З 2001 да 2006 год выйшла чатыры складанкі гэтай сэрыі, многія зь іх сталі музычнымі рарытэтамі. Пад уплывам «Hard Life – Heavy Music» да паўнафарматных мэтал-рэлізаў менавіта на роднай мове дасьпелі ня толькі клясыкі жанру («Znich», «Imprudence», «Apraxia»), але й колісь прынцыпова анґламоўныя апаляґеты плыні («DeadMarsh», «Partyzone», «Dialectic Soul»). Фраґмэнтарна паўдзельнічаць у праекце лічылі за гонар многія прызнаныя ў гэтай сфэры адмыслоўцы (нашы «Vicious Crusade», «Gods Tower», «Straight Land» і замежныя – галяндзкі «Third Stone», польскі «The Dvery», расейская «Arizona»). Вырасла ў Беларусі й цэлая плеяда маладых ґеніяў цяжкой ґітары («ZM99», «Soulsides», «Kamajedzica»). І ўсё ж у пэўны момант нехта падказаў «БМАgroup» мяняць коней на пераправе. Абнаўленьні нікому не заміналі, бо паляпшалася якасць запісаў, майстэрства музыкаў, узмацнялася канкурэнцыя сярод удзельнікаў, што дазваляла выбіраць лепшае зь лепшых, але… Нават сам праект перайменавалі ў «Metallection». І пры ўсіх сваіх вартасьцях, ён пачаў затухаць.
Як заўжды на пасьпяховай ніве над сьвежым трупам пачыналі кучкавацца шакалы й марадзёры, прапануючы пад яшчэ гарачанькім брэндам свае «аналяґічныя шоў», якія толькі марнавалі аўтарытэт удалай ініцыятывы. І вось з гэтай прычыны лэйбл «БМАgroup» сам вырашыў заняцца адраджэньнем свайго несьмяротнага гадаванца, прызначыўшы на мэтафарычны дзень пятніца, 13 красавіка маштабнае шоў «Hard Life – Heavy Music». І гэта ня ліпа, а той «Hard Life – Heavy Music», якім ён быў заўсёды: яркім, заманлівым, шматабяцальным. Падабралі для гэтага й адпаведную пляцоўку – найбольш прэстыжны й вядомы музычны клюб «Re:Public» (ля ст. м. «Кунцаўшчына»). На афішы зьзяюць добра знаёмыя з мінулых кружэлак сэрыі і паводле ўласных пасьпяховых альбомаў імёны «Imprudence», «Straight Land», «Soulsides», дачакаецца публіка й вялікай сцэны для тых, пра каго пагалоска апярэдзіла ўвагу сур’ёзных прад’юсараў. Як, напрыклад, прышпільныя сталічныя ґрайндкоршчыкі «Exegutor» (рыхтуйце грошы на іх фірменны альбом). А мяне асабіста заінтрыґаваў праект «Symphony Of Seven», нагадаўшы куміраў маладосьці «In Spe» з Эстоніі, бо ў іх быў арт-рокавы альбом з назвай «Сымфонія для сямі выканаўцаў» (дзе той Эркі Свэн Цюйр цяпер?).
Многае нагадае імпрэза, якая пачнецца 13 красавіка ў 17.30. Рана пачнем – шмат пасьпеем. Хто рана прыйдзе, таму сам бог дае.
Кошты квіткоў не назавеш дарагімі: першыя 100 жадаючых заплоцяць усяго 45 000 (як пара разоў памыцца ў лазьні), астатнія папярэднікі – 55-65 000, а месца за столікам + кампакт дыск у падарунак – за 75 000. Дый усім папярэднім замоўцам абяцаюць CD ў падарунак. Каму «Hard Life – Heavy Music», а каму й што пашанцуе.
Кропкі распаўсюду квіткоў: пераход на пл. Я.Коласа, пераход ля ГУМа, у ГЦ «Riga» (18 кропка), ГЦ «Купалаўскі» (19 кропка), у самім клюбе «Re:Public» ды інш.
Даведкі праз тэл. 649 08 88.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА