Гародня: адкрыўся музей журналістыкі

10.10.2009

Свой музей журналістыкі цяпер ёсць не толькі ў Вашынгтоне, але і ў Гародні.

Учора ў Гародні адкрыўся музей газеты “Гродзенская праўда”, якая пачыналася ў 1939 годзе як газета “Освобожденный Белосток”, потым была перайменавана ў “Вольную працу”, пазней –  у “Белостоцкую правду” і ў 1944 – “Гродзенскую праўду”.

Першы на Беларусі музей журналістыкі распавядае пра гісторыю друку Гарадзеншчыны з пачатку 18 стагоддзя, пра 70-гадовы шлях галоўнага абласнога выдання, людзей, якія працавалі на ніве журналістыкі. Рукапісы, блакноты, фотаздымкі, фотакамеры, абсталяванне, якое выкарыстоўвалася ў мінулым стагоддзі ў фотасправе і паліграфіі, узнагароды, старыя падшыўкі, асабістыя рэчы вядомых журналістаў – усё гэта знайшло месца ў экспазіцыі.

Цікава, што некалі ў газеце працавалі пачынаючыя літаратары, а потым вядомыя пісьменнікі Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў. Шмат гадоў літкансультантам рэдакцыі быў Міхась Васілёк. Пра ўсё гэта можна даведацца ў музеі і ўбачыць, напрыклад, аўтаручку Васіля Быкава, якой ён стварыў свае лепшыя творы, канспект ягонага выступлення на з’ездзе маладой інтэлігенцыі, самаробны гальштук Міхася Васілька, пісьмо Аляксею Карпюку ад Валянціны Церашковай і старажытны музычны інструмент, які больш за сем дзесяцігоддзяў назад пабываў ў руках паэта –патрыёта Гальяша Леўчыка.

Кожная рэч у музеі – сведка гісторыі, даніна павагі пішучай братыі, якая стварала і стварае летапіс жыцця.

Тэгі: