Літаратурнае свята ў самым цэнтры горада, выстава кніг на адкрытым паветры, выступы пісьменнікаў і паэтаў — гэта толькі малая частка таго, што адбывалася 1 чэрвеня на гарадзенскай вуліцы Ажэшкі каля дома-музея паэткі.
Усе прысутныя маглі паслухаць выступы гарадзенскіх пісьменнікаў, а за музычную частку адказвалі прадстаўнікі нацыянальных суполак (рускія, украінцы, габрэі і іншыя). Са збораў гарадзенскай бібліятэкі імя Карскага былі прынесеныя кнігі для міні-выставы, прысвечанай гэтым нацыянальным суполкам.
А каля самога дома-музея гарадзенскія калекцыянеры разгарнулі сваю выставу. Адзін з іх, Януш Паруліс, запрашаў пазнаёміцца з кнігамі, дакументамі, фотаздымкамі і прадметамі даўніны, якія расказваюць пра Ажэшку ў яго прыватным музеі.
Але перш за ўсё 1 чэрвеня — гэта дзень абароны дзяцей, а таму свята было для іх: асноўныя мерапрыемствы ладзіліся для дзяцей у Швейцарскай даліне.
Свята арганізавала Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага, гарвыканкам, аблвыканкам, ГрДУ імя Я. Купалы ды праект “Жывая гісторыя”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі